Ад Арзамаса да Херсанеса

У Мінску выдадзена цікавая філакартычная кніга Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пяфціева. Яе галоўны герой — святы роўнаапостальны князь Уладзімір
У Мінску выдадзена цікавая філакартычная кніга Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пяфціева. Яе галоўны герой — святы роўнаапостальны князь Уладзімір.


Упершыню ў адным альбоме сабрана такая вялікая коль­касць старадаўніх фотаздымкаў праваслаўных сабораў і цэркваў, збудаваных у імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

Шмат у чым канцэпцыю выдання вызначае эпіграф да гістарычна-дакументальнага аповеду: “Ёць мера дзяржаўнага служэння народу, за якой яно само па сабе пераходзіць у подз­віг святасці”. Словы гэтыя належаць расійскаму пісьменніку, обер-сакратару Святога Сінода Стэфану Рыгоравічу Рункевічу (1867-1924), які нарадзіўся, дарэчы, у сям’і пратаірэя Мінскай епархіі. Так, роўнаапостальным князя лічылі ўжо кніжнікі Старажытнай Русі. Менавіта яны прыраўнялі Хрышчэнне Русі Уладзімірам да подзвігу апосталаў, якія зацвердзілі Хрыстову веру ў жыцці многіх народаў. Аўтары не ставяць перад сабою задачу разбірацца ва ўсіх дэталях або спрэчных месцах біяграфіі святога князя. Даследчыкі з дапамогай багатага ілюстрацыйнага матэрыялу робяць спробу “абазначыць асноўныя вехі жыццёвага шляху хрысціцеля Русі ў адпаведнасці з поглядам, які склаўся ў сучаснай гістарыяграфіі”.

Змест, структуру кнігі перадаюць ужо самі назвы раздзелаў аповеду: “Святы роўнаапостальны князь Уладзімір”, “Царкоўнае шанаванне Святога Уладзіміра”, “Храмы ў імя святога Уладзіміра”, “Ордэн Святога Уладзіміра”, “Помнікі”, “Храмы на паштоўках і фатаграфіях канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў”, “У памяці нашчадкаў”. Аўтараў даследавання прыцягваюць многія вартыя ўвагі рысы хрысціцеля Русі.

“Геаграфія” звароту да вобраза Уладзіміра Святаслававіча, пералік месцаў, звязаных з яго іменем, вельмі шырокія: ад Арзамаса да Херсанеса. Арзамаская царква Уладзімірскай Божай Маці была ўзведзена ў 1801 годзе, захавалася да нашых дзён: адрэстаўравана і дзейнічае дагэтуль. Пра гэты храм расказваюць старыя паштоўкі пачатку XX стагоддзя. Гартаючы старонкі альбома, можна падарожнічаць па “месцах Святога Уладзіміра” ў Расіі, Польшчы, Украіне, Беларусі, Латвіі, Літве… Вядома ж, самымі цікавымі і ўражлівымі з’яўляюцца маскоўская і санкт-пецярбургская філакартычныя экскурсіі. А паштоўкі, што вяртаюць у Херсанес, нагадваюць пра даўнюю сакральную гісторыю. У 1827 годзе пры абследаванні руін Херсанеса былі выяўлены рэшткі царквы, у якой, згодна з летапісам, хрысцілі князя Уладзіміра. На тым месцы ў 1850 годзе быў заснаваны мужчынскі манастыр у імя святога Уладзіміра, а праз тры гады там з’явіўся першы сціплы храм. У хуткім часе, падчас Крымскай вайны 1853 — 1856 гг., Херсанес быў заняты праціўнікам, а манастыр разбураны. Аднавілі яго пасля адыходу непрыяцеля. У пачатку XX стагоддзя ў манастыры акрамя галоўнага храма былі яшчэ дзве сціплыя царквы. Манастыр закрылі ў 1915 годзе. Частка яго памяшканняў захавалася і занята аддзеламі Херсанескага музея.

Філакартычны, гістарычна-дакументальны аповед пра Святога Уладзіміра — працяг творчага праекта “У пошуках страчанага”, пачатак якому палажылі публікацыі рэпрадукцый старых паштовак на старонках газеты “СБ. Беларусь сегодня” (“Советская Белоруссия”). Следам за старонкамі “энцыклапедыі паштовак” да чытача прыйшло 18 кніг. Многія з іх выпушчаны ў Выдавецкім доме “Звязда”. Альбом “Святы роўнаапостальны князь Уладзімір” — дастойны працяг праекта “У пошуках страчанага”.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter