«Абяцанні чужых – што журавы ў небе»
02.12.2010 18:37:18
Кандыдаты ў Прэзідэнты чамусьці агітуюць выбаршчыкаў пераважна з тэлеэкранаў і радыёкропак. Карэспандэнт рэдакцыі атрымаў заданне пацікавіцца ў сяльчан: чаму яны не ідуць у народ і ці задавальняе такая размова людзей з глыбінкі?
“Калі вас паб’юць, бяжыце ў ФАП”
Сёмая гадзіна раніцы. У вокнах амаль паўсюдна гарыць святло. Вёска прачнулася. Выбіраю крайнюю хату. На пачатку вуліцы, пад нумарам адзін.
Дзверы прыадчынены. На парозе гаспадар. Ён з вёдрамі ў руках.
— Каго гэта ў такую рань прывяло да нас? — замест прывітання пытаецца мужчына. — Камусьці дрэнна стала?
— Чаму вы так думаеце? Нікому не кепска. Я — карэспандэнт, у вас хачу распытаць, як вам жывецца тут, у глыбінцы.
— Выбачайце. Я падумаў, што ні свет ні зара пацыент да маёй Мікалаеўны. Яна ж — фельчар. І мясцовыя, і прыезджыя звяртаюцца.
Пазнаёміліся. Гаспадары прапанавалі гарбаты. А самі працягвалі завіхацца па гаспадарцы.
— Хацеў бы разам з вамі паслухаць па радыё выступленне кандыдатаў у Прэзідэнты, абмеркаваць. Якраз у гэты час, з шасці да сямі раніцы, яны са сваімі праграмамі знаёмяць.
— Ведаем. Але ж жывёлу трэба карміць. Мікалаеўне хутка на працу. А мы і паслухаем, і абмяркуем.
— А што тут абмяркоўваць?! Усё і так зразумела. Выбары адбудуцца. Людзі аддадуць свае галасы за Лукашэнку, — уступае ў гамонку гаспадыня.
— Дык кандыдатаў ажно дзесяць! Ёсць магчымасць выбіраць...
— Мяне вылучылі ў склад выбарчай участковай камісіі. І людзей я добра ведаю. Усе — за Лукашэнку. А будзеце агітаваць за кагосьці іншага, то і пабіць могуць. Ніхто з кандыдатаў да нас і носа не паказаў. Чужыя яны для нас. Іх абяцанні — што журавы ў небе.
“А хто за паэта будзе галасаваць? Вершы яго, можа, і цудоўныя, ды толькі імі эканоміку не змайструеш”, — так мяркуе Пятровіч.
“На мітынг? Працаваць трэба!”
ВАДЗІМ БУРЫМСКІ — механізатар. Перадавік. Новы трактар атрымаў —задаволены. І на заробкі не скардзіцца — у сярэднім паўтара-два мільёны.
— Значыць, і ў гаспадарцы, і ў краіне мяняць нічога не трэба?
— Яшчэ як трэба! Трактарыстаў у нас мо чалавек дваццаць. А асноўную работу робяць тры-чатыры: Валодзя Смольскі, Саша Мацюшонак ды Сяргей Вікторчык. Бо ў чарку не заглядваюць. Канешне, мне асабліва часу няма, каб толькі пра вялікую палітыку думаць. Я думаю больш пра сваіх дзяцей. Каб ім добра было. А добра будзе, калі я пастараюся, кіраўніцтва гаспадаркі і, безумоўна, краіны. Мяркую, без Расіі цяжка нашай эканоміцы трымацца на плыву. Па тэлевізары некаторыя кандыдаты заклікаюць ехаць у Мінск, мітынгаваць. А чаму ж самі да нас ні адзін не прыехаў? Я б яму ў вочы контраргумент выказаў бы. Дачка ў мяне, Дар’я, выдатніца і вялікія схільнасці да музыкі мае. Скрыпку купілі. Падабаецца. Два разы на тыдзень трэба ў Беразіно вазіць. Ні часу, ні сродкаў не хапае. А мяне заклікаюць ехаць на мітынг. Дык гэта ж быццам здзек які! Лепш дапамажы мне дзіцяці дарогу ў жыццё прабіць. Што мне па тэлевізары наабяцаюць, я праз гадзіну забуду. Бо працаваць трэба. Падмарозіла, арганіку самы час на палі вывозіць.
“Запрашаю кандыдата ў старую хату”
СЯМ’Я Сяргея Вікторчыка нядаўна пераехала ў новы катэдж. Трое дзяцей не нарадуюцца — цёпла, утульна, не тое што ў былой, старой, хаце.
— Я і палітычна, так сказаць, не цёмны чалавек. Хоць, сапраўды, даводзіцца выкладвацца на працы з раніцы да вечара, але цікаўлюся: хто з кандыдатаў нешта больш рацыянальнае прапануе? Паслухаў эканаміста. Дык што ён вярзе? Быццам трэба напачатку вытворчасць развіваць, а потым аграгарадкі будаваць. Старая хата яшчэ стаіць, запрашаю, прыязджай і жыві, калі ты такі разумны і клапатлівы. Бясплатна жыві.
“Чатыры “ходкі” маю, кіраўніка краіны не папракаю”
МАЛАДОГА мужчыну завуць Гена (прозвішча прасіў не ўпамінаць). Нядаўна вярнуўся з месцаў заключэння. Працуе начным вартаўніком на ферме. Пятнаццаць працэнтаў заробку выплочвае ў даход дзяржавы. Нібы прадбачачы маё пытанне, кажа:
— Нікога не вінавачу, акрамя сябе. Крыўдна было, калі я пакатаўся на матацыкле, праўда, чужым, а мне ўгон прыпаялі. Тры гады агульнага рэжыму. Потым на трактары праехаў (зноў на чужым. — Аўт.), перакуліўся. То ў бойку ўлез. Так чатыры разы за краты трапляў. Бо артыкулы крымінальнага заканадаўства суровыя. І пры Лукашэнку яны сталі больш жорсткія. Перад выбарамі вось думаю: а калі іншы чалавек стане Прэзідэнтам, можа, законы больш гуманныя стануць? Потым думаю, а каму ад гэтага лепш будзе? Ні мне, як кажуць, ні людзям. Бо зноў жа я, ці такія, як я, спакусяцца на якую драбязу, сабе і іншым лёс зломяць. А калі пачуў ад аднаго з кандыдатаў, што КДБ і ўвогуле ўсіх сілавікоў разгоніць, то з асабістага горкага вопыту ведаю: да дабра такі шлях не давядзе.
“Я Прэзідэнта, во як вас, блізка бачыў”
ГЭТА Уладзімір Назараў, рабочы Сялібскай агульнаадукацыйнай школы падзяліўся сваімі ўспамінамі. У райцэнтры ўрачыста адзначалі важную падзею — газіфікацыю Беразіно і бліжэйшых населеных пунктаў. Людзі паўсюль тольк і і казалі: “Сам Прэзідэнт Лукашэнка будзе прымаць работу”. Як не паехаць. Тым больш што пасля арміі Уладзімір вельмі хацеў патрапіць у спецыяльнае падраздзяленне, якое забяспечвае асабістую ахову Прэзідэнта. Гады, кажа, былі ліхія. Цяжка тады было лідэру дзяржавы ўтрымаць парадак і нават небяспечна для асабістага жыцця.
— А кандыдаты, што прэтэндуюць на пост кіраўніка дзяржавы, на нас толькі як на нежывую “адзінку голаса” глядзяць. Ніводзін, збіраючы подпісы ў сваю падтрымку, у нашу глыбінку нават і не зазірнуў.
— Мае тата і мама толькі за Аляксандра Рыгоравіча будуць галасаваць, бо і мы, дзеці, якія не маюць права прымаць удзел у выбарах, таго ж жадаем, — з запалам уступае ў размову дачка Каця, школьніца.
І тут я пачуў цікавую гісторыю. Каця, калі была зусім маленькая, аднойчы ўбачыла па тэлевізары Прэзідэнта і ўсклікнула: “Папа!”. І як потым дзіцяці не тлумачылі, што папа толькі адзін, яна ўсё роўна настойвала на сваім. Шкадавала яго. Калі ела штосьці, то падносіла да экрана і казала: “Паеш, папа, бо ў тэлевізары цябе ніхто не пакорміць”. А калі дзяўчынцы годзікаў пяць споўнілася, а яе ніяк не маглі адвучыць ад бутэлькі з соскай — плача наўзрыд і ўсё тут! — дзіўная рэакцыя адбылася. Дзядуля Барыс Сафронавіч прыдумаў улоўку: дай, кажа, унучка бутэлечку, я ў Мінск паеду і адвязу яе папу Лукашэнку. Дзіва і толькі! Павагалася дзіця з хвілінку і аддала сваю самую вялікую каштоўнасць.
Уладзімір СТРЭЛЬСКІ, “БН”
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір НАЗАРАЎ з дачкой Кацяй і сынам Іванам. І дзяцей цікавяць не толькі мульцікі, хоць да вялікай палітыкі яшчэ не дараслі.
Фота аўтара