Відэаспектральная сістэма беларускіх навукоўцаў са снежня працуе на Міжнароднай касмічнай станцыі

Аб землятрусах ведаюць чырвоныя прывіды

Думаю, быць касманаўтам у дзяцінстве марыў амаль кожны. Толькі вось многія па тых ці іншых прычынах ад мары адмовіліся. Загадчык аддзела аэракасмічных даследаванняў НДІ прыкладных фізічных праблем імя А.М. Сеўчанкі БДУ прафесар Барыс Бяляеў (на здымку) жартуе: «Добрыя людзі і на Зямлі патрэбныя». Зрэшты, гэтыя словы можна ўспрымаць і сур’ёзна. Бо быць блізка да космасу можна і з Зямлі, працуючы на карысць касмічных даследаванняў, што калектыў ад-дзела цалкам паспяхова і робіць. А іх апошняе тварэнне — відэаспектральная сістэма (ВСС) — са снежня гэтага года працуе на борце Міжнароднай касмічнай станцыі.

Барыс Бяляеў

Для аддзела аэракасмічных даследаванняў гэтая падзея штатная: ВСС ужо трэці прыбор, якi працуе на станцыі, так бы мовіць, лагічны працяг папярэдняй распрацоўкі — фотаспектральнай сістэмы, якая паспяхова функцыянуе на МКС з 2010 года. «ВСС прызначана для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу. Дазваляе атрымліваць малюнкі высокага прасторавага і спектральнага вырашэння, — кажа Барыс Бяляеў. — Праводзім цэлую серыю касмічных эксперыментаў, напрыклад «Ураган», пад эгідай Інстытута геаграфіі РАН, з якім мы цесна супрацоўнічаем. І адзін з кірункаў, над якім працуем, — гэта розныя экакатастрофы: разлівы нафты, пыльныя буры, паталогіі лесу, вулканічная і сейсмічная актыўнасць.

У адрозненне ад першага беларускага касмічнага апарата, мы працуем з пілатуемай касманаўтыкай, дзе ёсць свая спецыфіка. Касманаўт — творчая асоба, і калі ён не спіць і не заняты справамі, з задавальненнем выкарыстоўвае нашу апаратуру. Ёсць праграма «Сігма», якая разлічвае, дзе і ў які момант станцыя праляціць. Скажам, Везувій пачаў вывяргацца, і трэба вызначыць канцэнтрацыю часціц, куды яны распаўсюджваюцца. Таму па сігнале «Сігма» касманаўт уключыць нашу апаратуру і зробіць неабходныя назіраннi».

Да нядаўняга часу лічылася, што атмасфера, асабліва яе верхнія пласты, добра вывучаная. А высветлілася, што не. «У пачатку 90-х гадоў навукоўцы зарэгістравалі такія з’явы, як разрады над навальнічнымі аблокамі, — распавядае Барыс Бяляеў. — На 200—300 разрадаў паміж воблакам і зямлёй прыпадае адзін гіганцкі разрад паміж воблакам і іанасферай. На гэтым фоне ўзнікае цэлы шэраг разнастайных свячэнняў, якія амерыканцы ў залежнасці ад колеру назвалі чырвонымі прывідамі, блакітнымі бруямі і эльфамі». За прыгожымі назвамі стаяць з’явы, звязаныя з сейсмічнымі працэсамі, або, іншымі словамі, прадвеснікі землятрусаў. Усё гэта стала пасылам для сумеснай распрацоўкі спецыяльнай апаратуры ў супрацоўніцтве з Інстытутам зямнога магнетызму, іанасферы і распаўсюджвання радыёхваляў РАН у Траецку. Цікава, што, як правіла, з Зямлі ўбачыць гэтыя з’явы нельга, а вось з самалёта цалкам магчыма. Разам з тым навуковец не выключае, што ў большасці выпадкаў тое, што мы прымаем за НЛА, таксама адгалоскі гэтых фізічных з’яў.

І ўсё ж правільна будзе сказаць, што ў даследаванні землятрусаў мы яшчэ стаім у пачатку шляху. «Пакуль ніхто са стапрацэнтнай дакладнасцю не прадказаў ні адзін землятрус, — кажа субяседнік. — Ёсць меркаванне, што напярэдадні прыроднага катаклізму з космасу можна назіраць гіганцкія свячэнні іанасферы на плошчы ў тысячы квадратных кіламетраў. За некалькі гадзін перад пачаткам катастрофы выпраменьванне падае, а потым зноў узрастае. Але дастатковай статыстыкі да гэтага часу няма. Напрыклад, перад вельмі моцным землятрусам у Спітаку іанасфера маўчала, а ў раёне Курыльскіх астравоў, дзе перыядычна бываюць сярэднія землятрусы, яна бушуе ад аднаго штуршка. Зразумела, што сувязь ёсць, але якая яна, пакуль не зразумела. У наступным годзе з расійскімі калегамі мы плануем вывучаць Курылы больш падрабязна».

Такi ж беларускi прыбор працуе на борце МКС зараз.

Наогул, спектр працы навукоўцаў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ досыць вялікі — ад пытанняў, звязаных з навучаннем студэнтаў ВНУ, да праблем сусветнага маштабу, скажам, вывучэння саляных бур. Што гэта такое? Напрыклад, перасыхаючае Аральскае мора спрыяе стварэнню на сумежных з Казахстанам тэрыторыях саляных пустынь. Ружа вятроў размешчана так, што праблемы, у прыватнасці, адчувае Расія, дзе ідзе засаленне прыгранічных тэрыторый і, як следства, пагаршаецца ўраджайнасць сельгасугоддзяў.

У бліжэйшай будучыні калектыў беларускіх вучоных плануе ўдасканаліць ВСС, стварыўшы аўтамат, які дазваляў бы наводзіць яе без удзелу касманаўтаў. Хоць тыя, жартуе Барыс Бяляеў, крыўдзяцца, бо навукоўцы такім чынам пазбавяць іх хлеба. Ну а калі сур’ёзна, ёсць шэраг сітуацый, калі чалавек павінен адпачываць, а здымка таго ці іншага аб’екта або з’явы адкладу не церпіць. Тады касманаўту і можа прыйсці на дапамогу «Сава» — сістэма аўтаматычнага навядзення відэаспектральнай апаратуры, якая ўключыць тэхніку ў патрэбны час, адсочыць усё, што неабходна, і выключыць.

Наогул, прызнаецца Барыс Бяляеў, многія навуковыя касмічныя распрацоўкі — гэта вынік суаўтарства навукоўцаў і касманаўтаў. Напрыклад, так з’явіўся прыбор СКІФ, які потым жартам называлі спектрометрам Кавалёнка і Інстытута фізікі. Знаёмства вучонага з Уладзімірам Кавалёнкам адбылося, калі беларускі касманаўт вярнуўся з першага палёту. «Калі ў 1976 годзе ён першы раз паляцеў у космас, у яго быў наш прыбор, — распавядае Барыс Бяляеў. — Пасля ў Беларусі адбылася сустрэча з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук, ён дзяліўся ўражаннямі і выказваў ідэі. Прапанаваў, напрыклад, стварыць мабільны ручны прыбор, каб касманаўт мог зрабіць любыя здымкі, якія б яму захацелася. Раней такія прыборы мацаваліся на ілюмінатары. Так і з’явіўся СКІФ».

Фота Уладзiмiра ШЛАПАКА

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter