Ад фальклору да рок-н-рола

Творчае натхненне можа прыходзіць у любую пару года, асабліва ж часта сэрца спявае ўвесну. І сёння мы згадаем некаторыя тэрміны, звязаныя з музычным мастацтвам
Творчае натхненне можа прыходзіць у любую пару года, асабліва ж часта сэрца спявае ўвесну. І сёння мы згадаем некаторыя тэрміны, звязаныя з музычным мастацтвам. А дакладней – іх канчаткі ў родным склоне. Як правільна: метала або металу, рок-н-рола або рок-н-ролу, фальклора ці фальклору?
Ёсць словы, што азначаюць паняцці з розных сфер жыцця, аднак пішуцца і вымаўляюцца яны аднолькава. Гэта амонімы. Пры скланенні вельмі часта такія словы набываюць розныя канчаткі.
Возьмем, напрыклад, назоўнік метал, што абазначае хімічнае простае рэчыва, трывалы матэрыял. Як і іншыя “рэчыўныя словы”, у родным склоне ён набывае канчатак –у. Напрыклад, выраб з каштоўнага металу. Адзін з напрамкаў сучаснай цяжкай музыкі таксама называецца металам. Аднак для яго ў родным склоне характэрны канчатак –а. Значыць, метала, рок-н-рола, тое ж датычыцца і найменняў іншых музычных стыляў. Зборны ж назоўнік фальклор, як і іншыя падобныя словы, мае ў родным склоне канчатак –у: скарбы беларускага фальклору.
З назоўнікам гук падобная, хоць і не ідэнтычная, сітуацыя. Калі маюцца на ўвазе ваганні паветра, якія мы ўспрымаем слыхам, калі размова пра фізічны і музычны тэрмін, то ў родным склоне правільны канчатак –у: скорасць гуку, тэорыя гуку. Аднак у значэнні ‘найменшы членараздзельны элемент чалавечай мовы’ назоўнік гук набывае ў родным склоне канчатак –а: галоснага або зычнага гука.
Будзьце ўважлівыя да слова і разважліва карыстайцеся моўным багаццем!

Вераніка Бандаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter