А Волечка была як родная. “Донька, я такая страдная”, — гаварыла матуля, якая дажыла да 102 гадоў.

— Сэрцу горка з-за таго, што не ведаю нічога пра сваю зводную сястру Вольгу Яфімаўну РАБЧАНКА, — расказвае падпісчыца нашай газеты з Калінкавіч Таццяна Яфімаўна Курашова. — Шмат гадоў шукаю інфармацыю пра яе, але безвынікова.

— Сэрцу горка з-за таго, што не ведаю нічога пра сваю зводную сястру Вольгу Яфімаўну РАБЧАНКА, — расказвае падпісчыца нашай газеты з Калінкавіч Таццяна Яфімаўна Курашова. — Шмат гадоў шукаю інфармацыю пра яе, але безвынікова.

Здарылася так, што перад вайной матуля чытачкі Ірына Сілічна выйшла замуж за ўдаўца. Не хацела выходзіць, але маці ўгаварыла дзяўчыну. Ва ўдаўца было 5 дзяцей: Дуня, Параска, Вольга, Соня і Рыгор. Жылі яны ў вёсцы Багрымавічы Капаткевіцкага раёна Палескай (зараз Гомельскай) вобласці.
— Маці любіла і глядзела дзяцей, шкадавала іх, як родных, — працягвае Таццяна Яфімаўна. — А лёсы ў іх склаліся так.  Соня ў шасцігадовым узросце перад вайной памерла ад хваробы. Немцы ў вайну спалілі дом, жылі-гаравалі ў зямлянцы. Рыгор у падлеткавым узросце захварэў і памёр. Дуня выйшла замуж, але яе мужа спалілі ў вёсцы Пціч разам з яе жыхарамі. Параска трагічна загінула ў маладым узросце. А Вольгу, якая прыкладна 1924—1925 года нараджэння, у 1942 годзе пагналі на прымусовыя работы ў Германію, у горад Берлін. Разам з ёй былі Ліда Бічан і Ганна Завізіён з той жа вёскі. Абедзве пасля вайны вярнуліся дамоў.
Па расказах сябровак вядома, што 17—18-гадовых дзяўчат з усіх навакольных вёсак пагрузілі на станцыі Пціч у крытыя вагоны і павезлі ў Германію. У Берліне размеркавалі каго куды, а Вольгу чамусьці адправілі ў канцлагер. Дзяўчаты-аднавяскоўцы наведвалі яе ў лагеры, але ў адзін з дзён не ўбачылі. Што з ёй здарылася, яны не ведаюць.
— Калі яны вярнуліся пасля вайны дадому, расказалі пра ўсё маім бацькам. Гэта прынесла новае гора. Маці плакала і сама сябе ўшчувала, што перад паездкай не паспела перахрысціць Вольгу хаця б услед, можа, тады засталася б жывой, — успамінае жанчына.
У час вайны ў сям’і Рабчанка нарадзіліся Варвара і Пётр, якія памерлі ад хваробы. Пасля вайны на свет з’явіліся Васіль і Уладзімір. Абодвух родных братоў Таццяны Яфімаўны таксама няма ўжо. А яна нарадзілася ў 1951 годзе, калі бацькі былі пажылымі.
— Бацька памёр у 1972 годзе. А матуля  дажыла да 102 гадоў. Увесь час казала мне: “Донька, я такая страдная”. Сапраўды, хапіла ёй гора, — хвалюецца расказчыца. —  У мяне ж двое дзяцей, маю траіх унукаў. На зіму прыязджаю да дачкі ў Мінск. Але не дае спакою лёс сястры. Звярталася ў многія беларускія і расійскія архівы, ды безвынікова. Дапамажыце знайсці сястру або месца пахавання маладой і прыгожай 18-гадовай дзяўчыны, якой бы жыць і жыць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter