Аб лёсе народа і спадчыне любай у песнях заўсёды пяём. Так здарылася, што мы наведалі старажытны край у адметны час — Дрыбіншчына рыхтавалася адзначыць 66-ю гадавіну вызвалення Дрыбіна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гістарычная дата (2 кастрычніка) звязана з многімі падзеямі, якія адбыліся ў час Вялікай Айчыннай вайны на гэтай зямлі. Гэта і гераічная абарона, якую амаль восем месяцаў трымалі байцы 154-га ўмацаванага раёна, і адважныя рэйды партызанскай брыгады “Звязда” ў тыл ворага, і подзвігі Героя Савецкага Саюза Івана Яжкова, які сваім целам закрыў амбразуру варожага дота, і шмат іншых.
Воля і мужнасць дапамаглі жыхарам раёна вытрымаць трагедыю мірнага часу, калі многія населеныя пункты накрыла чарнобыльскае крыло. Тут знайшлі прытулак тысячы людзей, пакінуўшыя свае родныя мясціны, забруджаныя радыяцыяй.
Як адміністрацыйная адзінка Дрыбінскі раён існуе з 17 ліпеня 1924 года. Але за гэты час ён неаднойчы быў ліквідаваны і адраджаўся. У сучасных межах — з 29 снежня 1989 года, калі ў сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС сюды прыехалі перасяленцы з Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і іншых раёнаў.

Школа мастацтваў у Дрыбіне

Гісторыя яе пачыналася ў 1975 годзе. Зараз тут у шасці філіялах займаецца звыш 280 вучняў. Многія выхаванцы сталі лаўрэатамі і пераможцамі міжнароднага фестывалю “Залатая пчолка”, іншых конкурсаў. Аня Церашкова (на здымку) — адна з пяці стыпендыятаў прэзідэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі, займаецца ў школе па класу фартэпіяна.
Шмат перамог і ў юных харэаграфістаў.

Эх, валёнкі, з Дрыбінскай старонкі...

Ёсць меркаванне, што шапавальства на Дрыбіншчыне ўзнікла на пачатку ХVІІІ стагоддзя. У ліку сялян, што пасяліліся ў Дрыбіне, былі выхадцы з смаленскіх, ніжнегародскіх губерняў, дзе ўжо атрымаў развіццё шэрстабітны промысел. На новым месцы яны пачалі рабіць тое, што карысталася попытам, — лямцы (падкладкі пад хамут) і шапкі. Валенне шапак і дало саматужнікам назву — дрыбінскія шапавалы.
Майстры пачалі хадзіць па вёсках пасля заканчэння палявых работ, звычайна з сярэдзіны верасня і да 20 снежня. Больш як 650 чалавек з Дрыбінскай воласці, собраўшы свае няхітрыя інструменты, на плячах са знакамітай “брындай” ішлі па ўсіх кутках Расіі.
Падчас сваіх вандровак па вёсках дрыбінскія шапавалы карысталіся сваёй умоўнай мовай, якая атрымала назву “катрушніцкі лемезень”. Ужывалася яна, каб трымаць у сакрэце тое, пра што гавораць. Лексічны склад налічваў каля 915 слоў і ахопліваў 13 паняццевых груп.
Сказы ў “катрушніцкім лемезені” ўтвараліся па ўзору агульнанароднай мовы. Напрыклад, “гурманьку хавбов” — “дай мне грошай”.
Інтарэс да шапавальства не прапаў. Нам расказалі, што пры Дрыбінскім раённым гістарычным энтаграфічным музеі створана аматарскае аб’яднанне “Шапавал”. У яго ўваходзіць і Любоў Фёдараўна Ціханава, да якой мы наведаліся і ўбачылі зробленыя яе рукамі цуда-валёнкі.

Фермерскі ўзор

На гэтым здымку вы бачыце знакамітага дрыбінскага фермера Аляксандра Ігнаценку. Раней ён узначальваў мясцовую гаспадарку, а потым разам з трыма сынамі ўзяў каля двухсот гектараў зямлі і стаў вырошчваць збожжавыя, рапс, лубін і іншыя культуры. За ўзорны парадак на зямлі і высокія ўраджаі Аляксандр Васільевіч на сёлетніх “Дажынках” у Кобрыне быў прызнаны пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве і атрымаў грашовую прэмію. Аляксандр Ігнаценка — першы дрыбінскі гаспадар, які перамог у такім спаборніцтве фермераў Беларусі.

Касцёл у Расне

Упершыню Расна ўпамінаецца ў 1335 годзе, раней чым Дрыбін (1569 год). Гэтае месца адметнае тым, што тут знаходзіцца знакаміты касцёл з 16 калонамі.
Прыехалі мы сюды надвячоркам. Пырснуў дождж. Але нягледзячы на пахмурнае надвор’е, касцёл уражваў сваёй веліччу, архітэктурнымі лініямі.
Вядома, што будаўніцтва касцёла пачалося ў 1812 і закончылася ў 1818 годзе. Храм асвечаны пад тытулам Святога Казіміра і зацверджаны як прыход. У 1843 годзе вялікая бура пашкодзіла дах касцёла. У 1853 годзе пачаўся рамонт, які працягваўся некалькі гадоў.
Паводле гістарычных звестак, у 1910 годзе касцёл быў у добрым стане і дзейнічаў. Аднак у гады Вялікай Айчыннай вайны зноў быў моцна пашкоджаны.
Касцёл у Расне — адзін з яркіх прыкладаў класіцызму, з’яўляецца помнікам архітэктуры і ўяўляе сабой гістарычную рэдкасць. Ён патрабуе тэрміновага аднаўлення. Летась сюды з Польшчы прыязджаў пастар, каб прыкінуць, колькі грошай патрэбна на рэстаўрацыю гістарычнай пабудовы. У жыхароў вёскі Расна ёсць надзея, што недалёка той час, калі касцёл будзе адроджаны.

Зорка Аляксандра Байкова

Былога трактарыста саўгаса “Дрыбінскі” 27 верасня Дрыбінскі райвыканкам павіншаваў з 80-годдзем.
Аляксандр Аляксеевіч Байкоў — адзіны ў раёне працаўнік, хто за вялікія поспехі ў сельскай гаспадарцы ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Цяжка падлічыць, колькі зямлі пераараў ён на сваім трактары. Безумоўна, што шмат і ўзарана, і пасеяна, і вырашчана ўраджаю. У 50-я і 60-я гады здабыткі збажыны былі па сённяшніх мерках сціплыя — усяго 20—22 цэнтнеры з гектара. Але яны, успамінае Аляксандр Аляксеевіч, тады былі на вагу золата. Гаспадарка адраджалася, мацнела дзякуючы залатым рукам такіх людзей, як А.А.Байкоў. Сёння ў “Дрыбінскім” з кожнага гектара атрымліваюць не па 20, а па 60 і больш цэнтнераў зерня. Чатыры сыны ў Аляксандра Аляксеевіча і ўсе, як і ён, — механізатары.

Трылесінскія волаты

Прыгажосць прыродных мясцін дапаўняюць трылесінскія дрэвы-волаты — дзве серабрыстыя таполі. Адна з іх паболей — вышынёй каля сарака метраў і ў абхваце 589 сантыметраў. Вадзіцель райвыканкама Уладзімір Мазэпін, які быў нашым спадарожнікам, папазіраваў перад фотакамерай на фоне дрэў-волатаў, а затым паказаў яшчэ адно знакамітае дрэва.
Гэта быў дуб, якому некалькі стагоддзяў. З Барысам Гардзійчуком, работнікам Дрыбінскага райвыканкама, паспрабавалі абхапіць яго, але не змаглі — на шыльдзе значыцца, што дрэва ў абхваце — 395 сантыметраў.
Тэрыторыя помніка прыроды каля вёскі Трылесіна — 3,3 гектара. Тут, каля прыгожай сажалкі, растуць рэдкія дрэвы, але, на жаль, краязнаўцам невядома, калі і хто іх пасадзіў. У 2003 годзе Дрыбінскі райвыканкам у мэтах аховы ўнікальнага батанічнага аб’екта абвясціў трылесінскіх волатаў помнікам прыроды.

129 ікон святых

Яны захоўваюцца ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі.  Дырэктар музея Алена Рыбкавец нам расказала, што ўнікальную калекцыю перадаў у Дрыбін Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцей. Там знаходзіцца шмат цікавых экспанатаў, у тым ліку і рэдкія іконы. Іх спрабавалі вывезці за мяжу, але яны былі затрыманы на таможні.
Дзякуючы жэсту добрай волі брэсцкіх краязнаўцаў, жыхары Дрыбінскага раёна маюць магчымасць пазнаёміцца з такімі выдатнымі народнымі творамі, як іконы “Ражаство святой Багародзіцы”, “Святыя Гурый, Авіў і Сымон”, “Святая Параскева”, “Святы Мікалай”, “Ісус Хрыстос і святыя” і шмат іншых.
Калекцыяй ікон з Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея цікавяцца замежныя турысты, якія спецыяльна едуць сюды, каб душой дакрануцца да святынь ХVІІІ і ХІХ вякоў. Мяркуецца, што калекцыя можа паехаць у Італію, адкуль наконт гэтага прыйшла просьба вернікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter