А набыў экспанат банк

Калекцыю Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi  ўпрыгожыла знакамiтая «Радзiвiлаўская карта»

Калекцыю Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi  ўпрыгожыла знакамiтая «Радзiвiлаўская карта»

Адной з версiй знакамiтай карты Вялiкага княства Лiтоўскага, так званай Радзiвiлаўскай (альбо «Радзiвiлаўкай») папоўнiлася калекцыя Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi. Гэты унiкальны экспанат набыў для яго «Белзнешэканамбанк», адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасцi якога з`яўляецца сфера культуры. Як адзначыў на ўрачыстай цырымонii перадачы карты дырэктар музея Сяргей Вечар, сучасная беларуская музейная справа дагэтуль не ведала выпадку, каб якая з фiнансавых арганiзацый выступала ў якасцi мецэната з падобным каштоўным падарункам.

«Радзiвiлаўская карта» – сапраўдная гiсторыка-культурная каштоўнасць, не атласны варыянт, а асобнае выданне, якое датуецца 1613—1630 гадамi. Гэта першая буйнамаштабная карта Вялiкага княства Лiтоўскага, якая на працягу двух стагоддзяў – з пачатку 17-га да канца 18-га – з’яўлялася найбольш папулярнай i вядомай у Еўропе крынiцай ведаў пра магутную дзяржаву. Карта  была створана ў Нясвiжы па iнiцыятыве i за сродкi аднаго з багацейшых магнатаў ВКЛ Мiкалая Крыштофа Радзiвiла (Сiроткi). Малюнкi i мастацкае афармленне выдання зрабiў вядомы гравёр Томаш Макоўскi.

Паводле слоў вядучага навуковага супрацоў-нiка музея Iрыны Зварыка, поўная версiя карты складаецца з дзвюх частак: непасрэдна карты Вялiкага княства Лiтоўскага i карты нiжняга цячэння Дняпра з парогамi. Усяго на карце пазначана больш за тысячу населеных пунктаў, прычым 342 з iх — тыя, што знахо-дзяцца на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Цiкава, што, акрамя вялiкай колькасцi назваў, на палатне размешчаны i змястоўныя тэксты на лацiнскай мове з  краязнаўчымi звесткамi i каментарыямi.

Як паведамiў Сяргей Вечар, перададзеная гiсторыка-культурная  каштоўнасць зойме пачэснае месца ў будучай экспазiцыi музея (зараз вядзецца работа па стварэннi яе новай канцэпцыi). А ў канцы студзеня  «Радзiвiлаўскую карту» абяцаюць паказаць на выстаўцы новых паступленняў Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi. Мiж iншым, толькi за бягучы год яго багацейшыя фонды папоўнiлi яшчэ больш за 2 600 экспанатаў.

На здымку: цырымонiя перадачы «Радзiвiлаўскай карты» Нацыянальнаму музею гiсторыi i культуры  Беларусi. Дырэктар музея Сяргей ВЕЧАР i першы намеснiк старшынi праўлення «Белзнешэканамбанка» Валянцiн ЗАЯШ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter