Ад эпохі Візантыі да сучаснасці

Убачыць карціну Хаіма Суціна за амаль два мільёны долараў, адзіны ў краіне арыгінал Валенція Ваньковіча і кнігу Сімяона Полацкага 1667 года можна на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”

Убачыць карціну Хаіма Суціна за амаль два мільёны долараў, адзіны ў краіне арыгінал Валенція Ваньковіча і кнігу Сімяона Полацкага 1667 года можна на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”

Нацыянальны мастацкі музей нагадвае ў гэтыя дні вялізную энцыклапедыю па гісторыі беларускага мастацтва, дзе што ні старонка — новая эпоха, стыль, асоба. Арганізатарам грандыёзнага і ўнікальнага па сваёй сутнасці праекта — ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “Газпром трансгаз Беларусь”, Міністэрству культуры і Нацыянальнаму мастацкаму музею — удалося пад адным дахам на плошчы 800 квадратных метраў сабраць дзесяць стагоддзяў айчыннага мастацтва.

Падобнага ў краіне яшчэ не было. Экспазіцыя выставы, над якой працавалі дзевяць месяцаў, аб’яднала каля 500 прадметаў з часоў Візантыі да сучаснасці з 29 музеяў рэспублікі, карпаратыўных фондаў і прыватных калекцый. Ды якіх прадметаў! Цікавасць уяўляюць працы не толькі з запаснікаў галоўнага Нацыянальнага мастацкага музея, да прыкладу, партрэт народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюты, намаляваны яе бацькам Міхаілам Станютам, але і з рэгіянальных захавальнікаў скарбаў. З Маладзечна прывезлі слуцкі пояс і залатую падвеску XII стагоддзя, з Магілёва — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, з Пінска — карону для Торы XVIII—XIX стагоддзяў.

Сапраўднымі дыяментамі выставы сталі працы, набытыя нядаўна Белгазпрамбанкам, які ўжо на працягу некалькіх гадоў вяртае на радзіму творы мастакоў, што нарадзіліся ў Беларусі і здабылі сусветную славу. Сярод такіх здабыткаў — “Партрэт паэта Тамаша Зана” Валенція Ваньковіча. Нягледзячы на тое, што ў краіне ўжо трынаццаць гадоў дзейнічае філіял Нацыянальнага мастацкага музея “Дом Ваньковічаў”, а летась была адрэстаўравана былая сядзіба роду Ваньковічаў, гэтая карціна — адзіны арыгінал жывапісца, вернуты на радзіму. У беларусаў з’явілася магчымасць таксама ўпершыню пазнаёміцца з кнігай Сімяона Полацкага “Жазло праўлення” 1667 года выдання, дзвюма карцінамі вядомага на ўвесь свет беларускага мастака Марка Шагала, створанымі ў перыяд росквіту яго творчасці, і карцінай яшчэ аднаго нашага знакамітага суайчынніка Хаіма Суціна.

Дарэчы, партрэт “Ева” Хаіма Суціна — самы дарагі экспанат на выставе і самы каштоўны мастацкі твор у Беларусі. Карціна была куплена на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку за 1 мільён 860 тысяч долараў. Гэта ўжо другая карціна, якую Белгазпрамбанк вяртае на гістарычную радзіму мастака — у 2012-м ім была набыта праца “Вялікія лугі ў Шартры”.

Амаль кожны экспанат на выставе — сапраўднае адкрыццё, таму аповед пра яго абавязкова ўтрымлівае слова “ўпершыню”. Так, упершыню, праўда, толькі на адзін дзень, з Полацка ў Мінск прывезлі абноўленую копію Крыжа Прападобнай Еўфрасінні. Майстар Мікалай Кузьміч, які ўзнавіў яго, максімальна наблізіў дэталі рэліквіі да арыгінала, што знік у 1941 годзе. Святыня была выстаўлена ў музеі ўчора, у першы дзень працы экспазіцыі, пасля чаго яе вярнулі на тэрыторыю Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Цікавасць уяўляюць не толькі экспанаты, але і дызайн выставы. Над афармленнем арт-праекта “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, які заняў аж два паверхі музея, уключаючы вестыбюль і галерэю, працавалі спецыялісты з Беларусі, Літвы і Расіі. Той, хто наведае выставу, проста не пазнае музей і, вядома, здзівіцца, наколькі ж багатыя нашы гісторыя і культура.

 Даведка “НГ”

Наведаць выставу “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” можна з 11 да 19 гадзін да 10 ліпеня ўключна. Кошт білетаў для дарослых — 30 тысяч рублёў, для навучэнцаў і студэнтаў — 15 тысяч. Кожны наведвальнік разам з білетам атрымлівае бясплатны буклет з планам экспазіцыі і яе апісаннем. Для тых, хто захоча атрымаць яшчэ больш інфармацыі, — аўдыягід на рускай, беларускай і англійскай мовах коштам 20 тысяч рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter