Ачышчэнне памяці

27 красавіка адбудзецца кананізацыя — урачыстае абвяшчэнне святымі — Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.

27 красавіка адбудзецца кананізацыя — урачыстае абвяшчэнне святымі — Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Асабліва беларусам блізкая постаць Рымскага Папы Яна Паўла ІІ. Адной са знакамітых падзей яго пантыфікату было перапрашэнне за грахі тых, хто належыць да Касцёла.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Падчас урачыстай Імшы 12 сакавіка 2000 года Ян Павел ІІ прасіў Бога аб прабачэнні былых і сённяшніх грахоў вернікаў. Гэта быў беспрэцэдэнтны крок. “Прабачаем і просім аб прабачэнні!” — такім быў заклік пантыфіка. У 1994 годзе ў апостальскім лісце аб падрыхтоўцы да Вялікага Юбілею Папа пісаў: “Касцёл не можа пераступіць парог новага тысячагоддзя без схілення сваіх сыноў да ачышчэння пакаяннем у памылках, нявернасці, непаслядоўнасці і невыкананні абавязкаў. Прызнанне слабасці ўчорашняга дня — гэта акт лаяльнасці і адвагі, які дапамагае нам умацаваць нашу веру, абуджае пільнасць і гатоўнасць супрацьстаяць спакусам і цяжкасцям”.

Хрыстовы Касцёл, хоць сам па сабе святы, аднак складаецца з грэшных людзей. Грэх кожнага хрысціяніна шкодзіць не толькі яму самому, але і ўсёй супольнасці вернікаў. Вызнаючы правіны, Папа звярнуў увагу на тое, што хрысціяне ўсіх часоў нясуць адказнасць за грахі сваіх продкаў. Такая адказнасць абапіраецца на пачуцці еднасці з тымі, хто “носіць імя хрысціяніна”.

Прабачаючы і просячы аб прабачэнні, чалавек адчувае свабоду і пачынае заўважаць тыя магчымасці, якія дае яму жыццё. Ланцугі мінулага спадаюць, вузлы развязваюцца. Уменне прызнаць праўду пра сябе, часам балючую, вызваляе, дапамагае заўважыць боль і драму граху іншага чалавека, прыйсці з дапамогай, а не асуджэннем. Гэта асабліва важна ў нашыя часы лёгкага доступу да інфармацыі, калі свядомасць чалавека часта падпадае пад маніпуляцыі. Калі нашае ўяўленне пра людзей базуецца толькі на загалоўках інтэрнэту і кароткіх рэпартажах, то яно ў большасці сваёй будзе памылковым.

Асаблівым перыядам пакаяння ў сваіх грахах з’яўляецца час Вялікага посту, які такім чынам рыхтуе нас да Вялікадня. Чалавек, хочучы прынесці плод пакаяння ў сваім жыцці, запрошаны самому сабе сказаць: “Я грэшнік”, вызнаць, у чым канкрэтна гэтая грэшнаць праяўляецца, і змяніць той лад жыцця, які ён вёў раней.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter