По планам в этом году ВУЗы страны пополнятся больше чем на 63 тыс первокурсника

Абітурыент бярэ курс на прыём

Прыём у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў гэтым годзе застанецца фактычна на ўзроўні мінулага года. Плануецца, што ВНУ краіны папоўняцца больш чым 63 тысячамі першакурснікаў, расказаў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. Акрамя таго, паводле яго слоў, у ССНУ плануецца прыняць каля 40 тысяч абітурыентаў, у ПТВ – больш за 32 тысячы.


Разам з тым, як гэта штогод робіцца, адбудзецца ўнутраная карэкціроўка спецыяльнасцей з улікам запатрабаваных на рынку працы. Напрыклад, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца спыніць прыём па 183 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 142 іншых, у якіх сёння ёсць патрэба на рынку працы. У прыватнасці, упершыню ў гэтым годзе ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання будзе ажыццяўляцца набор на новую прафесію «манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт».

ВНУ ў сваю чаргу адкрыюць шэсць новых спецыяльнасцей, большасць з якіх — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Таксама новыя спецыяльнасці прапанавалі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмія МУС. Упершыню ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры адкрыты набор па кірунку «шахматы» па спецыяльнасці «спартыўна-педагагічная дзейнасць (па напрамках)».

Механізм падачы дакументаў насуперак чаканням не стаў дыстанцыйным. Як растлумачыў Вадзім Богуш, заява ад абітурыента павінна быць падпісана ім самім асабіста альбо гэты дакумент падаецца яго даверанай асобай. Што тычыцца стварэння многімі ВНУ асабістых кабінетаў абітурыента, яны пакуль з`яўляюцца хутчэй некаторай дапамогай для будучых студэнтаў і даюць магчымасць скараціць час падачы дакументаў, але не замяняюць асабістую падачу цалкам. 

І ўсё ж першы намеснік міністра не выключае, што працэс падачы дакументаў аднойчы можа стаць дыстанцыйным. Гэта звязана з пашырэннем электроннага дакументаабароту ў краіне. «Я думаю, як толькі гэтае пытанне будзе вырашана, — выказаў ён меркаванне, — то і сістэма адукацыі даволі аператыўна зможа перайсці да такой формы».

Вадзім Богуш нагадаў, што прыём дакументаў у ВНУ краіны на бюджэт у параўнанні з 2015 годам скароціцца на адзін дзень і пройдзе з 8 па 14 ліпеня. На наступны дзень, 15 ліпеня, пачнуцца ўступныя выпрабаванні па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для тых, хто паступае на скарочаны тэрмін навучання на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, усе ўступныя іспыты для бюджэтнікаў і платнікаў пройдуць у адну сесію. Залічэнне на бюджэт будзе праходзіць па 24 ліпеня. У выпадку правядзення ВНУ дадатковага набору прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы пройдзе з 26 па 28 ліпеня, залічэнне — па 31 ліпеня.

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на дзённай форме — з 15 чэрвеня па 20 жніўня. Зрэшты, традыцыйна, калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці будзе менш, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, тэрміны прыёму дакументаў і залічэння могуць быць падоўжаны. Правядзенне ўступных іспытаў і залічэнне ў залежнасці ад патокаў пройдуць з 5 по 12 ліпеня ці з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў на дзённую форму навучання — па 25 жніўня.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter