А дзе “Паўлінка”?

Не магу не выказаць сваё абурэнне наконт “сучаснага” варыянта жамчужыны беларускай драматургіі — купалаўскай “Паўлінкі”, стварэннем якога так ганарыцца адзін з беларускіх тэлеканалаў. Справа ў тым, што п’есу беларускага песняра люблю, ведаю на памяць. Дыпломную працу, калі вучылася ў БДУ, пісала на тэму гісторыі напісання і сцэнічнай пастаноўкі “Паўлінкі”. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Расказвала вучням, як дзякавалі Янку Купалу першыя гледачы спектакля “Паўлінка”, — народны паэт Беларусі атрымаў ад іх у падарунак залаты гадзіннік. Жыву на Лагойшчыне, якая натхняла Купалу на напісанне вершаў і паэм. Героі “Паўлінкі” былі “перапісаны” з мясцовых жыхароў вёскі Карпілаўкі. Вобраз Адольфа Быкоўскага драматург убачыў пасля сустрэчы з Павэлкам Ваяводскім, небагатым, але ганарлівым шляхціцам. Саму Паўлінку ён “падгледзеў” у прыгажуні Ядвігі Аблачымскай. І Крыніцкія, і Пустарэвічы таксама перадаюць характары мясцовых жыхароў. Таму я, калі ўбачыла тэлевізійны фільм “Паўлінка-NEW”, не магла стрымаць слёз. Твор, які з’яўляецца духоўнай спадчынай нашага народа, нельга “осовременивать”. Што ж будзе, калі тэлебачанне пачне перарабляць іншыя творы, якія ўвайшлі ў скарбонку беларускай літаратуры? Нельга здзекавацца з класікі!

Я не супраць ідэі яе тэлепастаноўкі на рускай мове, аднак у фільме па вушах рэжа “трасянка”. Акцёры падабраны ўдала. Яны стараліся. Але навошта было “крэмзаць” твор, упісваючы новы персанаж — нейкага ажаночанага мужчыну? У прыдуманым сюжэце не відаць самой Паўлінкі!
Шкада, што і сёння мы мала робім для таго, каб захаваць нашу гісторыю.
Ксенія КАРНЕЙЧЫК, пенсіянерка в. Стайкі, Лагойскі раён

Чым кіраваліся стваральнікі тэлефільма “Паўлінка-NEW”, калі распрацоўвалі сцэнарый? Пра гэта карэспандэнт “НГ” запыталася ў выканаўчага прадзюсера тэлеканала “ОНТ” Ягора Хрусталёва. “Мы вырашылі зрабіць сучасную версію купалаўскай п’есы, — адказаў ён. — Поўнасцю капіраваць герояў класічнага твора было б нецікава, мы ставілі на мэце стварыць фільм, які б адпавядаў цяперашнім рэаліям. Таму ў фільме замест пана Быкоўскага — пан прадзюсер, экакурорт... А Браніславу ў выкананні Жэні Смарыгіна ўжо называюць аналагам беларускай Веркі Сярдзючкі. Гэты фільм адкрыў вядомых беларускіх спевакоў і тэлевядучых яшчэ з аднаго боку. Упэўнены, што на наступны Новы год іншыя тэлеканалы пачнуць здымаць нешта накшталт “Паўлінкі-2”. Лічу, што ў гэтым нічога адмоўнага няма. Не ўпэўнены, што сёння кожны старшакласнік зможа пераказаць сюжэт купалаўскай “Паўлінкі”. А дзякуючы такім фільмам мы кагосьці “прымусім” гэту п’есу прачытаць”.
Ад рэдакцыІ. А як думаеце вы, шаноўныя чытачы? Ці варта творы беларускіх класікаў амаль да непазнавальнасці перарабляць на сучасны лад? Нават дзеля таго, каб прыцягнуць да іх увагу, павялічыць іх папулярнасць? Пішыце, нам важна знаць ваша меркаванне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter