Ад двух да шасці

Новы дзіцячы сад у Салігорску прыняў сваіх першых выхаванцаў

Новы дзіцячы сад на 230 месцаў у Салігорску прыняў сваіх першых выхаванцаў

Сёлета на Міншчыне колькасць дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў павялічылася на тры тысячы. Адпаведна, гэтая добрая тэндэнцыя патрабуе і новых навучальных устаноў, дзе дзеткі маглі б атрымаць усё неабходнае для паўнавартаснага догляду і выхавання.

У ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на 2009—2014 гады на Міншчыне адкрыта пяць дзіцячых садоў, многія будынкі, якія не выкарыстоўваліся раней, рэканструяваны і таксама ўведзены ў эксплуатацыю. Апошні прыклад — садок з прыбудовай у Мар’інай Горцы.

І вось да кастрычніцкіх свят дзеткі і іх бацькі з Салігорска атрымалі чарговы цудоўны падарунак — збылася іх мара. Дарэчы, і назвалі садок адпаведна — «Мара». Дашкольная ўстанова будзе працаваць у складзе вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад-сярэдняя школа г. Салігорска». Дарэчы, новая школа была здадзена да пачатку навучальнага года, а вось зараз, літаральна праз два месяцы, адкрыўся і садок. Увогуле, увесь комплекс пабудаваны ў рэкордна сціслы тэрмін — менш чым за год.

Узведзены комплекс намаганнямі будтрэста № 3, школа каштавала 150 млрд. рублёў, дзіцячы сад — 70 млрд. рублёў. Безумоўна, гэта ў вышэйшай ступені апраўданыя інвестыцыі ў будучае здаровае грамадства.

Дзіцячы садок цудоўна абсталяваны, там ёсць басейн, камп’ютарна-гульнёвыя пакоі, музычныя залы, пакоі з падаграваемымі падлогамі. 24 выхавацелі будуць працаваць з дванаццаццю групамі дзетак ад двух да шасці гадоў.

Станоўчая дынаміка павелічэння колькасці дзяцей у дашкольных установах патрабуе ад дарослых дзейнічаць хутчэй. Плануецца, што да канца бягучага года будзе здадзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін дзетсад у Слуцку, завяршаецца будаўніцтва і ў Смалявічах. А ў пасёлку Лясны ў Мінскім раёне таксама хутка будзе ўведзены садзік за кошт сродкаў прыватнага інвестара.

Зараз на Міншчыне працуе каля 700 дзіцячых дашкольных устаноў, яны добра абсталяваны, маюць усё неабходнае для развіцця і выхавання дзяцей.

На здымку: Iван i Наталля АРЛУКЕВIЧ з дачуркай Верай.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter