60 год Перамогі Алоўнікаў з вінтоўкай і нотным аркушам

Немагчыма ўявіць наша нацыянальнае музычнае мастацтва без такіх песенных шэдэўраў, як “Радзіма мая дарагая”, “Лясная песня”, “Песня аб Брэсцкай крэпасці”, “Песня пра Мінск”, “Вечарам ясным”, “На Палессі гоман, гоман”. Іх стваральнік – знакаміты кампазітар, народны артыст Беларусі Уладзімір Алоўнікаў, якому 16 студзеня споўнілася б 85. Ён пакінуў багатую творчую спадчыну: шэраг буйных сімфанічных палотнаў, камерна-інструментальныя творы і асабліва шмат песень, самых разнастайных па тэматыцы. Мне пашчасціла ўпершыню сустрэцца з гэтым кампазітарам у пачатку 50-х гадоў, калі я вучыўся на вакальным факультэце Беларускай кансерваторыі. Заняткі па сальфеджыо нейкі час з намі, вакалістамі, вёў Ул.Алоўнікаў. Тады пачуў (здаецца, па радыё) і адну з першых яго песень героіка-патрыятычнага зместу – “Песню аб Заслонаве”. Напісаная на словы А.Астрэйкі, яна падабалася сваёй шырокай, мужнай мелодыяй, сагрэтай цеплынёй і шчырасцю паэтычных вобразаў. Мы, студэнты, ведалі, што наш педагог – былы франтавік, з самага пачатку і да канца вайны мужна змагаўся з фашыстамі. Калі Уладзімір Алоўнікаў здаваў выпускныя экзамены за поўны курс навучання ў Беларускай кансерваторыі, на Мінск упалі першыя фашысцкія бомбы. І будучы кампазітар адразу ж уступіў дабравольцам у армію. Пасля доўгачаканай Перамогі гвардыі капітан артылерыйскага дывізіёна Ул.Алоўнікаў вярнуўся ў пасляваенны разбураны Мінск. Для яго, прафесіянальнага кампазітара, стала галоўнай мэтай увасобіць музычнымі сродкамі падзеі вайны, уславіць незабыўныя вобразы загінуўшых баявых сяброў. Так з’явілася ідэя стварыць галерэю песень-партрэтаў аб героях вайны, іх мужнасці, стойкасці духу, непахіснай вернасці любімай Айчыне. Кампазітар расказаў пра свае мастацкія задумы паэту-франтавіку А.Лазнявому і выказаў надзею на сумеснае супрацоўніцтва ў песенным жанры. Паэт не прымусіў сябе чакаць – праз некаторы час прапанаваў вершаваны тэкст аб легендарным генерале Даватары. Алоўнікаў тут жа ўхапіўся за гэты тэкст, і неўзабаве нарадзілася “Песня аб Даватары”, якая паклала пачатак алоўнікаўскаму цыклу аб вядомых героях Вялікай Айчыннай вайны, атрымала ўсесаюзны рэзананс, дзякуючы выкананню яе Чырвонасцяжным ансамблем песні і танца пад кіраўніцтвам Б.Аляксандрава. Ваенная тэма праходзіць праз усю творчасць Алоўнікава. Асабліва вялікую папулярнасць набыла “Песня аб Брэсцкай крэпасці”. А хто сёння не ведае выдатнейшага ўзору алоўнікаўскай гераічнай лірыкі -- “Лясную песню” на вершы А.Русака? Яна паўсюдна ўвайшла ў побыт нашага народа, і па сутнасці, ужо даўно лічыцца народнай. У сваёй музычнай творчасці Ул.Алоўнікаў неаднаразова звяртаўся да тэмы Радзімы. Своеасаблівым “лірычным гімнам” з’яўляецца цудоўная песня “Радзіма мая дарагая” на верш А.Бачылы, напісаная ў характары ўрачыстага праслаўлення любімай краіны. Нездарма, пачатковая музычная фраза гэтай песні была доўгі час пазыўнымі Беларускага тэлебачання і радыё. Яшчэ адзін цікавы перыяд з творчай біяграфіі Ул.Алоўнікава – шэфства кампазітара над самадзейнымі калектывамі Мінскага аўтазавода. Некалькі гадоў Уладзмімір Уладзіміравіч на грамадскіх пачатках выконваў абавязкі няштатнага немесніка дырэктара завода па эстэтычнаму выхаванню і мастацкага кіраўніка. Ён неаднаразова быў старшынёй журы конкурсу самадзейнасці МАЗа, прысутнічаў і дапамагаў на рэпетыцыях завадскіх хораў, падбіраў для іх канцэртны рэпертуар. У выніку такой творчай дружбы з рабочымі завода кампазітар стварыў вакальны цыкл пад назвай “Мае сучаснікі”, у якім увасоблены абагулены вобраз калектыўнага героя-працаўніка. Песенныя творы Уладзіміра Алоўнікава – шчырыя, усхваляваныя, меладычныя, блізкія да народных песен – непадуладныя часу. Яны заўсёды ў нашай памяці, у нашых сэрцах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter