Минск
+18 oC
USD: 2.55
EUR: 2.77

Какие загадки хранит 500-летняя история Жировичского Свято-Успенского мужского монастыря

Абіцель веры і святла

У кожнага свой шлях да веры. Хтосьці з маленства пачынае вывучаць запаведзі Божыя, а хтосьці прыходзіць да рэлігіі толькі ў сталасці. І брама нябёсаў адкрываецца ўсім, хто насустрач адчыняе сэрца. Каб адказаць на пытанні, у чым сэнс чалавечага існавання і як зрабіць жыццё вечным, людзі рознага ўзросту ідуць да храма, прычашчаюцца, спрабуюць вызначыць шлях і пазнаць ісціну. Каб наблізіцца да адказу на глыбокія ўнутраныя пытанні, шматлікія паломнікі наведваюць Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр. Ведаюць шлях сюды і атэісты, і тыя, хто пакуль сумняваецца. Пакроў Святой Багародзіцы сардэчна прымае ўсіх, хто завітае ў гэты славуты куточак недалёка ад старажытнага беларускага горада Слоніма, што на Гродзеншчыне.

Мясцовыя жыхары цэняць удзел улады ў добраўпарадкаванні тэрыторыі манастыра і саміх Жыровіц і прызнаюцца: «Такой увагі да абіцелі, як бачым цяпер, раней не было ніколі».
Фота  БЕЛТА

Схадзіць да споведзі і прычасця, пакланіцца святыням, пакаштаваць гаючай вады з мясцовых крыніц, акунуцца ў ніколі не замярзаючыя купелі можна і зараз, калі абіцель рыхтуецца да святкавання адразу трох знакавых падзей: 550-годдзя з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці Жыровіцкай, 500-годдзя паўторнага знаходжання іконы і 500-годдзя заснавання самога манастыра. Цэнтральным у святкаванні будзе дзень ушаноўвання іконы Жыровіцкай Божай Маці — 20 мая. Чакаецца, што абіцель наведае Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Аб тым, як Жыровічы, ці Жыровіцы — аб такой назве мястэчка сведчаць гістарычныя крыніцы, рыхтуюцца да ўрачыстасцей, даведалася карэспандэнт «НГ».
Ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава), настаяцельніца Свята-Ражство-Багародзічнага жаночага манастыра ў Гродне, у час прэзентацыі сваёй кнігі «Усерадаснае заступленне Белай Русі» ў Жыровіцкай абіцелі. «Гісторыя Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, апісаная на аснове фактаў, а таксама паданняў і сведчанняў сучаснікаў, дапаможа хрысціянам ісці на святло маяка веры, які стаў цэнтрам духоўнай адукацыі Беларускай праваслаўнай царквы».

Выходзіш з аўтобуса на дарогу, што вядзе да абіцелі, і адразу ўражвае прастора, якая паўстае перад вачыма. З узвышша ўвогуле адкрываецца цудоўны від на манастыр і наваколле. Калі будзеце ўважлівымі, у натоўпе, што цягнецца да абіцелі, заўважыце дзядулю ў доўгім адзенні. За маршчынамі на твары і сівымі валасамі ўбачыце ясны позірк блакітных спагадлівых вачэй. Мясцовыя кажуць, што гэта нашчадак падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Солтана, таго самага, што па волі вялікага князя Казіміра больш за пяцьсот гадоў таму стаў уладальнікам старадаўняга паселішча.

…Пастаіш на ўзвышшы, акінеш позіркам прастор і прыгадаеш радкі з кнігі ігуменні Гаўрыілы (Марыі Глухавай) «Усерадаснае заступленне Белай Русі»: «На жыровіцкай зямлі цудоўна зліваецца тонкі духмяны водар палявых кветак з прыгажосцю стройнай сцяблінкі і вытанчаных пялесткаў, размаляваных самымі разнастайнымі дзівоснымі фарбамі… І ўсё гэта хараство зроблена Госпадам для чалавека, які, па задуме Творцы, ёсць цудоўны посуд, створаны Ім для асноўнай мэты — знаходжання ў ім Духа Святога».

Першая кніга аб гісторыі манастыра — раней былі толькі брашуры і манаграфіі — убачыла свет не так даўно ў гонар юбілею абіцелі. Выданне можа набыць любы жадаючы ў царкоўнай лаўцы непадалёк ад манастыра.

Аўтар-укладаль­ніца настаяцельніца Свята-Ражство-Багародзічнага жаночага манастыра ў Гродне ігумення Гаўрыіла працавала над кнігай амаль два гады. На старонках выдання — не толькі гістарычныя звесткі і рэдкія фотаздымкі. Па ўсім відаць, што аўтар жыла на слонімскай зямлі і з дзяцінства бачыла яе прыгажосць. Так і ёсць. Ігумення вырасла ў Жыровіцах. З чатырохгадовага ўзросту бывала ў сценах абіцелі і нават слухала лекцыі. Той час можна лічыць пачаткам яе шляху да веры.

Выданне змяшчае шмат цікавых фактаў. Аднак у гісторыі манастыра ёсць нямала дзіўных легенд і паданняў, у якія немагчыма не паверыць.

Далонька вечнасці

У многіх крыніцах сказана, што Жыровіцкая ікона Божай Маці ўпершыню была яўлена людзям у 1470 годзе. Вобраз убачылі дзеці, што паслі авец шляхціца Солтана. Пастушкі звярнулі ўвагу на незвычайнае ззянне, якое сыходзіла з кроны дзікай грушы. Калі дзеці падбеглі да дрэва, убачылі на яго галінках маленькую авальную пласцінку, на якой відавочна праступаў нерукатворны малюнак — Маці Божая з дзіцяткам. Цудоўны камень памерам меншы за дзіцячую далоньку асцярожна аднеслі гаспадару. Спачатку Солтан не звярнуў на яго асаблівай увагі, але схаваў абраз у куфар. Падчас вячэры з суседзямі ўспомніў, што ёсць нагода пахваліцца перад гасцямі. Адкрыў куфар, але іконы там не аказалася.

Навукоўцы і сёння не могуць дакладна вызначыць дату ўзнікнення Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Як сцвярджае прафесар Мінскай духоўнай семінарыі Валянціна Цяплова, захаваліся толькі справаводскія дакументы, якія сведчаць аб тым, што манастыр у XVI стагоддзі ўжо дакладна існаваў

Якое захапленне агарнула на наступны дзень усё тых жа пастушкоў, калі ізноў на той жа грушы яны ўбачылі ззянне. Там была ікона. Хлапчукі аднеслі яе гаспадару. Вось тады шляхціц здагадаўся, што цудоўны абраз з’яўляецца на адным і тым жа месцы не проста так. Задумаў пабудаваць там храм. І праз некаторы час была ўзведзена драўляная царква. Слава пра Жыровіцкі абраз хутка разнеслася па наваколлі, і ў мястэчка пацягнуліся натоўпы багамольцаў.

Цуда ўваскрэсення

Асабліва ўзрасла слава Жыровіцкай іконы пасля таго, як у манастыры падчас пахавання ажыла памерлая сямнаццацігадовая дзяўчына Ірына Вайнянка. Гісторыю пра гэта апісвае ў сваёй кнізе ігумення Гаўрыіла:

«Аднойчы прыехаў у абіцель заможны чалавек разам са сваёй жонкай і сказаў: «Вось ехалі мы здалёк і, відаць, не паспелі. Памерла наша дачка па дарозе».

Жыровіцкія гаючыя крыніцы.

Ірына казала бацькам у час хваробы, што бачыла ў сне Багародзіцу, якая загадала ёй: для таго, каб вылечыцца, трэба накіравацца ў манастыр. Памерлую ў дарозе Ірыну пакінулі ў галоўным храме. На трэці дзень у час апошняга рытуалу развітання дзяўчына паднялася ў весь рост і хутка пайшла да цудадзейнага абраза Багародзіцы для таго, каб апусціцца перад ім на калені з удзячнай малітвай».

Дзяўчына, якая чароўным чынам ажыла, прысвяціла жыццё служэнню Богу. А потым была прызначана настаяцельніцай Пінскага жаночага манастыра.
Цудатворная ікона Маці Божай Жыровіцкая.
Фота Уладзіміра Шлапака

…У двары абіцелі сустракаю протаіерэя Віталія Антоніка. Ён расказаў гісторыю аб тым, што ў манастыры лячылі не толькі святыя абразы, але і святары. Напрыклад, знакаміты Саратаўскі епіскап Гермаген (Даўганаў), якога адправілі ў Жыровіцы ў ссылку за крытыку Рыгора Распуціна — лекара царскай сям’і. Айцец Гермаген пазбаўляў людзей ад розных хвароб. Бабуля протаіерэя Віталія Антоніка доўгі час не магла рухаць рукамі. Старую прывезлі да епіскапа Гермагена, і ён прагнаў яе немач назаўсёды. «Бабуля пражыла больш за дзевяноста гадоў і амаль да самай смерці корпалася ў агародзе і цягала кошыкі з буракамі ды морквай, — расказаў прафесар. — На жаль, у паслярэвалюцыйны час Гермаген быў замучаны бандай багаборцаў. З цягам часу епіскап быў праслаўлены ў ліку святых Рускай праваслаўнай царквы».

Слава пра цудадзейную ікону распаўсюдзілася амаль адразу пасля яе з’яўлення. Прасіць у яе выратавання ці заступніцтва заўсёды ішлі не толькі беларусы, але і рускія, палякі, літоўцы, украінцы. Прасілі збаўлення ад цяжкіх хвароб і простыя людзі, і высокапастаўленыя асобы. Многія лічылі, што калі пасяліцца на гэтай зямлі, то атрымаеш апеку нябесную, збавішся ад грахоў.

У 1520 годзе ў Жыровіцах здарыўся вялікі пажар, які знішчыў царкву і, як адразу падумалі людзі, ікону таксама. На месцы, дзе стаяў храм, знайшлі толькі попел.

Вяртанне іконы

Праз некаторы час непадалёк ад месца, дзе стаяла царква, дзеці ўбачылі Багародзіцу: яна сядзела на вялікім валуне, акружаная нябесным ззяннем. Уражаныя, яны кінуліся клікаць дарослых. Калі тыя прыбеглі, на камені ўбачылі запаленую кімсьці свечку і Жыровіцкі абраз.

З тае пары людзі пачалі пакланяцца каменю як святыні. Было вырашана пабудаваць вакол яго храм. Аднойчы ў Жыровіцы завітала багатая жанчына Элеанора Галавічанка і ахвяравала восем тысяч злотых. За іх у пачатку XVII стагоддзя і быў узведзены храм.

Ёсць сведчанне, што ў час наступальнай аперацыі савецкіх войскаў пілот, якому было загадана разбамбіць манастыр, там, дзе на ўсіх картах былі пазначаны Жыровіцы, бачыў пустое месца

У алтарнай частцы Яўленскай царквы па-ранейшаму стаіць той самы цуда-камень, на якім Жыровіцкі абраз быў здабыты другі раз. На камені-прастоле у наш час здзяйсняюць боскія літургіі.

Калі падыходзіш да Крыжаўзвіжанскага храма, заўважаеш, што ён стаіць на ўзгорку, быццам сімвалізуючы гару Галгофу, на якой быў распяты Ісус Хрыстос. У яго крыпце-ўсыпальніцы ў канцы XIX стагоддзя пахавалі вядомага царкоўнага дзеяча архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Міхаіла Галубовіча. Асаблівасць храма — лесвіца з дваццаці васьмі прыступак, зробленая па ўзоры той, па якой Ісус Хрыстос падымаўся на суд Понція Пілата. Арыгінал найкаштоўнай рэліквіі хрысціянскай веры зараз знаходзіцца ў Рыме ў царкве Скала Санта.

 

Асаблівасць Крыжа­ўзвіжанскага храма — лесвіца з дваццаці васьмі прыступак, зробленая па ўзоры той, па якой Ісус Хрыстос падымаўся на суд Понція Пілата.
 


Яўген Жук, які навучаецца на трэцім курсе Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах, расказвае, што калісьці ў кожную прыступку лесвіцы былі ўкладзены часцінкі святых мошчаў. Паломнікі падымаліся па лесвіцы выключна на каленях, трымаючыся за дошкі як за парэнчы. У 1830 годзе мошчы перамясцілі ў спецыяльны крыж-машчавік, які цяпер знаходзіцца побач з іканастасам Успенскага сабора.

На гістарычных картах паселішча пазначана як «Жыровіцы». А некаторыя мясцовыя жыхары называлі яго «Жыраво», ад слова «жыр» або «тлушч». Справа ў тым, што тут былі вельмі ўрадлівыя землі і людзі вырошчвалі добры ўраджай

…Пераходзячы да храма Святога Мікалая Цудатворца, семінарыст Яўген Жук звяртае ўвагу на тое, што дагэтуль няма дакладных звестак аб паходжанні назвы мястэчка:

— У старадаўняй мясцовай песні ёсць такія радкі: «Колькі ад Шылавіц да Жыровіц, столькі ад Жыровіц да Шылавіц…». На гістарычных картах паселішча пазначана як «Жыровіцы». А некаторыя мясцовыя жыхары называлі яго «Жыраво», ад слова «жыр» або «тлушч». Справа ў тым, што тут былі вельмі ўрадлівыя землі і людзі вырошчвалі добры ўраджай. У кнізе польскага даследчыка Валяр’яна Харкевіча, дзе ідзе гаворка пра Жыровіцкі абраз, выкарыстоўваецца назва «Матка Боска ад жыру» і фігуруе ў даследаванні больш як дзесяць разоў.

Паратунак у… слоічку з варэннем

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі адышлі пад уладу Расійскай імперыі. Неўзабаве ў 1839 го­дзе ўніяцкае духавенства падпісала пагадненне аб уз’яднанні з праваслаўнай царквой. Жыровіцкі манастыр вярнуў свой першапачатковы канфесійны статус, страчаны падчас уніі. У Жыровіцах аднавіліся праваслаўныя набажэнствы.

Але хутка чакаў новы іспыт. Падчас Першай сусветнай вайны Жыровіцкі абраз Божай Маці і царкоўная маёмасць манастыра былі вывезены ў Маскву. Святыню знайшоў у падвалах сабора Васілія Блажэннага жыровіцкі архімандрыт Ціхан Шарапаў. Ён зайшоў у храм, узяў абраз і без перашкод прывёз яго ў слоічку з варэннем у Жыровіцы.


Камень-прастол у алтары Яўленскай царквы.

 Яўленская царква.


І ў Першую, і ў Другую сусветныя войны абіцель удалося захаваць. Старажылы расказвалі, што бомбы, якія падчас авіяналётаў траплялі ў манастыр, не разрываліся. Ёсць таксама сведчанне, што ў час наступальнай аперацыі савецкіх войскаў пілот, якому было загадана разбамбіць манастыр, там, дзе на ўсіх картах былі пазначаны Жыровіцы, бачыў пустое месца.

…Выйшла з абіцелі з пачуццём лёгкасці і супакаеннем на душы. Наперадзе чакалі гаючыя крыніцы і заасад у былой сядзібе Аляксандра Солтана. Пра іх гісторыю і сённяшнія рэаліі абавязкова раскажу ў адным з наступных нумароў «НГ».

kuzmich@sb.by

Фота Аляксандра Кулеўскага
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...