70-годдзе святкуе "Астравецкая праўда"

“Астравецкая праўда”, адна з лепшых рэгіянальных газет па выніках сёлетняга конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Літара”, святкуе 70-годдзе.

Колькі б газет ні выпісвалі жыхары Астравеччыны, раёнку заўсёды бяруць у рукі першай.

Кажуць, яна больш родная. А па тэматыцы і насычанасці можа паспаборнічаць нават з абласнымі і рэспубліканскімі выданнямі. З кожным годам любімае выданне астраўчан раздаецца ўшыр — здзіўляе сваіх чытачоў новымі праектамі і дадаткамі. Ёсць тут “Кулінарныя пошукі дылетанта”, “Маладзёжны востраў”, “Альфа і амега школьнага жыцця”... А астравецкім прыгажуням асабліва даспадобы дадатак “Паміж намі, Евачкамі”.
— Спецыфіка нашай работы ў тым, што мы пішам пра ўсё: сельскую гаспадарку, палітыку, спорт, культуру, асабістыя адносіны, — гаворыць галоўны рэдактар газеты Ніна Рыбік. — Пішам пра падзеі, якія адбываюцца не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы. І не проста канстатуем факты, а фарміруем грамадскую свядомасць. А папулярнасць наша, напэўна, звязана з тым, што “Астравецкая праўда” бліжэй да чытача, яна напіша і пра суседа дзядзьку Васю, і пра працавітага камбайнера, і пра перамогі, няхай і маленькія, нашых дзяцей на алімпіядах і спаборніцтвах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter