Ад добрай думкі і настрой паляпшаецца

У мітусні паўсядзённасці мы нярэдка губляем уменне азірнуцца...

У мітусні паўсядзённасці мы нярэдка губляем уменне азірнуцца навокал і парадавацца: сонечнаму надвор’ю, скрыпучаму снегу і моцнаму марозу, ад якога крыху адвыклі за мінулую цёплую зіму...

Іду па знаёмай вуліцы і прыкмячаю, якія прыгожыя цяпер дрэвы — нібыта нерукатворная графіка на фоне блакітнага неба! Мастакам на зайздрасць і на натхненне.

А вось прыкмета добрага чалавека, які жыве недзе непадалёку: кармушка для птушак на прыцярушаным лёгкім інеем кусце бэзу. Сінічкі і вераб’і, здаецца, ніколькі не пужаюцца гарадскога шуму. Яно й зразумела: як кажуць, голад не цётка. Узнімаю галаву і бачу яшчэ адну птушыную сталоўку на балконе. Мілая задуменная бабуля падкормлівае галубоў. Рэшткі крупяной кашы пасля дастаюцца і варонам.

Разважаю: «А я сёння аўсянку, што засталася ад учарашняга сняданка, выкінула… Не па-гаспадарску. Можна было б таксама сінічак парадаваць».

Ад добрай думкі і настрой паляпшаецца. Успамінаю народную прыказку: «Сонца — на лета, зіма — на мароз». Каляндарнай вясны чакаць засталося не доўга. І ўсё ж. Птушкам абавязкова трэба дапамагчы! Гэта ж менавіта яны першымі абвяшчаюць сваімі спевамі пра надыход цёплых дзянькоў.

Ад рэдакцыi

Дзякуем Веры Ігнатаўне за такі шчыры ліст і спадзяёмся, што сярод чытачоў нашай газеты знойдзецца яшчэ нямала ўважлівых, удумлівых і натхнёных аўтараў. Пішыце новыя пісьмы ў «Р».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter