9 красавіка

Малако — самая распаўсюджаная ежа сярод усходніх славян, сыравіна для прыгатавання смятаны і сыру. Ад колькасці малака залежаў дабрабыт сям’і. У той жа час малако вельмі часта выкарыстоўвалі ў магічных дзеяннях, зарыентаваных на захаванне здароўя і дабрабыту.

* Лічылася, калі ўвесну са з’яўленнем першай ластаўкі памыцца малаком, твар будзе белым, чыстым і прыгожым.
* Каб дзіцё не сурочылі, пры першым рытуальным купанні яго ў ваду дадавалі невялікую колькасць малака.
* Паўсюдна на Беларусі малако выкарыстоўвалі як магічны сродак для спынення пажару, асабліва калі ён пачынаўся ад удару маланкі.
* У той жа час у паўсядзённым жыцці гаспадыня павінна была строга сачыць за тым, каб малако не “збягала” на адкрытае вогнішча — інакш у каровы яно знікне ўвогуле.
* Праліваць малако на зямлю катэгарычна забаранялася. І калі крыху малака ўсё ж такі пралівалася, каб пазбегнуць “малочных сурокаў”, яго трэба было хутка затаптаць у зямлю.
* Каб у каровы не знікла малако, калі вы частуеце ім нейкую пабочную асобу, у кружку абавязкова клалі некалькі драбінак солі.
* Таксама паўсюдна прытрымліваліся строгага правіла ў адносінах да даёнкі: яе нельга было ставіць на стул, інакш малако ў каровы знікне (“прысохне”).
У народнай медыцыне кіслае малако выкарыстоўвалі для лячэння тых, каго ўкусіла змяя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter