А ў “Кіеве” — 3D. Учора ў Мінску адкрыўся адзіны ў краіне кінатэатр, дзе глядач можа трапіць прама ў фільм

40 гадоў таму ўпершыню прыняў гледачоў “Кіеў”. Але тады гэта быў раённы кінатэатр, а цяпер — вядучы ў сталіцы. Бо ён пакуль што адзіны, дзе паказваюць фільмы ў лічбавым фармаце Dolby 3D.

40 гадоў таму ўпершыню прыняў гледачоў “Кіеў”. Але тады гэта быў раённы кінатэатр, а цяпер — вядучы ў сталіцы. Бо ён пакуль што адзіны, дзе паказваюць фільмы ў лічбавым фармаце Dolby 3D. “Гэта значыць, што, седзячы ва ўтульным крэсле перад экранам, вы будзеце бачыць карцінку не простым вокам. Надзеўшы спецыяльныя акуляры, вы станеце саўдзельнікамі ігры герояў. Фільм “праглыне” вас разам з крэслам — такая ілюзія ствараецца чароўнымі акулярамі. І на час сеансу рэальны свет перастае існаваць. Застаецца толькі магія кіно”, — інтрыгуе дырэктар “Кіева” Валянціна Жорава.

Набыць білеты на ўчарашні сеанс, аднак, было немагчыма. Ажыятаж быў такі, што спадарыня Жорава нават папрасіла супакоіць публіку: “Адразу пасля адкрыцця мы даём па адным сеансе, але ўжо з суботы фільмы стануць паказваць тройчы ў дзень: а 13-й, а палове на сёмую вечара і а 20-й гадзіне”.
Першы фільм, які паказаў “Кіеў”, — гэта культавы цяпер ва ўсім свеце “Аватар”. Ён настолькі нашпігаваны рознымі спецэфектамі, што глядзець яго ў звычайнай кіназале — усё роўна што зусім не глядзець. Таму той, хто паспеў ужо ацаніць стужку, пабачыўшы ў іншых кінатэатрах, не змарнуе грошай і часу, калі паглядзіць яшчэ раз у “Кіеве”. “Не пашкадуеце!” — запэўнівае спадарыня Жорава. А паказваць “Аватар” плануюць да 1 сакавіка.
Кошт білетаў у бліжэйшы час будзе трымацца на ўзроўні (у сярэднім) 15 тысяч у будзённы дзень, 20 тысяч — у выхадны і на ўсе вячэрнія сеансы.
900 мільёнаў рублёў, між тым, было выдаткавана на пераабсталяванне “Кіева”. Лічбавы праектар набыты ў нямецкай кампаніі “Кінатон” — вядучай на рынку кінапраекцыйнай тэхнікі.
“Антызлодзей” — гэтая спецыяльная сістэма ўстаноўлена ў акулярах, праз якія глядач “уліваецца” ў фільм. Сістэма вартуе “аксесуар” ад аматараў прыхапіць яго ў якасці сувеніра.
Фасад “Кіева” між тым таксама абнавіўся. Зроблены спецыяльны пандус для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
280 мяккіх крэслаў чакаюць спадарства ў глядзельнай зале.
Экран у дыяметры мае 15 з паловай метраў.
Бар пачне працаваць, праўда, толькі праз два тыдні.
Навінкі пракату дапоўняць “меню” кінатэатра неўзабаве. Гэта “Вялікае падарожжа ў глыб акіяна”, “Шрэк назаўсёды”, “Аліса ў краіне цудаў”, “Гары Потэр”, “Як прыручыць цмока”. І ўсё — у фармаце 3D. Толькі ў “Кіеве”. І больш нідзе!

Тым часам

У глыбінцы — ужо 5D

У яшчэ больш дасканалым фармаце паказваюць кіно ў Маладзечне. Летась тут была зманціравана першая на Міншчыне 5D-зала. Такая ж ёсць і ў самім Мінску — у комплексе “Цэнтр-відэа” ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. У 5D-кінатэатры не толькі ствараюцца спецэфекты з дапамогай магічных акуляраў, а нават крэсла пад гледачом вібрыруе! Вы адчуваеце, як падскокваеце, падаеце ў прорву і г.д. Нават здаецца, нібы дождж б’е ў твар і чуюцца пахі... з экрана.

Аўтарытэтна

Васіль КОКТЫШ, генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат”: “70 мільярдаў рублёў вызваляць кінатэатры ад бюджэтнага фінансавання”

— Увядзенне інавацыйных тэхналогій у кінатэатрах Мінска працягнецца. Гэта прадугледжана праграмай развіцця кінасеткі сталіцы на 2008—2012 гады. Так, мяркуецца будаўніцтва ў мікрараёне Грушаўка на базе кінатэатра “Авангард” кінакомплексу з шасці залаў, абсталяваных кантэнтам 3D. Увогуле, у планах — мадэрнізацыя і капітальны рамонт дзесятка кінатэатраў. На ўсё трэба 70 мільярдаў рублёў, але гэта дазволіць павысіць эфектыўнасць работы кінатэатраў і адмовіцца ад бюджэтнага фінансавання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter