Віцебск чакае танцораў з розных куткоў свету

Ад кадрыліда фламенка

Віцебск чакае танцораў з розных куткоў свету.

За дваццаць гадоў існавання Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які пройдзе сёлета з 22 па 27 лістапада, справядліва заслужыў права звацца святам мастацтва, танца, маладосці, талентаў, творчасці і эксперыментаў. Традыцыйна ў праграме форуму толькі самае свежае і хітовае.


Фото БелТА

Распачнецца фестываль у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску — гледачы ўбачаць прэм’еру балета “Жызэль” у пастаноўцы вядомага ўкраінскага харэографа Раду Паклітару і ў выкананні калектыву “Кіеў Мадэрн-Балет”.

На радасць віцебскім жыхарам гэты ж балет можна будзе паглядзець на наступны дзень, 23 лістапада, на ўрачыстым адкрыцці IFMC-2016 у горадзе на Дзвіне. Адразу ж пасля адкрыцця адбудзецца традыцыйнае party для ўдзельнікаў фестывалю. Цікава, што сёлетняя вечарына будзе аформлена ў беларускім стылі, а яе разынкай стане майстар-клас па вывучэнні беларускай кадрылі.

Асноўнай падзеяй фестывалю стане міжнародны конкурс сучаснай харэаграфіі, у якім прыме ўдзел больш за 30 калектываў з еўрапейскіх краін і Кітая. Ацэньваць танцораў будзе прафесійнае журы на чале з вядомым балетмайстрам, прафесарам Пекінскага харэаграфічнага інстытута Сяо Сухуа. Насычанай будзе і гасцявая праграма фестывалю — скрозь сусветныя хіты і прэм’еры ад танцавальных кампаній з Беларусі, Нарвегіі, Расіі, Украіны, Чэхіі, Францыі. Таксама запланаваны выставы, інтэрактыўныя лекцыі, майстар-класы вядомых танцораў і харэографаў, у тым ліку членаў журы, напрыклад, вядомай іспанскай танцоркі фламенка Евы Ербабуэны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter