«Абяцанні чужых – што журавы ў небе»

Кандыдаты ў Прэзідэнты чамусьці агітуюць выбаршчыкаў пераважна з тэлеэкранаў і радыёкропак. Карэспандэнт рэдакцыі атрымаў заданне пацікавіцца ў сяльчан: чаму яны не ідуць у народ і ці задавальняе такая размова людзей з глыбінкі?

“Калі вас паб’юць, бяжыце ў ФАП”

БЯРЭЗІНСКІ раён. Вёска Сяліба. Суседняя — за пяць-шэсць кіламетраў, ужо на тэрыторыі Магілёўшчыны.

Сёмая гадзіна раніцы. У вокнах амаль паўсюдна гарыць святло. Вёска прачнулася. Выбіраю крайнюю хату. На пачатку вуліцы, пад нумарам адзін.

Дзверы прыадчынены. На парозе гаспадар. Ён з вёдрамі ў руках.

— Каго гэта ў такую рань прывяло да нас? — замест прывітання пытаецца мужчына. — Камусьці дрэнна стала?

— Чаму вы так думаеце? Нікому не кепска. Я — карэспандэнт, у вас хачу распытаць, як вам жывецца тут, у глыбінцы.

— Выбачайце. Я падумаў, што ні свет ні зара пацыент да маёй Мікалаеўны. Яна ж — фельчар. І мясцовыя, і прыезджыя звяртаюцца.

Пазнаёміліся. Гаспадары прапанавалі гарбаты. А самі працягвалі завіхацца па гаспадарцы.

— Хацеў бы разам з вамі паслухаць па радыё выступленне кандыдатаў у Прэзідэнты, абмеркаваць. Якраз у гэты час, з шасці да сямі раніцы, яны са сваімі праграмамі знаёмяць.

— Ведаем. Але ж жывёлу трэба карміць. Мікалаеўне хутка на працу. А мы і паслухаем, і абмяркуем.

— А што тут абмяркоўваць?! Усё і так зразумела. Выбары адбудуцца. Людзі аддадуць свае галасы за Лукашэнку, — уступае ў гамонку гаспадыня.

— Дык кандыдатаў ажно дзесяць! Ёсць магчымасць выбіраць...

— Мяне вылучылі ў склад выбарчай участковай камісіі. І людзей я добра ведаю. Усе — за Лукашэнку. А будзеце агітаваць за кагосьці іншага, то і пабіць могуць. Ніхто з кандыдатаў да нас і носа не паказаў. Чужыя яны для нас. Іх абяцанні — што журавы ў небе.

Леанід Мезян, ці проста Пятровіч, як сам прадставіўся — пенсіянер. Працаваў інжынерам, галоўным інжынерам былога калгаса імя Ільіча, на базе якога зараз створаны сельскагаспадарчы кааператыў “Месціна”. Да палітыкі цікавасць не прапала. Думкі, праўда, прызнаецца, замыкаюцца на пенсіі. Каб своечасова выплочвалі. Крыўдна, што маладыя кіраўнікі ў кругавароце спраў не знаходзяць часу, каб пацікавіцца жыццём-быццём працаўнікоў-ветэранаў. І мяняюцца часта. Вось былыя, Мікалай Кушнер і Рыгор Анціпаў, па дваццаць і больш гадоў вёсцы аддалі. Парадак, дысцыпліну трымалі. І ўраджаяў высокіх дасягалі, і заробкаў. Яны людзей, а  людзі іх падтрымлівалі. Да стабільнасці прывыклі. У характары вяскоўцаў гэта — не спяшацца з рэзкімі пераменамі. І каб гаспадар і ў краіне быў надзейны.

 “А хто за паэта будзе галасаваць? Вершы яго, можа, і цудоўныя, ды толькі імі эканоміку не змайструеш”, — так мяркуе Пятровіч.

“На мітынг? Працаваць трэба!”

ВАДЗІМ БУРЫМСКІ — механізатар. Перадавік. Новы трактар атрымаў —задаволены. І на заробкі не скардзіцца — у сярэднім паўтара-два мільёны.

— Значыць, і ў гаспадарцы, і ў краіне мяняць нічога не трэба?

— Яшчэ як трэба! Трактарыстаў у нас мо чалавек дваццаць. А асноўную работу робяць тры-чатыры:  Валодзя Смольскі, Саша Мацюшонак ды Сяргей Вікторчык. Бо ў чарку не заглядваюць. Канешне, мне асабліва часу няма, каб толькі пра вялікую палітыку думаць. Я думаю больш пра сваіх дзяцей. Каб ім добра было. А добра будзе, калі я пастараюся, кіраўніцтва гаспадаркі і, безумоўна, краіны. Мяркую, без Расіі цяжка нашай эканоміцы трымацца на плыву. Па тэлевізары некаторыя кандыдаты заклікаюць ехаць у Мінск, мітынгаваць. А чаму ж самі да нас ні адзін не прыехаў? Я б яму ў вочы контраргумент выказаў бы. Дачка ў мяне, Дар’я, выдатніца і вялікія схільнасці да музыкі мае. Скрыпку купілі. Падабаецца. Два разы на тыдзень трэба ў Беразіно вазіць. Ні часу, ні сродкаў не хапае. А мяне заклікаюць ехаць на мітынг. Дык гэта ж быццам здзек які! Лепш дапамажы мне дзіцяці дарогу ў жыццё прабіць. Што мне па тэлевізары наабяцаюць, я праз гадзіну забуду. Бо працаваць трэба. Падмарозіла, арганіку самы час на палі вывозіць.

“Запрашаю кандыдата ў старую хату”

СЯМ’Я Сяргея Вікторчыка нядаўна пераехала ў новы катэдж. Трое дзяцей не нарадуюцца — цёпла, утульна, не тое што ў былой, старой, хаце.

— Я і палітычна, так сказаць, не цёмны чалавек. Хоць, сапраўды, даводзіцца выкладвацца на працы з раніцы да вечара, але цікаўлюся: хто з кандыдатаў нешта больш рацыянальнае прапануе? Паслухаў эканаміста. Дык што ён вярзе? Быццам трэба напачатку вытворчасць развіваць, а потым аграгарадкі будаваць. Старая хата яшчэ стаіць, запрашаю, прыязджай і жыві, калі ты такі разумны і клапатлівы. Бясплатна жыві.

“Чатыры “ходкі” маю, кіраўніка краіны не папракаю”

МАЛАДОГА мужчыну завуць Гена (прозвішча прасіў не ўпамінаць). Нядаўна вярнуўся з месцаў заключэння. Працуе начным вартаўніком на ферме. Пятнаццаць працэнтаў заробку выплочвае ў даход дзяржавы. Нібы прадбачачы маё пытанне, кажа:

— Нікога не вінавачу, акрамя сябе. Крыўдна было, калі я пакатаўся на матацыкле, праўда, чужым, а мне ўгон прыпаялі. Тры гады агульнага рэжыму. Потым на трактары праехаў (зноў на чужым. — Аўт.), перакуліўся. То ў бойку ўлез. Так чатыры разы за краты трапляў. Бо артыкулы крымінальнага заканадаўства суровыя. І пры Лукашэнку яны сталі больш жорсткія. Перад выбарамі вось думаю: а калі іншы чалавек стане Прэзідэнтам, можа, законы больш гуманныя стануць? Потым думаю, а каму ад гэтага лепш будзе? Ні мне, як кажуць, ні людзям. Бо зноў жа я, ці такія, як я, спакусяцца на якую драбязу, сабе і іншым лёс зломяць. А калі пачуў ад аднаго з кандыдатаў, што КДБ і ўвогуле ўсіх сілавікоў разгоніць, то з асабістага горкага вопыту ведаю: да дабра такі шлях не давядзе.

“Я Прэзідэнта, во як вас, блізка бачыў”

ГЭТА Уладзімір Назараў, рабочы Сялібскай агульнаадукацыйнай школы падзяліўся сваімі ўспамінамі. У райцэнтры ўрачыста адзначалі важную падзею — газіфікацыю Беразіно і бліжэйшых населеных пунктаў. Людзі паўсюль тольк і  і   казалі:   “Сам    Прэзідэнт Лукашэнка будзе прымаць работу”. Як не паехаць. Тым больш што пасля арміі Уладзімір вельмі хацеў патрапіць у спецыяльнае падраздзяленне, якое забяспечвае асабістую ахову Прэзідэнта. Гады, кажа, былі ліхія. Цяжка тады было лідэру дзяржавы ўтрымаць парадак і нават небяспечна для асабістага жыцця.

— А кандыдаты, што прэтэндуюць на пост кіраўніка дзяржавы, на нас толькі як на нежывую “адзінку голаса” глядзяць. Ніводзін, збіраючы подпісы ў сваю падтрымку, у нашу глыбінку нават і не зазірнуў.

— Мае  тата  і  мама  толькі  за Аляксандра Рыгоравіча будуць галасаваць, бо і мы, дзеці, якія не маюць права прымаць удзел у выбарах, таго ж жадаем, — з запалам уступае ў размову дачка Каця, школьніца.

І тут я пачуў цікавую гісторыю. Каця, калі была зусім маленькая, аднойчы ўбачыла па тэлевізары Прэзідэнта і ўсклікнула: “Папа!”. І як потым дзіцяці не тлумачылі, што папа толькі адзін, яна ўсё роўна настойвала на сваім. Шкадавала яго. Калі ела штосьці, то падносіла да экрана і казала: “Паеш, папа, бо ў тэлевізары цябе ніхто не пакорміць”. А калі дзяўчынцы годзікаў пяць споўнілася, а яе ніяк не маглі адвучыць ад бутэлькі з соскай — плача наўзрыд і ўсё тут! — дзіўная рэакцыя адбылася. Дзядуля Барыс Сафронавіч прыдумаў улоўку: дай, кажа, унучка бутэлечку, я ў Мінск паеду і адвязу яе папу Лукашэнку. Дзіва і толькі! Павагалася дзіця з хвілінку і аддала сваю самую вялікую каштоўнасць.

Уладзімір СТРЭЛЬСКІ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: Уладзімір НАЗАРАЎ з дачкой Кацяй і сынам Іванам. І дзяцей цікавяць не толькі мульцікі, хоць да вялікай палітыкі яшчэ не дараслі.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter