“А Мікіта жыта паша...”.

На Случчыне танцуюць “Рашатуху” з паднятай на галаву спадніцай, а на Веткаўшчыне водзяць “стралу”, на якую прыязджаюць паглядзець з Масквы і Пецярбурга.

На Случчыне танцуюць “Рашатуху” з паднятай на галаву спадніцай, а на Веткаўшчыне водзяць “стралу”, на якую прыязджаюць паглядзець з Масквы і Пецярбурга.

Думаю, сябры, вы заўважылі, што сярод цудаў на нашым сайце не толькі храмы і сядзібы, крыніцы і дрэвы, унікальныя музейныя экспанаты і археалагічныя знаходкі. Ёсць сярод намінантаў на званне цуду Беларусі і такія рэчы, да якіх не дакранешся. Маю на ўвазе аб’екты нематэрыяльнай спадчыны: народныя абрады, песні, танцы... І гэтыя цуды патрабуюць аховы як ніякія іншыя. Казалі пра гэта і ўдзельнікі нашага круглага стала, які мы асвятлялі ў мінулую суботу. І калі песні з абрадамі можна запісаць і захаваць хоць на паперы, то танцы можна перадаць толькі ўжывую. Між іншым, беларусы валодаюць настолькі багатым танцавальным фальклорам, што нам могуць пазайздросціць многія народы. Кожны рэгіён вызначаецца сваімі танцавальнымі асаблівасцямі, настолькі ўнікальнымі, што іх па праву можна называць ЦУДамі. Я папрасіла расказаць пра іх падрабязней даследчыка танцавальнага фальклору, этнахарэографа Міколу КОЗЕНКУ. У адказ Мікола Аляксеевіч запрасіў мяне ў вёску Мётча Барысаўскага раёна, паабяцаўшы не толькі расказаць пра беларускія танцы, але і паказаць іх “ужывую”. Заінтрыгаваная, я не магла не пагадзіцца.

Мядоцкі край

Пятніца, 6 гадзін раніцы. Вочы яшчэ не зусім расплюшчыліся пасля сну, а мы з Міколам Аляксеевічам ужо сядзелі ў цягніку. Для яго гэта ўжо звычайная справа: каторы год запар ён штопятніцу ездзіць у Мётчанскую сярэднюю школу—дзіцячы садок вучыць дзяцей спяваць і танцаваць па-беларуску. Усё пачалося 15 гадоў назад, калі Козенка вырашыў апрабаваць на базе гэтай школы сваю праграму “Традыцыйная культура і дзеці”.
— Калі раней дзяўчыну аддавалі замуж, яна ўмела спяваць, танцаваць, чытаць казкі, прасці, хлопец — класці печ і плесці кашы, — расказваў Мікола Аляксеевіч пад грукат колаў. — Сёння мы аднаўляем гэтыя традыцыі. З першага класа вучым дзяцей спяваць, танцаваць, вышываць... Традыцыі выхоўваюць чалавека духоўна, эстэтычна. Зберагаць і распаўсюджваць традыцыі свайго краю — так гучыць творчае крэда створанага на базе школы фальклорнага калектыву “Берагіня”, якому ў 2001 годзе быў нададзены статус узорнага. Толькі дзякуючы дзецям традыцыі могуць працягваць сваё жыццё.

Каза ў пару з мядзведзем

Пакуль дабіраліся да Мётчы, распытвала свайго спадарожніка пра танцавальныя асаблівасці беларускіх рэгіёнаў. Цікава ж ведаць, як бавілі час нашы продкі.
— Шмат на Беларусі  танцаў,  і ў кожным рэгіёне яны танцуюцца па-свойму, — расказваў Мікола Аляксеевіч. — Багата сустракаецца, напрыклад, “Коз”, якія танцуюцца і на вяселле, і на жніво, і на Каляды. У адным рэгіёне “козы” ходзяць з “жураўлямі”, у іншым — з “мядзведзямі”. Нават лявоніху, па якой пазнаюць Беларусь, у розных рэгіёнах танцуюць па-рознаму. Толькі ў Мётчы ёсць яе дзве разнавіднасці — парная лявоніха і лявоніха кадрыльнага тыпу.
Але акрамя разнавіднасцей аднаго і таго ж танца сустракаюцца на Беларусі танцы, характэрныя толькі для нейкай адной мясцовасці. Напрыклад, “Рашатуха” — дзіўны танец-гульня ў Слуцкім раёне.
— Гэта пазаабрадавы танец, які выконвала жанчына. Ёй ставілі на галаву рэшата, — тлумачыць назву танца Мікола Аляксеевіч, —  спадніцу падымалі і завязвалі над галовай — такім чынам яна трымала рэшата. На пояс жанчыне завязвалі пінжак і ў яго рукавы ўстаўлялі палку. І вось такім чынам, нічога не бачачы, жанчына танцавала.
Унікальная з’ява існуе ў Веткаўскім раёне — даўні ахоўна-засцерагальны абрад “Пахаванне стралы”, які звычайна праводзіцца на Ушэсце і сімвалізуе заканчэнне вясны і пачатак лета. Паглядзець, як мясцовыя жыхары водзяць  карагод-стралу, прыязджаюць нават з Масквы і Пецярбурга.

Настаўніца з 1914 года

Дарэчы, пакуль гаварылі, прыйшла і наша пара выходзіць з аўтобуса. Прыпынак зусім побач з сельсаветам. Праз некалькі хат і школа. Вёсачка настолькі невялікая, што, здаецца, тут усё  побач. У школьным калідоры сустрэлі бялявую Машаньку з акуратна заплеценымі коскамі. Яна хіба самая маленькая ўдзельніца “Берагіні”. З усмешкай павітала настаўніка з Мінска і пабегла ў танцавальную залу. Мае калектыў і сваю касцюмерную, і ўласны музей-кабінет з краязнаўчай літаратурай і фота-
здымкамі, зробленымі падчас выступленняў. Ёсць фота ажно з Францыі! Колькі гадоў таму “Берагіня” выступала на фестывалі ў Лё Пюі. А яшчэ тут на сценах развешаны партрэты тых жывых носьбітаў традыцый, без якіх “Берагіня” была б проста немагчыма.
— Усё пачалося з нашых паходаў да бабулі Аўгінні Грук, 1914 года нараджэння, у вёску Селішча, што за шэсць кіламетраў ад Мётчы, — расказваў Мікола Козенка. —  Яна спявала песні, расказвала нам казкі, вучыла нашых дзяцей танцаваць... Дзякуючы ёй нам удалося сабраць унікальны фальклорны матэрыял, які стаў асновай не толькі рэпертуару нашага калектыву, але і школьнага кнігазбору.

Традыцыям — жыць

Сёння ўсе тыя навыкі, якія дзеці атрымалі ад бабкі Аўгінні і іншых носьбітаў народнай культуры, яны дэманструюць на сцэне і ў жыцці. Лёгка, нязмушана, быццам гэтыя песні чулі з калыскі, а карагоды вадзілі з дзяцінства. І галасы ж у рабят! Здаецца, такімі толькі і спяваць народныя песні, так гучна, бадзёра:
Гэй, пасадзілі,
Гэй, пасадзілі
Чырвону каліну....
 І танцы ў іх атрымліваюцца не горш. Гледзячы на берагінцаў, я і сама была не супраць кінуцца ў скокі — таго ж “Мікіту” праз палкі станцаваць ці “Лысага” ў пары. Тым больш пад такую музыку! Акампаніравала танцорам Антаніна Абрамовіч — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, яна самастойна навучылася іграць і на гармоніку, і на цымбалах...
Я пацікавілася ва ўдзель-нікаў гурта, што значыць для іх уся гэта народная культура. Дзеці, на маё здзіўленне, адказалі не адразу. Напэўна, ад хвалявання ці сарамлівасці, падумала я. А пасля зразумела: проста дзеці не задумваліся над гэтым ніколі. Для іх фальклор не з’яўляецца чымсьці незвычайным і экзатычным. Для іх гэта проста жыццё, цікавае і насычанае, якому яны не даюць знікнуць.

7 унікальных танцаў Беларусі

  • Карагод “Страла” на Веткаўшчыне
  • “Жытняя каза” на Чачэршчыне
  • “Жабка” (вясельны рытуальны танец) на Мядзельшчыне
  • “Мікіта” на Міншчыне (танцуецца з палкай, пакладзенай на зямлю)
  • “Рашатуха” на Случчыне
  • Кадрыля на Гродзеншчыне
  • Танец “Чарэйка” на Сенненшчыне
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter