Куклы-обереги сопровождали человека на протяжении всей жизни

Ад хваробы, засухі і не толькі


Нашы продкі надавалі лялькам-абярэгам вельмі важнае значэнне і выраблялі іх амаль да кожнай больш-менш значнай падзеі — да нараджэння дзіцяці, вяселля, падарожжа і іншых. Большасць абярэгаў людзі майстравалі выключна для сябе або сваіх блізкіх. За выраб сядалі, як правіла, на маладзік і абавязкова з добрым настроем.

Лялькам ніколі не малявалі твар. Лічылася, што такім чынам ім можна было перадаць душу, якая магла ўвабраць дрэнныя думкі чалавека і замест дабра прынесці шкоду. Убіралі лялек на ўласны густ. Часта выкарыстоўвалі тканіну са старых сукенак, спадніц і гэтак далей. Адзінае патрабаванне да вопраткі — у ёй абавязкова павінен быў прысутнічаць чырвоны колер. А вось форма лялькі і яе пэўныя атрыбуты залежалі ад яе прызначэння.

Да прыкладу, «Вербніцу» абавязкова выраблялі з галінкай вярбы, якая ўвасабляла рост, размнажэнне і ўрадлівасць. Бабулі часта дарылі ўнукам такую ляльку разам з велікодным яйкам. «Вяснянку» майстравалі яркай, з валасамі незвычайнага колеру і, як правіла, на прыход вясны. Лялька лічылася абярэгам маладосці і прыгажосці. «Берагіня» абавязкова трымала ў руках вузельчык, напоўнены семкамі сланечніка. Нашы продкі верылі, што семкі нясуць у дом энергію сонца і ўрадлівасці. «Крупенічка» хавала ў сваім целе зерне, а «Скарбонка-траўніца» была напоўнена лекавымі травамі. Гэта лялька лічылася абаронцай ад злых духаў і хвароб. «Скарбонку-траўніцу» падвешвалі над калыскай, давалі гуляць дзецям, ставілі каля ложка хворага.

Цікавая функцыя была ў «Сухавеі». Яе майстравалі, калі здаралася засуха. Выстаўлялі ў двары кожны дзень на працягу тыдня. І штодзень прывязвалі да лялькі па льняному абрэзку. Калі на працягу сямі дзён не ішоў дождж, на восьмы прывязвалі вядзёрачкі, і, як правіла, з неба пачынала ліць.

mila@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter