Аб культуры замовілі... цэлай праграмай. Для беларусаў свету ў краіне арганізуюць свята мастацтваў, а пры айчынных установах культуры створаць апякунскія саветы.

У краіне ўпершыню распрацавалі дзяржаўную праграму “Культура Беларусі на 2011—2015 гады”.
У гэтым дакуменце — асноўныя напрамкі культурнага развіцця дзяржавы на бліжэйшыя пяць гадоў. Якія праекты нас чакаюць? Хто будзе іх фінансаваць? І што станецца, напрыклад, з неадрэстаўраванымі замкамі і сядзібамі? На гэтыя і іншыя пытанні “НГ” адказвае намеснік міністра культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ.

— Тадэвуш Іванавіч, чым прынятая дзяржаўная праграма на будучую пяцігодку адрозніваецца ад галіновай праграмы захавання і развіцця культуры Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады?

— Па-першае, праграма ў сферы культуры ўпершыню прынята на дзяржаўным узроўні. На патрэбы культуры плануецца выдзеліць значна больш бюджэтных сродкаў. Па-другое, дадзеная праграма больш аб’ёмная па зместу, мае іншую структуру, у ёй закрануты шырэйшы спектр праблем. Па-трэцяе, акрамя традыцыйных відаў дзейнасці ў праграме плануецца шмат інавацыйных падыходаў і мерапрыемстваў.

— Якія менавіта?

— Напрыклад, будзе створана сістэма стымулявання паступленняў пазабюджэтных сродкаў у сферу культуры. Мы плануем правесці рэспубліканскі конкурс “Мецэнат культуры”, пры нацыянальных і найбольш значных установах культуры стварыць апякунскія саветы. Будуць у беларусаў Нацыянальная электронная бібліятэка, Нацыянальны інтэрнэт-партал “Музеі Беларусі”, Рэспубліканскі цэнтр рэстаўрацыі і кансервацыі. Плануем поўную камп’ютарызацыю дзяржаўных музеяў і бібліятэк. Адбудуцца нацыянальны музейны фестываль “Інтэр-музей-Беларусь”, рэспубліканскія конкурсы “Нацыянальная тэатральная прэмія” і “Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва”.

— Які механізм фінансавання культуры плануе цяперашняя праграма?

— Будуць эфектыўна выкарыстоўвацца дзяржаўныя сродкі, прыцягвацца дадатковыя пазабюджэтныя інвестыцыі. Плануем развіваць пазабюджэтную камерцыйную дзейнасць і больш адаптаваць сферу культуры да функцыянавання ў сучасных рыначных умовах.
Для рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” запланаваны на 2011—2015 гады сродкі ў памеры 1144,7 мільярда беларускіх рублёў: 447,4 мільярда — з рэспубліканскага бюджэту, 691,8 мільярда — з мясцовых бюджэтаў і 5,5 мільярда — з пазабюджэтных сродкаў.

— У якіх напрамках будзе развівацца культурнае супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі?

— Адной з найбольш прадстаўнічых і масштабных форм міжнароднага культурнага супрацоўніцтва па-ранейшаму застаюцца Дні культуры Беларусі за мяжой і Дні культуры замежных краін у Беларусі, якія дазваляюць  пашыраць геаграфію культурных абменаў, знаходзіць новых партнёраў, аднаўляць раней страчаныя кантакты. Формы і змест іх правядзення будуць удасканальвацца. У 2011 годзе Міністэрства культуры плануе арганізаваць Дні культуры Беларусі ў Арменіі,  Туркменістане, Санкт-Пецярбургу, прэзентацыі беларускай культуры ў Еўрапейскім саюзе. У Беларусі пройдуць Дні культуры Венгрыі, Ірана, Катара, Кітая, Літвы, Украіны, Польшчы.
Дзяржаўная праграма прадугледжвае таксама правядзенне абменных фестываляў, конкурсаў, выстаў, канферэнцый, сумеснае святкаванне знамянальных гістарычных дат і юбілеяў асоб, якія належаць да агульнай спадчыны Беларусі і замежных краін. Будзе пашырана сетка беларускіх культурных цэнтраў у замежных краінах. У бліжэйшыя гады такія цэнтры павінны  адкрыцца ў Расіі, Літве, Латвіі і Германіі. У праграме адлюстравана таксама арганізацыя за мяжой стажыровак рэжысёраў, дырыжораў, оперных спевакоў, мастакоў і іншых творчых спецыялістаў дзеля вывучэння замежнага вопыту і наладжвання карысных кантактаў.

— Тадэвуш Іванавіч, а як мы будзем узаемадзейнічаць з суайчыннікамі за мяжой?

— Сёння Міністэрства культуры падтрымлівае кантакты з больш чым сотняй нацыянальна-культурных аб’яднанняў беларусаў у розных краінах свету. Важнай падзеяй у развіцці супрацоўніцтва Беларусі з суайчыннікамі за мяжой стала стварэнне летась пры Міністэрстве культуры Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа. Для далейшага пашырэння супрацоўніцтва з суайчыннікамі замежжа плануецца распрацаваць праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой” і міжгаліновай праграмы “Беларусы ў свеце” на 2011—2015 гады. Таксама правесці ў ліпені гэтага года свята мастацтваў беларусаў свету.

— Як будзе вырашацца адна з асноўных праблем сферы культуры — падтрымка і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсіх аб’ектаў культуры? Якая частка бюджэту будзе на гэта выдзелена?

— На закупку музычных інструментаў, гукаўзмацняльнай і асвятляльнай апаратуры, камп’ютарнага абсталявання для арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання будзе выдзелена звыш дзесяці мільярдаў беларускіх рублёў. Больш за 24 мільярды прадугле-джана на капітальны рамонт устаноў культуры, у тым ліку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Дзяржаўнага акадэмічнага драмтэатра імя Горкага, мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, Гомельскага дзяржаўнага цырка і многіх іншых. 16 аб’ектаў культуры ўключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2011 год з аб’ёмам фінансавання ў памеры 174 307 мільёнаў рублёў. Гэта палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, будынкі кінастудыі “Беларусьфільм” і іншыя. Плануецца распрацаваць дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі” на 2012—2018 гады з уключэннем 21 замка, якія патрабуюць аднаўлення, рэстаўрацыі і кансервацыі. За час рэалізацыі праграмы “Культура Беларусі” плануецца пабудаваць шэраг новых устаноў культуры, значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу музеяў і іншых культурных устаноў.

— Тадэвуш Іванавіч, якія змены чакаюць беларускі кінематограф?

— У краіне надаецца асаблівая ўвага развіццю кінагаліны. Кіраўніком дзяржавы была ўхвалена канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Беларусі на 2009—2014 гады. Падрыхтаваны шэраг законапраектаў у сферы вытворчасці кінастужак, дзяржаўнай рэгістрацыі і класіфікацыі фільмаў, прадастаўлення льготных крэдытаў пра-
дзюсарам і гэтак далей.
У адпаведнасці з праграмай да 2015 года плануецца капітальна адрамантаваць будынкі кінатэатраў, іншых месцаў паказу і фільмабаз, мадэрнізаваць усе кінатэатры краіны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, удасканаліць кінапраекцыйнае і гукавое абсталяванне кінатэатраў, забяспечыць іх сістэмамі аб’ёмнага гучання Dolby Digital, апаратурай для лічбавага кінапаказу. Акрамя таго, плануецца пабудаваць шэраг новых сучасных кінатэатраў.
Вельмі важна стварыць роўныя ўмовы для гарадскіх і сельскіх жыхароў у доступе да паслуг культуры. Плануецца  набыць 795 відэапраекцыйных сістэм і звыш 160 аўтамабіляў для кінаабслугоўвання жыхароў аграгарадкоў і аддаленых сельскіх населеных пунктаў.
Немагчыма пералічыць усе мерапрыемствы, пазначаныя ў дзяржаўнай праграме. Іх мэта — стварыць умовы і дзяржаўныя гарантыі для духоўнага развіцця грамадства, забяспечыць даступнасць культурных даброт і адукацыі ў сферы культуры розным групам насельніцтва. Спадзяёмся, што сумесна з аблвыканкамамі і мясцовымі органамі ўлады, з нашымі арганізацыямі і спецыялістамі на месцах мерапрыемствы праграмы ўдасца рэалізаваць у поўнай меры. Поспех праграмы залежыць ад скаардынаваных дзеянняў усіх зацікаўленых у тым, каб нацыянальная культура не толькі захоўвала свой багаты патэнцыял, але і развівалася, квітнела.

ТЫМ ЧАСАМ

Дадатковыя падатковыя льготы
будуць прадастаўлены арганізацыям у сферы культуры. Гэта прадугледжана Указам № 145 “Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі”.
Каменціруючы ўказ, начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры  Вольга Кананюк, патлумачыла: “Вельмі важна прыцягнуць у сферу культуры прыватны капітал. У Беларусі цяпер працуе мала арганізацый культуры недзяржаўнай формы ўласнасці”. Паводле яе слоў, указ будзе садзейнічаць прыцягненню пазабюджэтных крыніц фінансавання ў сферу культуры, стварэнню выгадных умоў для работы і фарміраванню прававой базы, якая стымулюе развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Дакумент прадугледжвае распаўсюджванне на юрыдычныя асобы незалежна ад форм уласнасці ўжо існуючых для дзяржаўных арганізацый культуры падатковых ільгот, а таксама прадастаўленне дадатковых падатковых ільгот, паведамляе БелТА. Гэта датычыцца падаткаў на дабаўленую вартасць, прыбытак, нерухомую маёмасць і зямельнага падатку.
Як адзначыла Вольга Кананюк, указам зацверджаны пералік паслуг у сферы культуры, пры рэалізацыі якіх на тэрыторыі Беларусі арганізацыі вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць. Сёння такі пералік ёсць, але новы ўтрымлівае большую колькасць паслуг і распаўсюджваецца на суб’екты гаспадарання незалежна ад форм уласнасці.
Акрамя таго, указам прадугледжаны льготы па падатку на дабаўленую вартасць па шэрагу работ, што асабліва важна для кінавытворчасці.
Пасля ўступлення ўказа ў сілу прыбытак, атрыманы арганізацыямі ад ажыццяўлення культурнай дзейнасці, не будзе абкладацца падаткам. Пры гэтым прадугледжаны напрамкі выкарыстання вызваленых ад падатку на прыбытак сродкаў. “У першую чаргу гэтыя грошы будуць накіраваны на набыццё і рамонт асноўных сродкаў, набыццё маёмасных правоў на аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў, неабходных для ажыццяўлення культурнай дзейнасці”, — растлумачыла начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter