Старшыня Слабодкаўскага сельсавета Станіслаў Кляпсня навёў на зямлі парадак і папоўніў казну

Аўкцыённы Кландайк

Старшыня Слабодкаўскага сельсавета Станіслаў Кляпсня навёў на зямлі парадак і папоўніў казну


ПАЧЫНАЛАСЯ гэта даволі дзіўная гісторыя звычайна. Прыехаў у камандзіроўку ў ААТ “Слабодка-агра” Браслаўскага раёна. У канторы паведамілі, што дырэктар на зернетоку, і папрасілі пачакаць у яго кабінеце.

Праз некалькі хвілін туды зайшоў высокі мажны чалавек, павітаўшыся, па-гаспадарску ўсеўся ў крэсла і пацікавіўся, што прывяло карэспандэнта ў іх мясцовасць. Пачуўшы, што да чаго, ён яшчэ больш палагаднеў і пачаў расказваць пра справы на палях і фермах. Ды так сыпаў лічбамі, называў імёны лепшых работнікаў, што я ледзь паспяваў запісваць. Міжволі з павагай падумалася: сапраўдны кіраўнік, усё ведае, усё ў галаве трымае, не трэба яму падказка ні эканаміста, ні бухгалтара.

Тут у кабінет шпарка зайшоў добрага складу мужчына сярэдніх гадоў і папрасіў прабачэння, што трохі затрымаўся.

На мой недаўменны позірк першы суразмоўца агарошыў:

— А вось і дырэктар гаспадаркі Аляксандр Дзегцяроў.

— Хто ж вы ў такім разе?

— Старшыня сельсавета.

Вось так давялося пазнаёміцца са Станіславам Кляпснем. І аказаўся ён у кабінеце кіраўніка гаспадаркі зусім невыпадкова, бо, як выявілася потым, Кляпсня — у дырэктара першы памочнік і дарадца. Ён арганізоўвае расчыстку прыдарожных палос ад кустоў, падбіранне камянёў з палёў, бягучы рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў, а вясною нават зладзіў загоны ля фермаў для выгулу цялят. У час нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю работнікі сельвыканкама і ён сам асабіста дзяжураць па графіку каля сянажных траншэй і на зернетоку.

Пералічваючы значныя справы свайго добраахвотнага памочніка, дырэктар нечакана павёў гутарку ў іншым напрамку:

— А няхай Станіслаў Вацлававіч лепш раскажа, як ён сабе на аўтамабіль зарабіў.

Той, бачна, не чакаў такога ад кіраўніка гаспадаркі, але і ўпірацца не стаў. 

Год восем таму, аб’язджаючы сельсавет, ён аказаўся ля вёскі Зарэчча. Вакол прыгажосць: возера Вейса з чысцюткай вадой, хваёвы лес. Вось толькі зямля не надта прыдатная для земляробства: больш той саляркі спаліш, чым ад яе аддачу атрымаеш. І ад цэнтра далекавата. І прыйшла тады Кляпсню ідэя: а чаму б не выставіць некалькі ўчасткаў зямлі на аўкцыён? Глядзіш, багатыя людзі купяць, добры рубель у сельсавецкую касу пакладуць ды і парадак заадно на зямлі навядуць.

 Катэджы ў Зарэччы.

Першы ўчастак пайшоў з малатка за 9 тысяч рублёў, хаця першапачатковая цана была ўсяго 5 тысяч. За другі атрымалі 7 тысяч. Далей — больш. Кожны наступны год сумы на аўкцыёнах узрасталі. Напрыклад, летась у Слабодцы быў прададзены ўчастак больш чым за 28 тысяч рублёў пры першапачатковай цане паўтары. На яго прэтэндавалі ажно 8 чалавек. У вёсцы Панцялейкі таксама пры стартавай цане ў паўтары тысячы за некалькі сотак зямлі заплочана больш 28 тысяч рублёў.

Праўда, не заўсёды ішло гладка, як хацелася б. Быў выпадак, калі, як прызнаецца Станіслаў Вацлававіч, давялося прадаць участак за перашапачатковую суму ў 2 тысячы рублёў. Аднак гэта, як кажуць, хутчэй выключэнне з правілаў.

Такім чынам, толькі летась Станіслаў Кляпсня зарабіў для свайго Савета на аўкцыёнах больш за 60 тысяч рублёў пры плане 7 тысяч. А калі дабавіць сюды дачнікаў, якіх каля чатырох соцень, то лічба ўзрастае да 100 тысяч. Напрыклад, дзяржава датавала Слабодкаўскаму сельсавету ў мінулым годзе толькі 20 тысяч  рублёў, а сёлета — і наогул 13 тысяч. Астатняе зарабілі самі.

На што ж пайшлі гэтыя мільёны?

— Школе выдзелілі 10 тысяч рублёў, столькі ж Слабодкаўскаму Дому культуры, 18 тысяч рублёў пайшло на рамонт вуліц і дарог, на навядзенне парадку на могілках. Перарабілі таксама ацяпленне ў бібліятэцы, дапамаглі адрамантаваць ФАП у Літоўшчыне, — загінае старшыня пальцы на руцэ. Іх яўна не хапае, і ён нарэшце прапануе праехаць па сельсавеце.

МАШЫНА ў старшыні новая, адна з апошніх вазаўскіх мадэляў.

— Старую больш рамантаваў, чым ездзіў, — тлумачыць Кляпсня. — Канечне, дала б машыну і дзяржава, як, дарэчы, і іншым маім калегам. Аднак былі заробленыя грошы ў касе, і мы самі купілі.

Адпраўляемся ў падарожжа са Слабодкі. У аграгарадку ўзорны парадак: што самі дамы, што каля іх — кветкі, газоны. Агароджы ўздоўж акуратных асфальтаваных вуліц філігранна выраблены з жалезабетону і з густам пафарбаваныя. На іх таксама выдаткаваў грошы сельсавет.

Мінаем Вусце, Панцялейкі, Зарэчча і іншыя. У гэтых вёсках таксама ёсць на што паглядзець, звычайныя сялянскія хаты суседнічаюць з высокімі катэджамі.

— Дачнікі або тыя, хто набыў участкі, наводзяць на іх прыгажосць, — каменціруе Станіслаў Вацлававіч. — І карэнныя жыхары не жадаюць уступаць у гэтым плане. Так і спаборнічаюць, а вёскі толькі выйграюць.

У Зарэччы каля першага прададзенага на аўкцыёне зямельнага ўчастка Кляпсня прыпыняе машыну, вітаецца з гаспадыняй, распытвае пра жыццё. Тая расказвае, як добра на выхадныя выбрацца са сталіцы і цудоўна адпачыць на прыродзе. 

Старшыня не прамінае напомніць, што ёсць яшчэ прывабныя ўчасткі для аўкцыёну.

На развітанне Станіслаў Вацлававіч частуе вялікімі смачнымі грушамі з уласнага саду. Любіць займацца ім у вольны час. Вырошчвае шмат розных сартоў пладовых дрэў. Выкапаў і зарыбіў сажалку. Завёў дзясятак калод пчол. Гэта на той выпадак, як ён зазначае, калі пойдзе на пенсію. Але жыхары Слабодкі і навакольных вёсак свой сельсавет без старшыні Станіслава Кляпсні не ўяўляюць.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter