А куфэрачак проста адчыняўся

Для чего вам нужна карта поляка?

Дамаўляўся аб сустрэчы з адным знаёмым. Прапанаваў зручны, па маіх мерках, час пасля работы, але атрымаў адказ, што ён не зможа прыйсці: моўныя курсы. «Вучу польскую мову», — удакладніў ён. Пацікавіўся, навошта яна спатрэбілася? Адказ здзівіў: «На карту паляка буду здаваць. Прадзед мой, як аказалася, палякам быў. Праўда, ледзь даведку на гэты конт раздабыў». Прызнацца, думаў, што хваля гэта ўжо даўно схлынула — тыя, хто хацеў, атрымалі гэты дакумент. Але, выходзіць, і сёння ёсць такі-сякі попыт на яго, які выклікае прапанаванне. Працуюць моўныя курсы, дзе асвойваюць базавы ўзровень польскай мовы, сайты, на якіх грамадзяне дзеляцца вопытам, абмяркоўваюць нюансы гэтай, як аказалася, няпростай справы. Спадабалася перасцярога аднаго бывалага чалавека: «Отвечать необходимо только на польском языке и четко знать ответ на вопрос «Для чего вам нужна карта поляка?». Помните, что карта поляка выдается людям, которые относят себя к польскому народу и чувствуют себя поляками, а не для того, чтобы съездить в Польшу на заработки».

У гэтых радках — адказ на ўсе пытанні, якія былі наконт карты.

Не, афіцыйна ўсё куды больш прыгожа і пафасна. Польскія дзеячы заяўлялі, маўляў, асноўнай мэтай увядзення карты паляка з’яўляецца «выкананне вялікага доўга адносна некалькіх мільёнаў суайчыннікаў, якія не па сваёй віне, а ў выні­ку пасляваеннага зруху граніц на захад аказаліся па-за межамі радзімы». Маўляў, гэтыя людзі — ахвяры несправядлівых гістарычных рашэнняў, але яны засталіся польскімі патрыётамі, часткай польскага народа, падтрымліваюць традыцыі бацькоў, захавалі польскую мову. Але ж, відаць, не да канца, бо інакш моўныя курсы, дзе вучоба пачынаецца літаральна з алфавіта, ім наўрад ці спатрэбіліся б.

Ды і наконт ацэнкі «гістарычных рашэнняў» можна паспрачацца: пра зрух былой заходняй мяжы далей на захад палякі сціпла маўчаць. А вось навошта было ў свой час заходзіць за «лінію Керзона», за якой жыве іншы народ? Але ж паквапіліся, адарвалі ад гінучай імперыі кавалак, які назвалі Крэсы Усходнія. А потым усё ішло па наезджанай каляіне: як казаў адзін дзеяч, для захавання тэрыторыі патрэбны перапіс, карта, музей і школа. Распавядалі старыя, як у галодныя часы адразу пасля Першай сусветнай вайны, каб атрымаць амерыканскую дапамогу, цэлыя вёскі «запісваліся ў палякі». Бо размяркоўвалі яе, вядома, польскія ўлады па этнічным прызнаку і праз касцёл — выключна сярод сваіх. Як вучыліся ў школе на польскай мове, ішлі служыць у Войска Польскае, дзе працэсы паланізацыі працягваліся.

Але ж гістарычныя спрэчкі пакінем гісторыкам. Нам цікавей наш час. Праўда, нельга абысці ўвагай заяву пра мільёны суайчыннікаў у краінах СНД і Балтыі, дзеля якіх парламентам Рэспублікі Польшча 7 верасня 2007 года быў прыняты закон аб карце паляка. Невядома, як іх лічылі, але налічылі з вялікім гакам. Так, па даных апошняга перапісу, у нашай краіне палякамі сябе назвалі 249 549 чалавек. У Рассіі, згодна з данымі перапісу 2010 года, — 47 125 палякаў. Падсумуем 201 000 тых, хто жыве ў Літве, і 144 000 — ва Украіне, дададзім 44 000 латвійскіх палякаў і 34 000 казахстанскіх, не забудзем пра 300 азербайджанскіх — атрымаем недзе 718 000 чалавек. Што значна менш «мільёнаў палякаў», якія быццам бы жывуць у краінах СНД і Балтыі, на якіх распаўсюджваецца закон аб карце паляка. І, дададзім, непараўнальна менш, чым дыяспары ў ЗША (больш за 9 мільёнаў), Бразіліі, Германіі і Францыі (адпаведна 1,8 мільёна, 1,5—2 мільёны, больш за мільён). Крыху менш у Аргенціне, ЮАР, далёкай Аўстраліі, Італіі і Ірландыі. Карацей кажучы, крывавыя XIX і XX стагоддзі раскідалі палякаў па ўсім свеце… Але пра іх гэты закон чамусьці маўчыць…

Ды і час яго прыняцця кажа пра многае. Сапраўды, чаму хваля пяшчотнага клопату аб супляменніках на Усходзе не абрынулася на іх значна раней?

На пачатку стагоддзя на Захадзе было шмат размоў пра тое, што «сантэхнік Янэк» зойме працоўнае месца мясцовага Жана ды Ганса. Калі ў 2004 годзе Польшча стала членам Еўрасаюза, гэты сцэнарый стаў рэчаіснасцю. Так, калі ў 2001 годзе ў Англіі і Уэльсе, згодна з данымі перапісу, было 58 000 палякаў, то праз дзесяць год іх стала амаль у дзесяць разоў больш — 572 000. У выні­ку пасля шасці гадоў знаходжання Польшчы ў ЕС палякі сталі буйнейшай нацыянальнай меншасцю ў Брытаніі, а польская мова, згодна з данымі нацыянальнага ўпраўлення статыстыкі, выйшла ў краіне на другое месца пасля англійскай.

Калі на будаўнічых пляцоўках, у шпіталях, рэстаранах і гатэлях Англіі, Ірландыі, іншых краін ЕС працуюць палякі, то хто будзе выконваць гэтую самую працу ў самой Польшчы?

Вось тут і з’явіўся, як туз з рукава, закон аб карце паляка. Накіраваны ён большай часткай не на пенсіянераў Юзікаў і Данут, якія жадаюць наведаць раз у некалькі гадоў радню, паблукаць па гіперах і, магчыма, заглянуць у музей (бо бясплатна), а на маладых людзей і кваліфікаваных спецыялістаў, якія прыедуць вучыцца, зарабіць грошай. Бо адна з прывілей, якую дае гэтая карта, — магчымасць бясплатна атрымаць доўгатэрміновую шэнгенскую візу, гэта значыць, шмат разоў перасякаць польскую мяжу без усялякіх дадатковых дакументаў, а таксама легальна працаваць у Польшчы без атрымання спецыяльнага дазволу ці весці бізнес на тых жа падставах, што і грамадзянін гэтай краіны.

Карацей кажучы, галоўная мэта — прыцягнуць кваліфікаваных працоўных мігрантаў у Польшчу. А падтрыманне этнічных і моўных каштоўнасцей, на першы погляд, — другасная, пабочная. Але, калі разабрацца, не менш важная. Бо краіны, у якія прыязджаюць працоўныя мігранты з Азіі ці Афрыкі, праз нейкі час сутыкаюцца з праблемамі: моўнымі, рэлігійнымі, ментальнымі. Следства іх — нарастанне напружанасці ў грамадстве. А тут закручана так, што людзі фактычна здаюць экзамен на грамадзянства, на веданне мовы, гісторыі, культуры, дзяржаўнага будаўніцтва і г.д., што зводзіць да мінімуму магчымыя непаразуменні пры адаптацыі. І дазваляе канчаткова асімілявацца, застацца там на пастаяннае жыхарства.

У свой час Канстытуцыйны Суд нашай краіны выказаў сваю пазіцыю на гэты конт, падкрэсліў неадпаведнасць закона аб карце паляка асобным нормам міжнароднага права. Такая ж пазіцыя і Літвы, дзе звярнулі ўвагу на некарэктныя крокі польскага боку, які парушае прынцыпы добрасуседства, стварае напружанасць на этнічнай глебе. Але ці браць да ўвагі пункт погляду сусе­дзей, калі ва ўласнай краіне дэфіцыт працоўных рук?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter