«А я ў свата мыю хату...»

Крымскiя  нататкi

Крымскiя  нататкi

Выбраўся я ў Крым цягнiком. Еду адзiн у купэ, углядаюся ў краявiды за акном. 

На тэрыторыi Украiны падсаджваецца жанчына немаладых гадоў. Не паспела ўвайсцi ў вагон — i адразу за кнiгу. «Вы, мабыць, педагог цi навукоўца?» – не стрымаўся я. «Так, вы амаль што адгадалi. Я – прафесар, узначальваю кафедру ў Кiеўскiм iнстытуце псiхалогii i сацыяльных даследаванняў. У мяне ў самой з дзесятак кнiжак па навуковых праблемах». 

Алена Барысаўна магла б пайсцi ўжо на заслужаны адпачынак, махнуць куды-небудзь за мяжу, бо мае французскiя каранi, але прызналася, што не можа пакiнуць тое, чаму прысвяцiла ўсё сваё жыццё. «Толькi каб яшчэ трохi падмацоўвалi матэрыяльна. Дзвесце даляраў, якiя я атрымлiваю, — цi ж гэта грошы? Таму супрацоўнiкi i разбягаюцца: Пятроў у камерцыю падаўся, Львоў пераехаў да вас, у  Беларусь... Засталося работнiкаў – дзве трэцi ад патрэбнага. А дзе ўзяць болей? Нядаўна Геначка з вашага Бабруйска ў нас кандыдацкую абараняў. Дык ён жа, пэўна, сваёй навуцы служыць. У вас там, ведаю, з гэтым парадак, як i ва ўсiм астатнiм!» 

Расказала Алена Барысаўна, што з-за хваробы на астму яе муж вымушаны быў пераехаць у Крым, пад Алушту. Там ён працуе ў мясцовай гаспадарцы, пабудаваў невялiкi домiк. Так што жывуць на два дамы... 

* * * 

Размясцiлiся мы ў адным з прыморскiх пансiянатаў: тэле­вiзар, халадзiльнiк, а ў сусе­дзях – пенсiённага ўзросту мужчына. Руслан Муталiбавiч прад­ставiўся: «Служу ў свата, мыю яму хату...» А пасля растлумачыў: сын яго жанаты на дачцэ дырэктара пансiяната. Пансiянат – прыватны. 

Пазнаёмiлiся мы i са сватам Руслана Муталiбавiча, быццам някепскi чалавек. Такую курортную ўстанову з адмiнiстрацыйным корпусам, жылымi памяшканнямi, сталовай, барам-рэстаранам i iншымi падсобнымi памяшканнямi «адгрукаць» не кожны здольны. Але Руслан Муталiбавiч нiяк не можа пагадзiцца, што цяперашнi час патрабуе iншых узаема­адносiн, нават для родзiчаў i блiзкiх людзей: грошы выйшлi на першы план... 

* * * 

У Бахчысараi я быў гадоў сем—восем таму назад. Тады ж пазнаёмiўся з Iльмi Умеравым, якi ўзначальваў мiжрэгiянальны татарскi менджэлiс. Мне ён падаўся даволi памяркоўным чалавекам. I я заўважыў: «Вам бы стаць на чале мясцовай улады!» 

Прыязджаем у Бахчысарай: Умераў – кiраўнiк горрайадмiнi­страцыi. Iльмi Рустамавiч пра­водзiць прэс-канферэнцыю з журналiстамi. Распавядае. У прамысловасцi, па сутнасцi, адзiн адметны завод, якi больш-менш устойлiва працуе, на вёсцы  ззяюць пустымi аканiцамi жывёлагадоўчыя фермы. Беспрацоўе. А турызм, а курортнае аздараўленне? Адказвае: «Пакуль не набралi патрэбных сiл». 

У той праграме пераўтварэнняў, пра якую вёў гаворку Умераў, не было навiзны: «Мы будзем выкарыстоўваць тыя землi, якiя даюць большую аддачу, працаваць па-сучаснаму,  ашчадна. Акрамя таго, i нацыянальныя адносiны давядзецца адладжваць, бо ў раёне гэткая сумесь: рускiя, украiнцы, татары! Здараецца i самавольны захоп зямель...» 

I вось я ўжо думаю: «Умераў – урач па прафесii, як у яго пойдзе справа на капiтанскiм мосцiку?» 

* * * 

...«Сябры», «бацькавы дзецi», «нашы дарагiя беларусы» – вось як да нас звярталiся ў Крыме. I ўсюды сустракалi са шчыраю цеплынёй. Яна  — своеасаблiвая рэакцыя на ўзрастаючы аўтарытэт нашай дзяржавы, яе  кiраўнiцтва, Прэзiдэнта. Шчыра кажучы, было вельмi прыемна. Бо спрыяльныя перамены, якiя адбываюцца ў нас, найлепш вiдаць, як кажуць, здаля. 

Крым таксама нам прыадкрыўся. Падарыў новыя знаёмствы. Тое, што не адштурхоўвае, а  прыцягвае. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter