2015 год апрабуе цэлы шэраг новаўвядзенняў

Абрысы шматграннай рэчаіснасці

Такая рэальнасць

Гэта ўжо гістарычны факт: Еўразійскі эканамічны саюз пачаў функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года. А Беларусь стала першай краінай, якая старшынствуе ў гэтым інтэграцыйным аб’яднанні.
Дагавор аб стварэнні ЕАЭС быў падпісаны 29 мая 2014 года ў Астане. У склад саюза ўвайшлі Расія, Казахстан, Беларусь і Арменія, а неўзабаве эканамічная “чацвёрка” павінна пашырыцца да “пяцёркі” за кошт Кыргызстана.

Паводле ацэнак экспертаў, Еўразійскі эканамічны саюз будзе шостай эканомікай у свеце з сукупным ВУП, які дасягае амаль 3 трыльёнаў долараў. Яшчэ 1 трыльён долараў чакаецца да 2030 года з прычыны інтэграцыйнага эфекту. Больш як 170-мільённы рынак са свабодным рухам тавараў, паслуг, капіталаў і працоўных рэсурсаў абяцае немалую выгаду для бізнесу і інвестараў. Дагавор аб ЕАЭС накіраваны на вырашэнне задач па павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян краін, якія ўваходзяць у саюз. Ён прадугледжвае свабоду руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, правядзенне скаардынаванай эканамічнай палітыкі. Разам з тым па цэлым шэрагу таварных пазіцый у дагаворы ўстаноўлены пераходныя перыяды аж да 2025 года.

Жыццё з сямейным капіталам

А ў Беларусі са студзеня гэтага года ўведзеныя дадатковыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі — яны накіраваныя на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей. Галоўныя навацыі Указа Прэзідэнта “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей” — сямейны капітал і новы від дзіцячай дапамогі. У бюджэце на 2015 год прадугледжана 1,8 трыльёна рублёў на стварэнне сямейнага капіталу і 1,6 трыльёна рублёў — на выплату новай штомесячнай дапамогі. Указам таксама ўстанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, якія прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі адкрытым акцыянерным таварыствам “Ашчадны банк “Беларусбанк” маладым сем’ям, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5 працэнтаў гадавых.

Варта мець на ўвазе, што сямейны капітал — гэта безнаяўныя грашовыя сродкі ў 10 тысяч долараў. Гэтыя грошы можна будзе выкарыстоўваць па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання і аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і. Хто мае права на прызначэнне сямейнага капіталу? Грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у краіне: маці (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям’і выхоўваюцца не менш як тры дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў. Сям’я можа рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу адзін раз.



Падаходны падатак злёгку падрос

Падаходны падатак, згодна з абноўленым Падатковым кодэксам, вырас з 12 працэнтаў да 13 працэнтаў. Сродкі ад павышэння падаходнага падатку пойдуць на падтрымку сем’яў з дзецьмі.

Больш працаваў — большая пенсія

Са студзеня 2015 года ў Беларусі ўступіў у сілу і ўказ №570. Ім прадугледжваецца комплекс мер, накіраваных на павышэнне ўзроўню пенсій грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, з працяглым стажам работы. Рэалізацыя гэтых мер, адзначаюць эксперты, дасць магчымасць, з аднаго боку, узмацніць матывацыю работнікаў да працяглай і легальнай працоўнай дзейнасці, з другога — абмяжуе ўтрыманскія памкненні.

Так, павялічваецца мінімальны стаж работы для назначэння пенсіі па ўзросце і пенсіі за выслугу гадоў з 10 да 15 гадоў працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Змяняюцца ўмовы для назначэння сацыяльнай пенсіі грамадзянам, якія не выпрацавалі мінімальны (15-гадовы, а для асобных катэгорый — 5-гадовы) страхавы стаж. Гэтая пенсія будзе назначацца мужчынам па дасягненні ўзросту 65 гадоў, жанчынам — 60 гадоў. Пры гэтым для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян (дзеці-інваліды, інваліды, у тым ліку інваліды з дзяцінства, і дзеці ў выпадку страты карміцеля) захоўваюцца ранейшыя ўмовы назначэння сацыяльнай пенсіі. 
Са студзеня прадугледжана павышэнне пенсій людзям, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, вылічаных пры працяглым стажы работы з невысокімі заробкамі. Для гэтага павялічваецца мінімальны кошт аднаго года стажу работы звыш 35 гадоў у мужчын і 30 гадоў у жанчын, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Заслугі бываюць розныя

А вось Дэкрэт №5, які ўступіў у сілу з 1 студзеня, узмацняе патрабаванні да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый. Дакумент накіраваны на выкараненне безгаспадарчасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама прад­ухіленне фактаў працаўладкавання нядоб­расумленных кіраўнікоў на новую кіруючую пасаду. На кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці дэкрэтам ускладаецца персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоў працы работнікаў.

Адначасова з устанаўленнем адказнасці кіраўнікоў прадугледжваецца надзяленне іх дадатковымі правамі. Напрыклад, кіраўнік зможа прымяняць да работнікаў, якія парушы­лі 
дысцыпліну, у якасці самастойнай меры дысцыплінарнага спагнання дэпрэміяванне на тэрмін да дванаццаці месяцаў. Адначасова кіраўнік будзе мець права ўстанаўліваць работніку, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны, дадатковыя выплаты стымулюючага характару без абмежавання іх памеру — за кошт прыбытку.

У Дэкрэце замацоўваецца пералік абставінаў звальнення, у адпаведнасці з якімі працоўныя дагаворы (кантракты) могуць быць скасаваны кіраўніком да завяршэння тэрміну іх дзеяння. За ўтойванне дыскрэдытуючай падставы звальнення работніка кіраўнікі будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Дакументам таксама ўводзяцца забароны і абмежаванні пры назначэнні на кіруючыя пасады асобаў, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах. Назначэнне іх на працягу пяці гадоў пасля звальнення на іншыя кіруючыя пасады ў арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці будзе ажыццяўляцца са згоды раённага, гарадскога выканкама, мясцовай адміністрацыі.

Толькі па выніках аўкцыёнаў

З пачаткам гэтага года ўводзіцца забарона на ажыццяўленне здзелак з зямельнымі ўчасткамі, выдзеленымі ў прыгараднай зоне Мінска і абласных цэнтраў для вядзення калектыўнага садаводства, і з размешчанымі на іх аб’ектамі нерухомай маёмасці да заканчэння пяці гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення правоў на такія зямельныя ўчасткі.

Уводзіцца таксама забарона на стварэнне ў прыгараднай зоне Мінска новых садаводчых таварыстваў, дачных кааператываў. Акрамя таго, са студзеня 2015 года свабодныя зямельныя ўчасткі ў садаводчых таварыствах у прыгараднай зоне Мінска будуць прадастаўляцца выключна па выніках аўкцыёнаў.



Адказнасць у віртуальнай прасторы

Новыя папраўкі ў закон аб СМІ таксама ўступілі ў сілу са студзеня 2015 года. Адно з галоўных новаўвядзенняў — змены па рэгуляванні работы так званых інтэрнэт-СМІ. У прыватнасці, цяпер распаўсюджваецца дзеянне закона аб СМІ, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі, на інфармацыйныя рэсурсы (або іх складовыя часткі), размешчаныя ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Гэта значыць, інтэрнэт-рэсурсы цяпер будуць несці адказнасць за “віртуальнае” слова нараўне з афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі. Таксама ў законе дакладна прапісаны выпадкі, калі магчымае ўвядзенне абмежаванняў доступу да СМІ, якія распаўсюджваюць свой інфармпрадукт праз інтэрнэт.

Акрамя таго, будзе зменшаны замежны ўплыў на медыясферу ў Беларусі. Закон забараняе ўскладанне функцый рэдакцыі СМІ на юрасобу, акцыі якой або доля ў статутным фондзе ў 20 працэнтаў і больш належыць замежным дзяржавам, замежным і міжнародным юрасобам, замежнаму грамадзяніну, асобе без грамадзянства.

Мінінфарм таксама ўводзіць дзярж­рэестры распаўсюджвальнікаў прадукцыі друкаваных, радыёвяшчальных і тэлевізійных СМІ.

Яшчэ адно новаўвядзенне заключаецца ў тым, што папраўкамі замацоўваецца паняцце абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм. Гэта значыць, што кожны аператар сувязі павінен прадаставіць магчымасць кліентам атрымліваць абавязковы агульнадаступны пакет, вызначаны пастановай Міністэрства інфармацыі.



Наркотыкі па-за законам

У Беларусі ўводзіцца больш жорсткая крымінальная адказнасць за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, а таксама ўзмац­няюцца меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя са спажываннем наркотыкаў. Гэта прадугледжана дэкрэтам “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у сілу з 1 студзеня.

Дакументам таксама замацоўваюцца палажэнні, якія даюць магчымасць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, спайсаў) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў.

У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў.
А яшчэ з 1 сакавіка 2015 года ствараецца Адзіная сістэма ўліку асобаў, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

Купюры сваю місію выканалі

З 1 студзеня 2015 года спыняецца выпуск у абарачэнне банкнот Нацыянальнага банка Беларусі наміналам 50 рублёў узору 2000 года, а таксама банкнот названага наміналу мадыфікацыі 2010 года.
Такое рашэнне было прынята пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 5 верасня 2014 года, зыходзячы з немэтазгоднасці далейшага выкарыстання названых банкнот у наяўным грашовым абарачэнні і ў мэтах скарачэння дзяржаўных расходаў на іх выраб. 

Зрэшты, да 1 ліпеня 2015 года банкноты наміналам 50 рублёў падлягаюць прыёму пры ўсіх відах плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання, у тым ліку і банкамі краіны. 

Дарэчы, абмяняць банкноты наміналам 50 рублёў можна будзе без абмежаванняў і без спагнання камісійных плацяжоў у любой суме, кратнай 100 рублям. З 1 ліпеня па 31 снежня 2015 года ўключна гэта можна будзе зрабіць у Нацыянальным банку і банках краіны. А з 1 студзеня па 31 чэрвеня 2016 года ўключна — толькі ў Нацбанку. З 1 ліпеня 2016 года банкноты наміналам 50 рублёў будуць выключаныя з абарачэння і будуць лічыцца несапраўднымі.

Выключна для абароны правоў спажыўцоў

У Беларусі рэгламентавана дзейнасць мікрафінансавых арганізацый. Указ аб гэтым 30 чэрвеня падпісаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Дакумент прадугледжвае ўдасканаленне парадку ажыццяўлення дзейнасці па рэгулярным прыцягненні і прадастаўленні пазык, фарміраванне ўмоў для далейшага развіцця прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы шляхам укаранення дадатковых інструментаў фінансавання і накіраваны на абарону правоў спажыўцоў паслуг, што аказваюцца мікрафінансавымі арганізацыямі.

Цяпер гэтую дзейнасць могуць ажыццяўляць толькі мікрафінансавыя арганізацыі — ламбарды, спажывецкія кааператывы фінансавай узаемадапамогі, таварыствы ўзаемнага фінансавання суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, фонды.

Мікрапазыкі змогуць прадастаўляць толькі ламбарды і выключна пад залог рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або дамашняга выкарыстання.

Вось такія новаўвядзенні прынёс новы год. Іх карысць і эфект яшчэ давядзецца адчуць. Час для гэтага ёсць. Цэлы год наперадзе.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter