Валенки по старинным традициям сегодня делают в нескольких белорусских регионах

Абутак з душой

У  наш час валёнкі ўспрымаюцца хутчэй як модны аксесуар. Па-першае, зараз багата іншых відаў абутку. А па-другое, няма тых траскучых маразоў, якія былі раней. Аднак для нашых продкаў валёнкі былі проста незаменнай рэччу. Зручныя, цёплыя, натуральныя — лепшага абутку для зімы і не прыдумаеш.



Тэхналогія вырабу валёнак і сёння жыве ў шматлікіх рэгіёнах краіны. Прычым у кожнай мясцовасці і прылады працы, і спосабы валяння крыху адрозніваюцца. Самыя знакамітыя шапавалы жывуць на Дрыбіншчыне. Кажуць, шапавалы з’явіліся тут пасля рэформы 1861 года. Па адной з версій, тагачасны ўладальнік Дрыбіна Антон Цеханавецкі спецыяльна адправіў сваіх сялян у Ніжагародскую губерню вучыцца шапавальству. Вядома, што дрыбінскія майстры абувалі і беларусаў, і расіян, і ўкраінцаў… Іх валёнкі цаніліся вельмі высока. І каб іншыя шапавалы не падгледзелі дрыбінскіх сакрэтаў, мясцовыя майстры распрацавалі ўласную мову «катрушніцкі лемезень», які налічваў амаль 1000 слоў.

У чым галоўны сакрэт дрыбінскіх валёнак? Сучасныя шапавалы адказваюць так:

— Трэба не забыць укласці ў працу часцінку сябе. Нездарма кажуць, што ў валёнках адразу дзве душы: адна свая — так называюць кардон, які ўкладваецца ў аснову валёнка, а другая — майстра.


Яшчэ адзін буйны цэнтр шапавальства знаходзіцца ў Міёрскім раёне. Мясцовыя майстры вырабляюць валёнкі не толькі тым жа спосабам, што і іх продкі, але і тымі ж самымі прыладамі, якія не змяніліся за апошнія 100 гадоў: нажніцамі для стрыжкі, чохрамі для расчэсвання воўны, шалямі для ўзважвання і гэтак далей. Выраб валёнак адбываецца ўручную паступова і доўга, піша livingheritage.by. Спачатку загатоўка скручваецца ў розных напрамках, затым абстукваецца, перыядычна змочваецца цёплай вадой. Потым для надання формы і памеру ў сярэдзіну загатоўкі ўстаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго як сцячэ вада, валёнкі сушацца на печы.

І дрыбінская, і міёрская традыцыі валяння ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каш-тоўнасцей.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter