А мы Масленку чакалі...

На гэтым тыдні будуць грымець карагоды і лунаць водар бліноў.

На гэтым тыдні будуць грымець карагоды і лунаць водар бліноў.

Як толькі ні называюць апошні тыдзень перад Вялікім постам: і Пусты, і Крывы, і Развітальны...
Але найбольш распаўсюджана ў народзе назва Масленіца, бо абрадавымі стравамі ў гэты час з’яўляюцца якраз масла і сыр. Свята гэта поўнае жартаў, забаў, асаблівай весялосці, гарэзлівасці і гуллівасці. Але толькі ў народнай традыцыі. Праваслаўная ж царква папярэджвае: у апошні тыдзень перад Вялікім постам неабходна быць стрыманымі.
Паводле праваслаўнай традыцыі, на Масленым тыдні вернікі паступова рыхтуюцца да подзвігу Вялікага посту. Не ўжываюць мяса, аднак дазваляюць сабе сыр, яйкі, масла, каб, паступова адмовіўшыся ад прыемных страў, без цяжкасці перайсці да посту.
— Царква не забараняе радавацца і весяліцца ў апошні  тыдзень перад Вялікім постам, — гаворыць іерэй Яўген Свідэрскі. — Гэта папярэднічае той радасці, якая наступіць пасля яго. На Масленым тыдні мы сустракаемся са сваімі блізкімі і сябрамі, запрашаем іх да сябе за стол з блінамі, праводзім час у цікавых гаворках. Бо ў Вялікі пост мы павінны будзем засяродзіцца больш на сабе і ўласных разважаннях, рыхтуючыся да Вялікага свята. Аднак трэба памятаць, што радасць наша павінна быць ціхай і спакойнай. Царква не прымае гучных застолляў і свецкіх забаў, у якія часта ператвараецца Масленіца, асабліва сярод людзей, далёкіх ад царквы.
Нескладана растлумачыць, чаму так адбываецца. На хрысціянскае свята накладваецца народная традыцыя, звязаная з адраджэннем пладаносных сіл зямлі — провадам зімы і жаданнем хуткага прыходу вясны. На Масленіцу рабілі і запальвалі кола, сімвалічна спальвалі ляльку-зіму, вадзілі першыя веснавыя карагоды, спяваючы: “А  мы Масленку чакалі, люлі, чакалі!/ Усю нядзельку выглядалі, люлі, выглядалі!”
 У народзе ў гэты час былі пашыраны вечаровыя гасцяванні і катанне на санках. Моладзь запрагала ў сані коней, упрыгожаных стужкамі і званочкамі, зяці завітвалі да цешчаў на бліны, якія ў народнай традыцыі ўспрымаліся як сімвал сонца і надыходзячай вясны. Што цікава, святкаванне Масленіцы ў народзе было падзелена па днях: непасрэдна адзначаць свята пачыналі ў чацвер, у пятніцу былі бяседныя застоллі,  а ў нядзелю — развітальная і прабачальная бяседа.
Даравальная нядзеля ёсць і ў праваслаўнай традыцыі: у апошні дзень перад Вялікім постам вернікі просяць адзін у аднаго прабачэння, каб прыступіць да посту з добрай душой, засяродзіцца на духоўным жыцці і з чыстым сэрцам сустрэць Вялікдзень.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter