17 верасня 1939 года ўз’ядналіся Заходняя і Усходняя Беларусь

75 гадоў разам

Іван Іванаў

17 верасня 1939 года ўз’ядналіся Заходняя і Усходняя Беларусь

Па гэты час некаторыя вуліцы ў гарадах і вёсках, асабліва былой Заходняй Беларусі, маюць назву: 17 верасня. Нагадаем, Заходняй з 1921 года — у адпаведнасці з Рыжскім дагаворам — была частка сучаснай тэрыторыі Беларусі: да польскага паходу Чырвонай арміі яна і заставалася ў складзе Польшчы. Уз’яднанне ж Усходняй, савецкай часткі краіны, з Заходняй якраз і адбылося 75 гадоў таму.

 Як вядома ўсім са школы, вызваленне Заходняй Беларусі Максім Танк сустрэў вершам “Здарова, таварышы!” Сам актыўны змагар за ўз’яднанне Бацькаўшчыны, ён і ў турме, у віленскіх Лукішках сядзеў за сваю патрыятычную дзейнасць. А другі класік, Янка Брыль, у верасні 39-га быў жаўнерам у Войску польскім. У многіх творах — згадаем раман Піліпа Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”, зборнікі вершаў Максіма Танка, творы Янкі Брыля “Сірочы хлеб”, “Птушкі і гнёзды”, — знайшлі адлюстраванне тагачасныя падзеі. Згадваючы пра даўні час, калі беларускі народ быў разарваны, мы аддаем даніну павагі тым сынам Бацькаўшчыны, хто набліжаў доўгачаканае свята. Дарэчы, у жніўні 45-га была прынята пастанова ЦК КП(б)Б: “Аб падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 17 верасня — Дня ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай дзяржаве”.

Сам працэс уз’яднання тэрыторый, на якіх 18 гадоў панавалі розныя дзяржаўныя ідэалогіі, праходзіў вельмі няпроста. Вецер перамен закінуў тады тысячы суайчыннікаў з Заходняй Беларусі за межы Бацькаўшчыны. Шчасліва-трагічныя  перадваенныя падзеі цяпер вывучаюць гісторыкі, а ў Расіі, Казахстане ды іншых краінах у некаторых беларускіх сем’ях памятаюць: 17 верасня — гэта пераломны момант і ў гісторыі іх роду.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter