У Даўгаўпілсе ўпершыню прайшоў Фестываль частушак

А без песні — хоць ты трэсні!

Вясёлыя прыпеўкі так і сыпаліся са сцэны ў Даўгаўпілсе, дзе ўпершыню прайшоў Фестываль частушак. Прыдумалі яго актывісты беларускай суполкі “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры.

Сёлетні Дзень смеху ў нас адзначылі вельмі весела і крэатыўна: 1 красавіка ў Даўгаўпілсе ўпершыню прайшоў фестываль частушак. Пад час фэсту прагучалі як беларускія, так і рускія, і украінскія гумарыстычныя песні. Гледачы атрымалі добры зарад гумару, шмат станоўчых эмоцый. Паколькі дэбют частушкавай спеўкі аказаўся паспяховым, то ўжо ёсць задума: зрабіць яго штогадовым і “эстафетным”. А таму, даўшы цікавай справе жыццё, кірунак руху і ход (а можа ў нас з часам з гэтага зернейка вырасце і цэлы Фестываль гумару, як у знакамітых беларускіх Аўцюках?..), наш Цэнтр беларускай культуры перадаў ужо фестывальную эстафету на наступны год Цэнтру рускай культуры. А затым, думаем, яе падхопіць і Цэнтр украінскай культуры “Мрія”. Нам жа ні ідэй, ні жартаў не шкада: хто імі дзеліцца, то і сам багацее…

Чым кіраваліся мы, ладзячы фэст? Голасам народа, як кажуць. Усе ж ведаюць, што частушкі — вельмі папулярны від народнай творчасці. Мы заглянулі і ў разумныя кніжкі. Спецыялісты сцвярджаюць: частушкі з’явіліся ў рускім фальклоры ў другой палове ХІХ стагоддзя. А калі на тэрыторыі Беларусі? Пакуль адказу знаныя фалькларысты не знайшлі… Але ж добра вядома: беларусы заўсёды любілі пажартаваць. Так што бярэм тэзу пра беларускі першакорань частушак як рабочую, часовую гіпотэзу. Хто яе абвергне, хто дакажа, што продкі нашыя спрадвеку спявалі толькі ў горы-нудзе? Дарэчы, кароткія жартоўныя песенкі беларусы спрадвеку называюць: прыпеўкі. А ў сяброў-украінцаў гэта каламыйкі. А якіх толькі няма “сястрычак” у весялушкі-частушкі! Прыгудкі, сумавалкі, збірушкі, прыбаскі, завабкі, нескладзёхі, перапеўкі, скамарошыны, тараторкі, а яшчэ — выдрыганцы, брандушкі, скаканцы...

На канцэрце гучалі частушкі ды жартоўныя песні. Выконвалі іх як салісты, так і беларускія гурты “Купалінка”, “Пралескі”, “Спадчына” і “Паўлінка”. І рускія ансамблі “Славянка” і “Русичи”, украінскі “Мрія” ды ансамбль славянскага таварыства “Узоры” з горада Ліваны. Вясёлыя песні чаргаваліся з заліхвацкімі танцамі-прытанцоўкамі ад артыстаў нашага ансамбля “Лянок”.

Спадабаліся ўсім вясёлыя вершы Станіслава Валодзькі (чытаў іх Аляксандр Лапа), Паўла Плотнікава, Настассі Сазанковай і Людмілы Вілюмы. А напрыканцы вечара член праўлення таварыства “Уздым” Зінаіда Сіліня артыстычна праспявала беларускія частушкі, а потым запрасіла, падзавёўшы залу, да “Свабоднага мікрафону” ўсіх ахвочых. І загучалі па-новай, у “нефармальным” ужо фармаце, народныя песні з гумарам!

Усе ўдзельнікі Фестывалю частушак былі ўшанаваны падзячнымі граматамі. Вялі ж фэст мы з членам праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерыем Амбросавым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter