Магілёўскі абласны краязнаўчы музей атрымаў стралковыя шчыты Першай сусветнай вайны

Ад герояў былых часоў

Такіх экспанатаў, адзначыла старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Аляксандра Буракова, ні яна, ні яе калегі яшчэ не бачылі. Стралковыя шчыты Першай сусветнай вайны перадаў фондам капітан ІІІ рангу Уладзімір Руды. Гэты ваенны атрыбут магіляўчанін знайшоў у час службы ў ВМФ Расіі непадалёк ад Мурманска. 

Старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Аляксандра БУРАКОВА: «Такіх стралковых шчытоў у Беларусі — адзінкі».

— Два з іх — рускія, адзін — нямецкі, — удакладняе Аляксандра Буракова. — Усе даволі цяжкія — са сталі. Аднак зроблены так, што іх можна перанесці, пераставіць з месца на месца. Для воінаў перадавых часцей шчыты былі асноўнай абаронай: пры неабходнасці іх ставілі зверху акопаў ці проста на зямлі. Ёсць там і спецыяльная адтуліна — для вінтоўкі. 

Першыя такія шчыты, адзначае гісторык, з’явіліся яшчэ ў час Руска-японскай вайны. Потым іх удасканалілі, і яны занялі трывалыя пазіцыі ўжо на франтах Першай сусветнай. Попыт з абодвух бакоў на іх быў і ў Вялікую Айчынную. 

Верагодна, такія шчыты маглі застацца пасля баёў і ў Беларусі. Але месцы тут густанаселеныя, таму ваенны рэквізіт мог спатрэбіцца сялянам у гаспадарцы, напрыклад у якасці засланкі для печы. У Мурманскай жа вобласці на многа кіламетраў жывой душы не сустрэнеш. Да таго ж глеба камяністая, таму, лічыць Уладзімір Руды, ваенныя рэліквіі і захаваліся. 

Уладзiмiр РУДЫ.

Першую з іх афіцэр-падводнік убачыў па дарозе да рэчкі Заходняя Ліца, дзе хацеў павудзіць рыбу. Потым шукаць пачаў ужо свядома. «Лінія фронту семдзесят гадоў таму праходзіла непадалёк ад месца дыслакацыі нашага гарнізона, і слядоў апошняя вайна на Поўначы аставіла нямала», — пошукавай работай пад Мурманскам, адзначыў Руды, займаліся многія афіцэры. Ён таксама не выключэнне: аддаваў гэтай справе большую частку вольнага часу. Аднойчы, успамінае, у балотах Запаляр’я знайшлі абломкі баявога самалёта. У камбінезоне загінуўшага лётчыка захаваліся партбілет, фотакарткі, пропуск на аэрадром. З іх стала вядома імя героя — камандзіра эскадрыллі авіяпалка Паўночнага флоту капітана Валянціна Агейчыкава, які з 1943-га лічыўся прапаўшым без весткі.

Мала хто ведае, што на савецкай Поўначы вораг нават пабудаваў канатную дарогу даўжынёй каля трыццаці кіламетраў — разлічваў замацавацца тут надоўга. Па канатцы, ад якой сёння засталіся толькі высачэзныя слупы, немцы дастаўлялі правіянт, вопратку ці зброю. Дарэчы, фашысцкія схованкі паблізу знаходзяць і зараз. Самыя смелыя не баяцца нават спрабаваць тушонку, вырабленую ў пачатку саракавых, ці выпіць каньяку прыблізна тых жа гадоў выпуску. 

Уладзімір Мікалаевіч прызнаецца: гісторыяй пачаў цікавіцца з дзяцінства. А як яе абмінеш, калі, лічы, пад нагамі знаходзіш нешта незвычайнае: яшчэ школьнікам на беразе Дняпра «адкапаў» сярэбраную манету 1908 года. І гузік — ваенна-марскі, зноў нямецкі, з гравіроўкай: «1939 год». «Як, цікава, ён сюды трапіў, калі рэчка была несудаходнай? Мо ўсё ж такі нейкае германскае судна ў Вялікую Айчынную ў Магілёве і прышвартавалася?» — гэта, адзначае афіцэр, і зараз для яго загадка. 

Без перабольшання можна сказаць: капітан ІІІ рангу за бездакорную трыццацігадовую службу і сам запісаў у гісторыю Ваенна-марскога флоту Савецкага Саюза і Расіі асабісты радок. Субмарына-гігант «Акула», на якой нёс баявую вахту, па сутнасці, таксама была своеасаблівым шчытом, толькі ядзерным, і засланяла ўсю вялікую краіну. Паходы часам доўжыліся па тры-чатыры месяцы. Адсутнасць няштатных сітуацый, якая гарантуе бяспеку мільёнам людзей, — самы лепшы вынік такіх экспедыцый, падкрэсліў Уладзімір Руды.

Святлана МАРКАВА

svet.markova@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter