Аб чым маўчаць кітабы?

Па унікальных помніках старажытнага татарскага пісьменства можна даведацца, якой была жывая беларуская гаворка XVI стагоддзя. Аднак вялікі кавалак нацыянальнай культуры, створаны беларускімі татарамі, пакуль застаецца недаследаваным.

Нашчадкі хана Тахтамыша, выгнанага з Залатой Арды і прынятага вялікім літоўскім князем Вітаўтам, вось ужо больш шасці стагоддзяў жывуць на беларускай зямлі. Ці мог тады ён здагадвацца, што татары-коннікі, выкліканыя ім на падмогу ў абароне, не з’едуць на сваю этнічную радзіму, а настолькі прыжывуцца, што для іх тут “...пясок, вада і дрэвы будуць агульнымі”? Такімі словамі татары на шаблях давалі прысягу, што будуць верныя беларусам. І не адышлі ад абяцанняў. Агульнай для іх стала яшчэ і мова. Прыкладна з XVI стагоддзя татары сталі гаварыць па-беларуску. Але хоць і асіміляваліся, ім удалося захаваць сваю веру і самабытную культуру. Яны вымушаны былі перакладаць сваю літаратуру. Так з’явіліся славянамоўныя тэксты, напісаныя арабскай вяззю. Сёння яны маюць вялікае гісторыка-філалагічнае значэнне для абодвух народаў.

Татары пакінулі нам у спадчыну тэджвілы, хамаілы, дуалары, караны... Найбольш каштоўныя з усіх помнікаў арабскай графікі — рукапісныя кнігі Аль-Кітабы, што ў перакладзе з арабскай мовы азначае “кніга”. Яны на сваіх старонках нясуць не толькі легенды пра жыццё і дзейнасць прарока Мухамада, апісанне абрадаў, рытуалаў, абавязкаў мусульман, біблейскія апавяданні, але і адлюстроўваюць асаблівасці старадаўняй беларускай гаворкі. арабскае пісьмо беларускіх татараў у адрозненне ад кірыліцы і лацінкі выдатна передае адметнасці яе гучання. Цікавыя кітабы і ў плане сваёй літаратурнасці. У іх змяшчаюцца тэксты аванцюрных усходніх аповесцяў, павучальных апавяданняў.

Сёння ў дзяржаўных фондах Беларусі захоўваецца сорак адна кніга — помнік рукапіснай кніжнасці беларускіх татар. Гэта, дарэчы, крышку больш, чым у краінах, якія стагоддзі таму ўваходзілі ў склад ВКЛ. Маю ўвагу прыцягнуў кітаб у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Там ён адзіны. Трапіў ён у яе фонды пасля канфіскацыі на Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

Вось ён — пасланец мінуўшчыны... Ад яго цёмна-карычневага скуранога пераплёту, выгнутага ад цяжару часу, патыхае гісторыяй. Гартаеш пажухлыя па краях таўставатыя старонкі і адчуваеш цяпло рук аўтараў кнігі, яе ўладальнікаў.

“Ствараючы кітабы, татары імкнуліся перадаць беларускія словы з найбольшай дакладнасцю, і цяпер па гэтых тэкстах можна вывучаць спецыфічныя асаблівасці фанетыкі беларускай мовы XVI стагоддзя, — расказвае галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Станкевіч. — Кітаб, што захоўваецца зараз у нашых фондах, не мае дакладнай даты стварэння. Звычайна ў такім выпадку “дзень нараджэння” кнігі спрабуюць вызначыць па паліграфічных прыкметах, вывучэнню паперы. На вобмацак папера кітаба, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі,  тоўстая, крыху шурпатая. Яна не мае філіграннай сеткі, таму мы і аднеслі яе да другой паловы XIX стагоддзя. На старонках былі знойдзены вадзяныя знакі ў выглядзе дзвюх кірылічных літар “Н” і “П”, напісаных курсівам. Так звычайна абазначаліся ініцыялы ўладальнікаў фабрык, дзе закуплялася папера. Аднак па сучасных даведніках не ўдалося знайсці імёнаў уладальнікаў і, такім чынам, пазначыць дакладны час вытворчасці паперы”.

Адной з адметнасцей гэтага кітаба з’яўляецца тое, што напісаны ён атрамантам двух колераў: цёмна-карычневым — увесь тэкст, а чырвоным вы-дзелены загалоўкі, ключавыя словы. Рукапіс напісаны папулярным беларускім почыркам — насхам, які мае мясцовую асаблівасць (крыху сплюшчаныя па шырыні літары).

Словамі былых уладальнікаў сёння гучыць голас унікальнага помніка татарскага пісьменства на беларускай мове: “Пісаў Ібрагім Хасяневіч канец не хачу далей пісаць гэты кітаб закончыў у пятніцу...”, “Гэты кітаб пакупил Сулейман Сафарэвич”. І, хто ведае, можа, праз некаторы час невядомыя факты нашай гісторыі са старонак кітабаў будуць даследаваны і зоймуць пачэснае месца ў вянку скарбаў нашых культур.
Па выніках апошняга перапісу ў нашай краіне налічваецца больш за дзесяць тысяч грамадзян татарскай нацыянальнасці.

 

Цікава ведаць

За 600 гадоў, якія татары жывуць на гэтай зямлі, яны вельмі многае перанялі ад беларусаў, але і самі зрабілі некаторы ўплыў на іх. Яны перадалі свае навыкі ў конегадоўлі, агародніцтве, гарбарстве. Нямала слоў татарскага паходжання зараз ужываецца ў беларускай мове. Напрыклад, баран, гурт, кабан, качка, каўбаса, тавар, кішэнь, сабака, тытунь і іншыя.

Беларускіх татараў мелі ў сваіх радаводах знакамітыя пісьменнікі — Генрык Сянкевіч, Францішак Багушэвіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter