Фестиваль юмора в Автюках пройдет уже в 11-й раз

Аўцюк з палкай страшнейшы за танк

У гэты незвычайны музей катэгарычна забаронена ўваходзіць усім, хто не мае пачуцця гумару

Каб стаць сапраўдным аўцюком, неабавязкова нарадзіцца ў Малых Аўцюках. Дастаткова пражыць у сталіцы гумару некалькі дзясяткаў гадоў.


Як ветэран педагагічнай працы Мікалай Горб, які жартуючы расказвае, што ў Аўцюкі «замуж выйшаў».

— Спачатку, калі гаварыў, што аўцюк, мяне называлі прыблудам, а потым, праз гады, на мае ж словы «я не аўцюк» тыя самыя людзі адказвалі: «Калі ты не аўцюк, то хто тады аўцюк?» — смяецца Мікалай Пятровіч.

Мікалай Горб працуе ў сістэме адукацыі Калінкавіцкага раёна больш за 40 гадоў. Пачынаў майстрам вытворчага навучання Малааўцюкоўскага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната, які потым узначальваў да яго закрыцця, апошнія гады выкладае тэхнічную працу ў Малааўцюкоўскай школе.

Якое дачыненне педагог мае да Аўцюкоўскага фестывалю гумару, які адбудзецца ў Калінкавіцкім раёне 28—29 ліпеня ўжо ў 11-ы раз, запытаецеся вы? Самае непасрэднае. Мікалай Горб — стваральнік і дырэктар музея гумару, які адкрыўся ў 2007 годзе.

Экспанаты для музея, што размясціўся на трэцім паверсе школы, дапамагалі збіраць вучні, калегі, аднавяскоўцы. Большасць з іх Мікалай Пятровіч прыдумаў сам. Падрыхтаваў экскурсаводаў, сапраўдных маленькіх аўцючкоў, і пачаў арганізоўваць экскурсіі. У журнале для наведвальнікаў, які падпісаны як «Сховішча водгукаў», нямала слоў удзячнасці.

Сёння і мы здзейснім невялічкую віртуальную экскурсію па экспазіцыі, дзе на кожны экспанат без смешачак не глянеш. Адразу папярэджваю: уваход у музей з кіслым тварам забаронены! Гэта не мы прыдумалі — так напісана на дзвярах.


Экспанаты насамрэч унікальныя. Тут вам і наглядная інструкцыя вырошчвання свіней па-аўцюкоўску, двума спосабамі — удаўжыню і ўшырыню, і кубак для няпрошаных гасцей, і крэсла для падхалімаў з нагнутай уперад спінкай, і рэчы, якія часцей за ўсё аўцюкі забываюць у гасцях, каб на другі дзень была магчымасць за імі вярнуцца, і гіганцкае яйка з кранікам, і буквары для кожнага класа, і народныя сродкі выхавання… Амаль усе экспанаты суправаджае дасціпны жарт ці анекдот, вершаваныя радкі. Дарэчы, некаторыя з іх Мікалай Горб склаў сам. Напрыклад, гэты:

Аўцюкі і навалокі ў згодзе жывуць,
Хоць часам, здараецца, б'юцца.
Калі навалока пыхціць:
«Я таксама аўцюк», —
Як тут не стукнуць яму,
Скажыце мне, людцы?..

Асобнай увагі заслугоўвае экспазіцыя «Аўцючаняты смяюцца», у якой сабраны малюнкі і жарты самых малых жыхароў знакамітай на ўсю Беларусь вёскі.

Мікалай Пятровіч з гонарам паведаміў, што быў у складзе журы першых трох фестываляў.

Удосталь насмяяўшыся, перш чым развітацца, цікаўлюся ў дырэктара музея: 

— А што тут робіць гэтая вялікая таўшчэзная палка?..

— Як? Вы гэтага не ведалі? Ніколі не чулі, што аўцюк з палкай страшнейшы за танк?! — здзіўлена падымае ўверх бровы Мікалай Горб.

— Прабачайце. Цяпер буду ведаць.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter