Навошта ў карэспандэнта «СГ» у эфіры правяралі веданне роднай мовы і чаму прапанавалі спець «Чарку на пасашок»

А той гарматы – кату на пяту

У МАЁЙ біяграфіі адзінаццаць гадоў навучання ў беларускамоўнай школе. Але прапанова паўдзельнічаць у віктарыне тэлеканала Беларусь 3 «Размаўляем па-беларуску» мяне, па праўдзе кажучы, трохі ўсхвалявала. Усё ж такі ў жыцці рэдка прыходзіцца размаўляць на мове. Аднак вядучая праграмы Алена ТРАЦЭНКА супакоіла: тэлегульня менавіта і створана для тых, хто мовай валодае недасканала або ўвогуле ніяк, але цікавіцца і вельмі хоча гаварыць. Я згадзілася на авантуру, села на начны цягнік і ўжо а дзявятай гадзіне раніцы была ў будынку тэлерадыёкампаніі «Гомель», дзе, дарэчы, і здымаецца тэлевіктарына. 

З КАМАНДАЙ аднадумцаў пашанцавала: за гульнявы стол са мной сталі Кацярына Халімоненка, карэспандэнт раённай газеты «Голас Веткаўшчыны», і Марыя Ганькіна, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама. 

Здымаць тэлеперадачу пачынаюць у дзевяць гадзін раніцы, аднак наша каманда прыйшла ў студыю раней. Папіць гарбаты перад гульнёй не атрымалася: Алена Трацэнка адразу паставіла задачу — выбраць капітана і прыдумаць цікавую назву для каманды. І тут пачалося! «Эрудыты», «Энтузіясты», «Крэатыў», «Чараўніцы» — першае, што прыйшло ў галаву. Мы разумелі: як карабель назавеш, так ён і паплыве. І вось у самы апошні момант вырашылі: каманду назавём «Натхняльніцы». З капітанам таксама вызначыліся — гэта буду... я. 

Пакуль ламалі галаву над візітнай карткай, у пакой завітала яшчэ адна каманда: малодшыя навуковыя супрацоўнікі Таццяна Цітова і Юрый Панкоў, а таксама экскурсавод Вераніка Пятрова — супрацоўнікі Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. Прыемныя маладыя людзі, нават праціўнікамі назваць іх неяк няёмка. Але гульня ёсць гульня, будзем уступаць у бой. 

«Да запісу праграмы не так шмат часу, а вы не падрыхтаваныя, — хвалюецца аператар. — Марш на грым». Прыадкрыю сакрэт для тых, хто ніколі не быў у студыі тэлебачання, але вельмі хоча трапіць у кадр. Чорнае і белае лепш не надзявайце, клетачку-палосачку таксама, бо гэтым створыце праблемы для аператараў. Аб усім астатнім за вас паклапоцяцца. Што можа быць больш прыемным для дзяўчыны, чым наводзіць прыгажосць? Таму з радасцю згадзілася, каб са мной папрацавалі — паправілі прычоску і падфарбавалі вусны. Дарэчы, грыміруюць хлопцаў таксама, бо студыйная камера добра ўспрымае колеры, і твары блікуюць ва ўсіх.

Вось такімі прыгожымі і нафарбаванымі нас запусцілі ў студыю на запіс праграмы. Мікрафоны на нас прымацоўвала гукарэжысёр Наталля Белянкова. Агульную «карцінку» кантралявалі рэжысёр праграмы сур’ёзная Вікторыя Дубавец і асістэнт рэжысёра Андрэй Паварыч. Мы высвятлялі дробязі, без якіх ніводная праграма не можа адбыцца: куды глядзець, як стаяць, якой рукой ціснуць кнопку. Некалькі разоў удзельнікаў мянялі месцамі для лепшай карцінкі. Усім працэсам у студыі кіравала вядучая праграмы — абаяльная Алена Трацэнка. 

ГУКАРЭЖЫСЁР звярнулася да ігракоў і папрасіла палічыць да дзесяці. Так праверылі, ці добра працуюць мікрафоны. Апаратура ў норме, хутка можам пачынаць. Але спачатку трэба крыху патрэніравацца. Мы па чарзе сталі знаёміць вядучую з нашымі камандамі, прычым адразу на беларускай мове. Трэба ж прызвычаіцца, што менавіта так і пойдзе гульня. 

«Наша каманда — «Натхняльніцы». Такую назву выбралі невыпадкова: спадзяёмся, што гульня натхніць гледачоў на вывучэнне роднай мовы. Прыехалі мы з розных гарадоў: я — з Мінску, дзяўчаты з Веткі. Усе — прадстаўнікі творчых прафесій, таму, упэўнены, і гульня будзе творчай», — пачала я. Другая каманда таксама не разгубілася: «Для нашага гуртка выбралі назву «Скарбніца», бо дзякуючы прафесіі са скарбамі працуем часта», — паведаміла капітан Таццяна. Трэба адзначыць, што такі творчы падыход да выбару назваў вельмі спадабаўся і стваральнікам праграмы: вядучай, рэдактару і эксперту-мовазнаўцу. Здаецца, што візітка была адзінай рэччу за ўсю гульню, якую мы выканалі на выдатна.

Потым патрэніраваліся і ў перакладзе. Вядучая засыпала нас рускімі словамі, мы ў адказ прыводзілі беларускія адпаведнікі. «Пакуль нічога складанага», — сышліся на думцы. Але гэта толькі пачатак...

Гукарэжысёр дае каманду «Пачынаем». «Прывітанне, паважаныя гледачы! Гэта віктарына «Размаўляем па-беларуску», у якой кожны можа паспрабаваць сябе ў ролі лінгвіста. У час перадачы вас нязменна чакаюць станоўчыя эмоцыі і прыемныя ўражанні!» — прывітала тэлегледачоў і ўдзельнікаў Алена Трацэнка. «А яшчэ і хваляванне», — кажа мне на вуха Кацярына. І сапраўды, калі пачаўся рэальны запіс, аж сэрца выскоквала — так было страшна. Але гэта нармальная сітуацыя, растлумачыла потым вядучая. Не кожны ж дзень даводзіцца паказваць веданне мовы, ды яшчэ на камеру. 

Пасля прадстаўлення каманд мы адразу засумняваліся ў сваіх сілах, бо перад намі — такія моцныя сапернікі. І нездарма...

Віктарына складалася з пяці тураў: «Прыгадваем», «Перакладаем», «Тлумачым», «Ужываем», «Цытуем». Трэба сказаць, першае заданне, як гэта бывае заўсёды, было лёгкім. Мы займаліся перакладам з рускай мовы на беларускую слоў «цыпленок», «табуретка», «пальто», «волна», «тыквенное семечко», «пушка». Праўда, з апошнім словам наша каманда не справілася. Як гучыць «пушка» на роднай мове, мы, дзяўчаты, што лагічна, проста забылі. Аднак тут на дапамогу прыйшоў юнак. Юрый адрапартаваў: «Дык гэта ж гармата!» — «І праўда, гармата», — з роспаччу ў голасе згадзіліся мы. У гэтым конкурсе выйграваў той, хто хутчэй ціснуў на вялізную кнопку. Рабіць гэта мог толькі капітан. Прызнацца, добрай рэакцыяй я ніколі не вызначалася, таму часцей на пытанні адказвала каманда «Скарбніца». 

Дарэчы, запіс праграмы ідзе з невялічкімі перапынкамі. Некаторыя моманты перазапісваюцца. І гэта вельмі добра, што тэлегульня выходзіць не ў прамым эфіры, бо наша хваляванне толькі сапсавала б перадачу. Зразумела, што прысутнічала таксама часам і разгубленасць. Таму першы тур для нас быў быццам знаёмства. 

У ДРУГІМ конкурсе мы перакладалі ўжо словазлучэнні і сказы. І тут ігрок адной каманды супрацьстаяў іграку іншай. Падказваць — ні ў якім разе нельга (аднак, калі вельмі хочацца, то ціхенька можна). У тупік нас паставіў нескладаны выраз: «Не отчаивайтесь — все обойдется». Тут на дапамогу прыйшоў эксперт — пісьменнік Святаслаў Крупенька:

— Калі перакласці літаральна, то гэта гучыць так: «Не адчайвайцеся — усё абыдзецца». Але можа быць і так: «Не трацьце надзеі, не шкадуйце, не варта шкадаваць...» 

Вось колькі варыянтаў! А мы і адзін прыгадаць не змаглі. Сорам, ды і годзе. Аднак усё ж такі тур адыгралі добра і нават крыху ўпэўніліся ў сваіх сілах: можам, калі захочам. Значыць, не ўсё так дрэнна, надзея на перамогу яшчэ ёсць. 

У трэцім конкурсе Алена Трацэнка прапанавала нам патлумачыць сэнс рэдкаўжывальных беларускіх слоў. У якасці падказкі — тры варыянты адказаў звычайных людзей, якіх апытвалі на вуліцы. Нам жа патрэбна было з гэтых варыянтаў выбраць правільны адказ. Тады на рахунак — дадатковыя тры балы. Словы былі сапраўды не самыя знаёмыя: «басалыга», «кухаль», «мажлівы», «бабушы», «радно», «дбайны». Адно з іх усё ж такі мы растлумачылі няправільна. Нам здалося, што кухаль — гэта прыстасаванне для выграбання попелу з печы. Насамрэч — шкляны бакал для піва. Цікавае значэнне і ў слова «бабушы». Аказваецца, гэта абутак без заднікаў, тыя ж самыя пантофлі. Нават у Віталя Вольскага ёсць такі радок: «У бабушах тут ходзяць амаль усе. Дзіўна, як гэтыя вялізныя пантофлі не падаюць з ног». Дарэчы, аўтары праграмы прапаноўвалі такія варыянты адказаў, якія адзін да аднаго блізкія па гучанні. Таму пераблытаць значэнні не так і складана. Вось які хітры ход. 

І ўсё ж, як вы разумееце, гэта былі кветачкі. Бо справа дайшла да фразеалагізмаў і нашага ўмення да месца іх ужываць. Тут усе мы «паплылі». «Скарбніцы» дастаўся выраз «кату па пяту». Нам — «здымаць стружку». У ходзе невялічкай дыскусіі прыйшлі да высновы, што лепшым аналагам будзе «сем шкур садраць». Сэнс зразумелі, сінонім падабралі, просценькі сказ таксама склалі. Як не дзіўна, дзве каманды справіліся з заданнем паспяхова. Аднак некаторыя адказы ўсё ж такі прыйшлося перазапісаць. Як на грэх, у студыі пачала лётаць муха. 

Ну а ў апошнім конкурсе ўсе мы заспявалі. І што б вы думалі? «Чарку на пасашок». Прычым пелі нават тыя, у каго ні слыху няма, ні голасу. Так што даруйце, калі пачуеце гэтыя спевы ў эфіры. У гэтым конкурсе задача была на першы погляд простая — працягнуць фразу, у паэтычным заданні, акрамя гэтага, трэба яшчэ даць назву і прыгадаць аўтара слоў. Лепшым знаўцам літаратуры сярод удзельнікаў нашай каманды была Кацярына Халімоненка: яна памятала не толькі вядомыя песні, але і вершы беларускіх паэтаў. Тым не менш мы дакладна «затармазілі» на ўрыўку твора Максіма Багдановіча «Па-над белым пухам вішняў». Забылі мы такую прыгожую назву, і не далічыліся цэлых трох балаў. 

ГУЛЬНЯ праляцела хутка — менш чым за сорак хвілін. Дарэчы, раней праграма выхадзіла ў пяціхвілінным фармаце. Алена Трацэнка пасля гульні дадае: «У іншым фармаце, але з той жа назвай і мэтай — папулярызаваць беларускую мову — тэлепраект знаёмы гледачам Гомельшчыны з 2010 года. Ініцыятарам ідэі быў Віктар Котаў — на той момант кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Гомель». Рускі па нацыянальнасці, ён вельмі хацеў бачыць адукацыйны беларускамоўны праект на тэлебачанні. Спачатку гэта былі невялічкія замалёўкі на нейкую вызначаную тэму, напрыклад, прывітанне і развітанне па-беларуску. З цягам часу канцэпцыю змянілі прынцыпова. Цяпер «Размаўляем па-беларуску» — гэта тэлевіктарына (аднак і пяціхвілінныя выпускі ў праграме перадач Гомельскага тэлебачання і тэлеканала Беларусь 3 знайсці можна). Мне людзі часта гавораць: «Хачу размаўляць па-беларуску, але няма з кім, а яшчэ баюся памыліцца». Адказваю: «Прыходзьце на запіс, у нашай студыі не сорамна размаўляць і памыляцца. Дзесьці ж трэба пачынаць!»

...Хто выйграў у віктарыне, казаць не буду. Гэта стане падставай яшчэ раз пачуць родную мову з экрана тэлевізара. Скажу толькі, што ў падарунак ад тэлеканала Беларусь 3 кожны атрымаў кнігі. Мне, напрыклад, дастаўся зборнік «Старажытная беларуская літаратура». Вось пачытаю ўсе 400 старонак — і стану больш дасведчанай. Тады зноў можна прасіцца ў гульню «Размаўляем па-беларуску».

Тым часам у дыктарскай шэсць новых ігракоў. Настройвайцеся, будзе цікава!

Таццяна БІЗЮК, «СГ»

bizyk@sb.by

Фота з архіва Гомельскай ТРК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter