ТОП-темы

«А вясною ажанiцца — людзi насмяюцца! А восенi падаждацi — дзеўкi напяюцца!»

15:38, 1 марта 2026
Какими песнями и традициями живет Толочинский район? Новый выпуск проекта «Галасы вёсак»
Талачыншчына — край, дзе гiсторыя бярэ за руку i вядзе па мясцiнах, якiя памятаюць шмат чаго цiкавага

На Талачыншчыне пераплялiся тры веры, але святы адзначалi ўсе разам. Мова гучыць па-рознаму: дзе — мякка, з польскiм адценнем, а дзе — густа, з прысмакам спрадвечнай беларускай гаворкi. Але ў кожным слове — цяпло, якое перадаецца з вуснаў у вусны, ад прабабуль да праўнукаў. Пра гэтыя жывыя галасы i пра людзей, што нясуць iх праз час, трэцяя серыя нашага праекта «Галасы вёсак». Рушым услед за надыходзячай вясной, каб пачуць, як пахне масленiчны блiн, як гучыць валачобная песня i як б'ецца сэрца бацькоўскай зямлi, якую не намаляваць нiводным пэндзлем.

Святлана Забела, Уладзімір Драздоў, Любоў Шпунікава, Марыя Пілючонак, Аляксандр Дземьяновіч.

Нявестка ў каморачцы

Калiсьцi на Масленiцу ўсё было iнакш: на стаўбы лазiлi, у лапту гулялi, а блiны пяклi проста на вулiцы — з дымам, з ветрам, з самаварам, якi зіхцеў бокам. Славенскi сельскi дом культуры i сёння захоўвае гэты дух — не музейны, а жывы, з якiм можна сесцi за стол, адламаць кавалак масленiчнага каравая i пачуць гiсторыю, якой больш за сто гадоў.

* * *

Запрашаем вас да нас,

Сёння госцi вы ў нас,

Калi ласка, калi ласка!*

Будзем шчыра вас шанаваць,

Частаваць i песнi спяваць,

Калi ласка, калi ласка!*

Вам жадаем жыць сто гадоў,

А здароўя — сорак пудоў,

Калi ласка, калi ласка!*

* Гэтыя радкi спяваюць два разы.

Святлана Забела
тут адна з галоўных апавядальнiц. Яна адразу папярэджвае: песнi, што спявае, не проста словы, а гiсторыi, якiя бачылi яшчэ яе прабабулi.

— Як сабiралася бяседа вясёлая, бабулькi мае пелi. Я абычна спяваю яе з сваiмi сёстрамi (у мяне пяць сясцёр). Такая iнцярэсная. Называецца «Як пайду я ў каморачку». Гэта пела нявестка, бо яна жыла раней як? Гэта цяпер у нас жывуць усе ў сваiх кватэрах, усё даецца: дзетак наражалi, кватэрку палучылi, а не — калхоз даў. А тады жылi ўсе разам. Гавораць: «Хто гэта зрабiў?» — «Нявестка». — «Дык яе ж няма!» — «А ўн яе спаднiца вiсiць». Гэта мясцовая песня Талачынскага раёна, яе спявалi (зараз ужо гэтай вёскi няма) у вёске Зялёныя Дубы. Шчэ спявала мая прабабка па майму дзеду.

* * *

1. Як пайду я ў каморачку,

Клонiць маю галовачку.

Спаць хачу, спаць!

Спаць не веляць,

Iдзе свякроў, пытаючы,

Каморачку крываючы:

Спiш, дзеўка, спiш?

Спiш, негадзяй!

Усё дзела ня дзелана,

Бела воўна ня часана,

Чорны пужаль ня праджаны,

Бела пшона ня мелена.

Спiш, дзеўка, спiш?

Спiш, негадзяй!

2. Як пайду я ў каморачку,

Клонiць маю галовачку.

Спаць хачу, спаць!

Спаць не веляць,

Iдзе свёкар, пытаючы,

Каморачку крываючы:

Спiш, дзеўка, спiш?

Спiш, негадзяй!

Усё дзела ня дзелана,

Бела пшона ня мелена,

Белы пужаль ня праджаны,

Чорны пужаль ня часаны.

Спiш, дзеўка, спiш?

Спiш, негадзяй!

3. Як пайду я ў каморачку,

Клонiць маю галовачку.

Спаць хачу, спаць!

Спаць не веляць,

Iдзе мiлы, пытаючы,

Каморачку крываючы:

Спiш, мiлка, спiш?

Спiш, малада!

Усё дзела падзелана,

Бела пшона памелена,

Чорны пужаль пачасаны,

Белы воўна пачасана.

Спi, мiлка, спi.

Спi, малада!

Святлана смяецца i кiвае самой сабе:

— Вось так i я: 42 гады ў свайго мiлкА — мIлка.

— Якiя адносiны былi памiж цешчай i зяцем, нявесткай i свякрухай? — пытаюся.

— Скажу па сабе: вродзе i добра. Пасварылiся адзiн раз. Мамка сына раўнавала, бо дужа кахала, а я ж яго тожа любiла, але ж i я маладая, я ж хазяйка. Усяк бывала, як павязець.

Велiкодная ноч з мамай

Ларыса Сазурава разважае пра тое, як мянялiся жыццё i вера. Расказвае пра святы, якiя не маглi вытравiць нiякiя забароны.

— У нас як было? З ранняга дзяцiнства, хоць раней i казалi, што Паска — гэта не, нельзя празнаваць. Дажа дзяцей спецыальна адпраўлялi ў школу, каб не было Паскi. Гэта ўжо ўсё прашло. Потым у нашай сям'е былi Паска, Каляды, Тройца — святыя днi, калi (нас трое: я i два брата з сем'ямi) мы ўсе збiралiся i на гэтыя святы ўсё врэмя мы шлi да бацькоў. I цяпер дзецi нашы, як святы, тожа ходзяць да бацькоў.


Дарэчы, у Славенях хросных называюць «татусь» i «матуся».

Самы кранальны ўспамiн гэтай сустрэчы — ад Святланы Забелы. Яна расказвае пра Вялiкдзень, пра маму i пра тое, як звычайныя рэчы станавiлiся абрадамi.

— Мама налiвала ў таз вядро вады калодзезнай. Туды лажылi крашанае яечка. I давалi первым, асобенна дзевачкам, умывацца, каб былi румяныя, каб былi шчочкi ў iх, каб замуж iшлi, каб дома не сядзелi, каб здаровенькiя былi.

Асаблiвае месца ў яе сэрцы займаюць успамiны пра сумеснае з мамай выпяканне пасак на Вялiкдзень. Гэта было сапраўднае сакральнае дзейства.

— Я з мамай усягда пекла булкi. Мы з ёй пяклi ўсё врэмя ноччу. Ужо ўсе палягуць спаць. Яна ўчыняла цеста. А ўчыняць цеста — гэта ж нада памыцца i ў чыстае ўсё апрануцца. I каб на душэ было харашо, у гэты дзень нiхто нi з кiм нiякiх ня вёў (спрэчак. — Заўв. аўт.). Мама толькi ўлыбалася. Зачынялася цеста гэта, яго перакрэшчывалi, каб было i цiханька, i радасна на душэ, малiтву чыталi, патом гэта ў печку, i тады яйкi красiлi. Дванаццаць гадзiн настала — мы з мамай хрыстосуемся, разбiваем па яйку i тады ўжэ iдзём спаць.

Масленiчны каравай

Iна Чацвярэнька.
У Коханаўскiм гарпасялковым доме культуры Iна Чацвярэнька ў складзе мясцовага творчага калектыву сустракае нас з незвычайным частаваннем — пышным пiрагом, упрыгожаным як сапраўдны каравай.

— Гэты каравай незвычайны. Гэта масленiчны пiрог-каравай. Раней, калi былi незамужнiя дзяўчаты i хлопцы, на Масленiцу iм вешалi калодку. Гэта быў апошнi шанс выйцi замуж альбо жанiцца. Таму жанчына, у якой добрае сямейнае жыццё было, пекла гэты каравай. Ён складаўся з частак. У кожную частку клалi пэўную начынку. Можна была пакласцi i гузiкi, i манеткi, гароднiну, ягады.

Каб жаданнi спраўдзiлiся, а лёс павярнуўся тварам — кожны, хто адломлiваў сабе кавалак, спадзяваўся на шчаслiвую начынку.

Кацярына Навіцкая, Жанна Шэміт і Мікола Левановіч сустракалі нас з незвычайным частаваннем.
 
Жанчыны ўспамiнаюць сваё дзяцiнства. Перад вачыма паўстае карцiна: уся вёска на вулiцы, смех, беганiна i пах блiноў, якi разносiцца на некалькi кiламетраў. Раней як праходзiла Масленiца? I пелi на вулiцы, i танцавалi, i ў лапту гулялi, i на стаўбы лазiлi, усялякiя падарункi атрымоўвалi. А потым збiралiся за вялiкiм сталом.

А яшчэ быў асаблiвы рытуал — пяклi блiны проста на вулiцы, на калодках. Працягваюць гэту традыцыю пячы блiны на калодках i сёння.

Iна Чацвярэнька прызнаецца: самае смачнае — не проста з'есцi блiн, а ведаць, што за iм стаiць. Яна расказвае пра хатнiя традыцыi, якiя перайшлi да яе ад бабулi:

— Дома, калi пяклi самы першы блiн, калi толькi пачыналася Масленiца, яго клалi на прыпечак — для продкаў.

А яшчэ Iна ўспамiнае, як у дзяцiнстве, калi прыязджала да бабулi ў вёску Валькi Талачынскага раёна, не магла зразумець яе дзiўных слоў. Бабуля настойвала, што цэлы Масленiчны тыдзень трэба есцi блiны. А калi мацi Iны выйшла замуж, на першую Масленiцу бабуля спецыяльна прыязджала ацэньваць яе блiны — цi вартая нявестка яе сына.

Iна Чацвярэнька са шкадаваннем успамiнае бабулiны словы, якiя знiкаюць разам з часам. Раней, калi яна прыязджала ў госцi, то часта не разумела, што ад яе патрабуюць. Напрыклад, слова «баржэй» азначала «хутчэй». А аднойчы бабуля папрасiла: «Схадзi ў стопку, прынясi мне салодкага малака». Што такое салодкае малако, Iна ўжо ведала — так называлi сырадой. А вось дзе тая «стопка» — здагадацца не магла. Пахадзiла па хаце, нават у буфеце паглядзела, дзе ўзяла шкляначку, але малака не знайшла. Прызналася маме: бабуля сярдуе, хоча салодкага малака, а яна не можа яго знайсцi. Мама растлумачыла: «Выйдзi на двор. Ведаеш, як у склеп спускацца? Там ёсць яшчэ такi пакой. Ён называецца стопка». У той стопцы, успамiнае Iна, было як у халадзiльнiку. Бабуля не прызнавала шкляныя слоікі — малако захоўвалi ў глiняных гарлачыках. Iна кажа, што дагэтуль памятае смак таго малака. I вельмi шкадуе, што ў дзяцiнстве не хадзiла за бабуляй i не запiсвала ўсе гэтыя ўнiкальныя словы, фразы i песнi.

Вечары на печцы

Аболецкi дом фальклору — месца незвычайнае. Тут не проста захоўваюць песнi — iмi жывуць. I калi жанчыны пачынаюць спяваць, здаецца, што самi сцены рассоўваюцца, i перад табой паўстае не аграгарадок, а цэлая гiсторыя з валачобнiкамi, вясельнымi клубкамi i таемнымi сцежкамi да касцёла.

Ганна Колюшка, стваральнiца народнага фальклорнага калектыву «Суседзi», нарадзiлася ў 1917 годзе ў вёсцы Крывыя. Яна ведала безлiч песень, якiя спявалi яшчэ да яе. Вось адна з iх:

Народны фальклорны калектыў «Суседзi».


* * *

Iшлi рэчкi-ручаёчкi к зялёнаму саду.*

Гукаў дзяцюк дзяўчоначку к сабе

на параду.

Парай-парай, дзяўчоначка,

як роднаму брату:

Цi вясною ажанiцца, цi восенi ждацi?

А вясною ажанiцца — людзi насмяюцца!

А восенi падаждацi — дзеўкi напяюцца!

Iшлi рэчкi-ручаёчкi к зялёнаму саду.

* Кожны радок спяваецца два разы.

Лiлiя Аўласенка ўспамiнае сваё дзяцiнства:

— Я была малая. На печке сядзiм, а к нам чалавек шэсць прыйшло. Гарманiсты свае былi. Мамы, бабушкi спявалi. Работы было многа, а адной сядзець вечарам скушна. I збiралiся на цупраткi — умесце пралi, вязалi, а после скакалi, пелi, расказвалi паданнi.

— Кожны вечар? — удакладняю.

— Амаль кожны вечар, бо як пачынаецца такая пара, што ўсе работы паробленыя, рана цямнее, тады ўсе i збiралiся. I да позняга, пакуль вясной...

Ганна Iванаўна Падбельская дадае:

— Пачыналiся градкi, праца на вулiцы. Кожны дзень, толькi хто пусцiць у хату, да таго i збiралiся. Хто добры чалавек, той пускаў, а хто злы, к таму й самi не шлi.

Гiсторыя з уцёкамi

Асобная старонка памяцi — Вялiкдзень i валачобнiкi.

* * *

Iз-за лесу, лесу цёмнага

Яснае сонца ў ваконца*

Iшла тучка валачобная

Валачобнiчкi валачылiся

Валачылiся — памачылiся

За Ганнiн зачапiлiся

А Ганнiн двор на пугурачку

На пугурачку, на падмурачку

Масцi кладку — завi ў хатку

Чарку гарэлкi, сыр на тарэлкi

* Гэты радок паўтараецца пасля кожнага радка.

Ганна Iванаўна тлумачыць:

— З гэтай песняй хадзiлi па валачобнiках. Первы дзень Вялiкання, значыць, ходзюць вечарам.

— Гэта прыветственная песня, — дадае Лiлiя Леанiдаўна. — Тады хазяiн выходзiць, чэствуець гэтых валачобнiкаў, а мы ў ватвет пажадальную песню спяваем:

* * *

Гаспадынька як малiнка

Яснае сонца ў ваконца*

У яе дзетачкi як кветачкi

Мы жадаем вам шчасця, радасцi

Каб скацiнка была i прыплод дала

Каб кароўка твая ацялiлася

Каб авечачка акацiлася

Каб было з гусей мяса кадушка

Мяса кадушка — пер'я падушка

Каб вам на ёй добра спалася

Пра нашы жаданнi ўспамiналася

* Гэты радок паўтараецца пасля кожнага радка.

А калi траплялi на негасцiнны двор, гучала зусiм iншае:

* * *

Мы вам пелi, старалiся

Яснае сонца ў ваконца*

А вы за вуглы пахавалiся

А цяпер пойдзем да той хаты

А дзе будуць нам дужа рады

* Гэты радок паўтараецца пасля кожнага радка.

Лiлiя Леанiдаўна ўспамiнае:

— Мы меньшыя — нас не бралi ў валачобнiкi: «Дзецi, ня путайцеся пад нагамi, адыдзiцiся». А мы ж следам! Адна парцiя прайшла людзей, тады iдзе другая. Дужа iнцерэсна было!

— Быў адзiн мужчына — Сямён Кавалёў. Яго жонка не пускала ў валачобнiкi: «Во, ты, валацога, як пойдзеш з вечара!» А можуць днi два-тры хадзiць па валачобнiках, пака явiцца! Бо ж гарманiст, а гарманiст быў на ўсю дзярэўню нарасхват. Дачка яго ўзяла запёрла ў баню. Сядзяць: «Не, папка не пайшоў у валачобнiкi!» Мы ёй — Аня, ну пусцi ты бацьку, хай сходзiць нам паiграiць. «Не пушчу!» А ён вакно выняў цiхонечка i пайшоў па валачобнiках. Сядзiм, чуем — гармонiк недзе грае. «Не, бацька наш дома, я яго запёрла ў бане». Пашла — у бане вакно вынята i бацькi няма.

А яшчэ, дадае суразмоўца, раней чакалi валачобнiкаў з пачастункамi:

— Хто яйцы крашаныя даець, а хто i сырыя. А тады, каб пасмяяцца, наложуць гэтаму Сямёну ў карман. А тады: «Што-то ў вас такое?» Хлёп па карману — разбiў!

Тры канфесii — адна вера

Ганна Iванаўна звяртае ўвагу на асаблiвасць краю:

— У нас ужывалiся тры канфесii. У кожнага былi свае традыцыi, свае святы, але ўсе ўмесце атмечалi.

— А вясну гукалi? — удакладняю.

— Гукалi! Моладзь хадзiла на поле, збiралiся. Раней жа не было iнтэрнэта, каб засесцi там.

I напявае песню, якой сустракалi вясну:

* * *

Шырокая наша масленка-масленка,

Вылецела з куста ластаўка-ластаўка. 

А спытайце ў ластаўкi-ластаўкi,

Колькi нядзель масленкi-масленкi?

Адна нядзелька — й тая караценька

масленка-масленка.

Ганна Iванаўна тлумачыць яшчэ адзiн старадаўнi звычай:

— Калодкi вешалi тым, хто ў возрасце ўжо, но ён нежанаты або незамужняя. Пападуць дзе-нiбудь на вулiцы i вешаюць калодку. А ён тады патрэбен адкуплiвацца: прыглашае к сабе дамой (або ў карчму) i расчытваецца. Дужа не хацелi, каб вешалi, уцiкалi. Другi раз так стаiш, цiхонечка дзяржыш калодачку за спяной, раз — павешалi. Вешалi на шыю.

Дарога да касцёла

А яшчэ ў гэтых мясцiнах памятаюць пра сцежку, якая вяла да касцёла ў Смальянах.

— Тут быў з касцёла ў Смальяны (зараз аграгарадок у Аршанскiм раёне. — Заўв. аўт.) ход. Нават можна было праехаць на каню. Возле касцёла адкапвалi грабнiцы, там хавалi паноў. Там да гэтай пары ёсць складзеныя з цаглiн склепы. Там Богу малiлiся. Калi я была ў пятым класе, там быў iнтарнат. Хадзiлi туды начаваць.

Была там i асаблiвая святыня — статуя Божай Мацi:

— Была статуя каталiцкая Боскай Мацi. Побач з храмамi жыла жанчына. Яна, як прыйшлi немцы i была акупацыя, вынесла з касцёла iконы i статую. Вочы былi, быццам плакала. Другi раз молiшся — i слёзы цякуць.

Ганна Iванаўна задумваецца, а потым пачынае спяваць пра весялейшае, маўляў, не верыць мужык жонцы, хоць яна яму i верная:

* * *

1. А ў цёмнам лесе сава кугiча,*

А ў чыстым поле муж жонку клiча.**

2. Ты, жонка Ганна, хлопцам паддана,*

Хоць мужа маеш, а ўсiм маргаеш.

3. Калi, мой мiлы, ты мне ня верыш,*

Павесь званочак на падалочак.

4. Калi хто тронець — званок зазвонiць,

А ты пачуеш, мяне ўратуеш.

5. Званочак звонiць у саду ля хаты,

А муж ня чуе: ён глухаваты.

6. А ў цёмнам лесе сава кугiча,*

А ў чыстым поле муж жонку клiча.**

* Два разы.

** Кожны куплет паўтараецца два разы, пры паўторы першы радок спяваюць адзiн раз.

Вясельныя выпрабаваннi

Лiлiя Леанiдаўна расказвае пра вясельныя традыцыi, якiя чула ад сваёй мацi.

— Прыхадзiлi ў сваты i давалi клубок нявестцы. Клубок разматвалi i спутвалi, вузялкi вязалi. I тады ей давалi. I еслi яна спакойна разбярэ гэты клубочак i вузелкi развяжаць (не псiхуець, ня нервнiчаець), значыць, гэта ўжо сто працэнтаў яе бралi замуж.

А яшчэ быў звычай з венiкам:

— Маладзяку давалi венiк, мол, падмяцi ў хаце. Еслi ён з хаты мяцець, ад цэнтра хаты i ў парог, у ганак, на выхад, значыць, будзе гуляшчы, а еслi ўжо начынаець ад парога i от так от к цэнтру ў хату, значыць, будзець гаспадарам.

Суразмоўца пераказвае такую гiсторыю:

— Раней не то што там улюблялiся, встрэчалiся год-два, а тады ўжо ў сваты шлi. Раней панравiлася дзяўчына — i iшлi тады ў сваты. Мамка мая гаворыць: сяджу на печы, заходзяць. «Чаго ты, Аляксейка, к нам такi гурбой зайшоў?» А ён: «Валюша (так маю маму звалi), злазь з печы». А яна: «Я тут пасяджу». Бабушка злезла. Жанiх быў Вiця, а свёкар — сват. Кажа: «Наш бык к вашай цёлке прывык». А мамка засмяялася: «Мама, наша ж цёлка яшчэ саўсiм малая».

I ў вынiку замуж за яго яна не пайшла: засаромелася. Ёй было гадоў 17.

Ганна Iванаўна Падбельская таксама ўспамiнае, як да яе сваталiся.

— Колькi разоў? — усмiхаюся.

— Адзiн, бо я выйшла замуж у 18 гадоў. Мы сустракалiся вельмi даўно, доўга. Ён прыехаў да нас працаваць, на чатыры гады старэй мяне. Я яшчэ школу канчала. А ён ужо заатэхнiкам прыехаў у калхоз. Вельмi не спадабаўся, але з дзяўчатамi паспорылi: «Ну ты адзiн раз схадзi, мы табе канфет цэлы кiлаграм купiм!» Я i павялася на гэта. Адзiн раз рашыла, што за канфеты схаджу. А аказалася, што 50 гадоў пражылi.

I напявае песню пра дзяўчыну, якая таксама не хацела замуж:

* * *

Непраўдзiвая калiна*

А казала: цвiсцi ня буду

Белага цвету не пушчу

Чырвоную ягаду не ўраджу

А прыйшла пара — зацвiла

Чырвону ягаду ўрадзiла

Непраўдзiвая Манечка

А казала: замуж не пайду

Маладога Ванечку не люблю

А прыйша пара — ды й пайшла

Маладога Iваньку палюбiла

I ў яго слядок ступiла

* Кожны радок спяваюць па два разы.

Вяселле ж гулялi тры днi, i без жартаў не абыходзiлася.

— Спачатку малады прыязжаў за маладой — у яе гулялi. Пасля забiраў, вёз да сябе — там гулялi. I на трэцi дзень «ганялi сучку». Зяць прывозiў да сябе цёшчу. Падносiў ей цукерак, што маладая добрая, чэсная. Ужо ж першая ноч прайшла. Наражалася якая-нiбудь жанчына (цi мужчына) — i пад стол! За ногi хватала: тапак якi снiмець, цi туфель, цi бот. I тады ўжо адкуплiвалiся.

Не абыходзiлася, вядома, i без самагону. Ганна Iванаўна тлумачыць мясцовую назву пасудзіны, дзе яго зберагалi:

— У нас гавораць: фляга. А за 8 кiламетраў адсюль — лагун.

Рэч iдзе пра вялiкi посуд з вечкам на 40 лiтраў, больш вядомы як бiтон.
Падарожжа па Талачыншчыне адкрывае свет, дзе мова гучыць па-рознаму, але заўжды шчыра: у Абольцах — з прысмакам старажытных валачобнiцкiх напеваў, у Славенях — з цяплом матчынай малiтвы над велiкодным цестам, у Коханаве — з водарам масленiчнага блiна, спечанага на вулiцы. Тут ведаюць, што такое «стопка» i «баржэй», памятаюць, як дзядоў запiралi ў лазні, каб не ўцёк з гармонiкам, i як калодку вешалi тым, хто заседзеўся без пары. У наступнай серыi праекта «Галасы вёсак» мы зноў рушым у дарогу, каб адшукаць новыя мелодыi, легенды i абрады, якiя беражлiва захоўваюць нашы вясковыя людзi. Чакайце ў госцi!
grudnitskiy@sb.by

Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Не доводить до греха