3. Былі ў Якуба Коласа захапленні і жанчынамі…

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 9, 10 красавіка.)

— Іван Юр’евіч, а пра дзяцінства Якуба Коласа вам не распавядалі сёстры пісьменніка?

— Некалі баба Юзя гаварыла, што Канстанцін Міхайлавіч быў вельмі задумлівы ў дзяцінстве і надта любіў чытаць кніжкі. Не адрываўся ад іх, нават калі ганяў кароў пасвіць. У бацькоў пісьменніка была добрая гаспадарка. Кароў дзве-тры, цялушкі, авечкі. І па чарзе дзеці пасвілі тую жывёлу. Калі прыходзіла чарга Костуся, то ўсё, чакай, што недзе каровы ўлезуць у шкоду! Бо хлопец зачытаецца і забудзецца пра ўсё на свеце. Дарэчы, у некаторых апавяданнях Якуба Коласа ёсць падобныя героі, якіх ён з сябе спісаў.

Прычым баба Юзя казала, што маці, Ганна Юр’еўна, якая ад хаты не адлучалася, часта іх, дзяўчат, па чарзе пасылала: «Ідзіце, праверце Костуся. Ці ён глядзіць за каровамі, ці не?» Так што яны яго кантралявалі (смяецца).

Расказвалі мне таксама: Якуб Колас быў такі задумлівы, што мог ісці дзе-небудзь па лесе і раптам стане і замрэ. Ага, значыць, нейкія думкі яго апанавалі. Пра ўсё на свеце забыўся. Можа, ён нешта думаў, нешта слухаў, ці вершы якія складаў у гэты час. Але такая адметнасць была. Баба Юзя казала, што такое яны за ім не раз заўважалі.

— Вы сваю бабулю Юзю добра памятаеце?

— Вядома, калі мы яе хавалі ў 1964-м, я ўжо быў студэнтам. Вучыўся на другім курсе. Тады на пахаванне прыязджаў Даніла, сын Якуба Коласа…

Памятаю, у маім дзяцінстве бабуля Юзя ўправіцца з гаспадаркай, кнот у лямпе прытушыць, і з намі — гэта я, брат Янэк і сястра Вандза — сядзе за тым самым вялізным дубовым сталом, дзе Канстанцін Міхайлавіч сядзеў, і пра яго нам распавядае, а іншы раз — страшныя казкі. Маўляў, на вуліцы чакае цябе нешта жудаснае. І помню, набярэшся смеласці і нейкія сто пяцьдзясят метраў, можа, за секунду па двары праляціш. Умела баба Юзя расказваць. Таленавіта. Прычым мова ў яе была такая сакавітая, народная. Мы так ужо не ўмеем…

Яна з падзякай успамінала, што калі Якуб Колас працаваў настаўнікам, ён браў іх, сясцёр і братоў, з сабою жыць, каб маці дапамагчы. У тым ліку і яе. Яна вучылася ў Пінкавічах Пінскага раёна, дзе ён выкладаў. Казала, якім ён быў добрым і клапатлівым старэйшым братам.

Яшчэ баба Юзя казала, што менавіта яна бегала шукаць Канстанціна Міхайлавіча, калі ў 1912 годзе да яго прыехаў у Смольню Янка Купала, і яны ўпершыню сустрэліся. Ён тады пайшоў у Мікалаеўшчыну. А баба Юзя знайшла брата і сказала: «Там нейкі Купала прыйшоў!» (смяецца). Яна ж не ведала, хто гэта такі. І Якуб Колас у карчму заскочыў, купіў пляшку і разам з Юзяй вярнуўся ў Смольню.

Сёння там у музеі стаіць самавар. Вядома, што падчас сустрэчы Якуба Коласа і Янкі Купалы адным самаварам не абышлося. А быў на стале куды больш моцны напой. Тым больш што захаваліся ўспаміны Коласа і Купалы, дзе апошні нават хваліўся, што «я цябе ў змаганні з зялёным зміем перамог. Больш моцным аказаўся».

А калі пісьменнікі ў Мінску жылі, то хадзілі адзін да аднаго ў госці пешшу. Дзеля чаго? Каб у шахматы пагуляць! Прычым выйгравалі з пераменным поспехам. Але, як ўспамінаў Колас, паражэнне абодва ўспрымалі хваравіта. Хацелі выйграваць і адзін, і другі.

— Ці засталіся ў вашай сям’і нейкія памятныя рэчы ад Коласа?

— У той хаце, дзе жыла баба Юзя, яшчэ нядаўна я бачыў даваеннае выданне «На ростанях», у чырвонай вокладцы, у двух тамах, з дарчым надпісам Якуба Коласа. Пісьменнік яго падараваў сястры пасля вайны, але выданне было даваеннае. У той хаце апошнім часам жыў малодшы сын бабы Юзі. А цяпер — яго жонка.

— Вы ж ведаеце, што ў радаводзе Якуба Коласа аж 380 чалавек!

— Гэтыя дадзеныя ёсць і ў мяне. Працягну і далей іх дапаўняць. Дарэчы, у архівах знайшлі аж прапрапрадзеда Якуба Коласа — Лявона. Па лініі бацькі — Міцкевічаў.

— Калі гаварыць пра род, то Якуб Колас парадніўся з Янкам Маўрам…

— Праз сына Міхася. Апошні ў Радашковічах, калі Сеню хавалі і выпала хвіліна, распавядаў, як узяў замуж дачку Маўра — Наталлю. Маўр быў у курсе справы, што Наташа і Міхась ствараюць сям’ю. А Канстанцін Міхайлавіч нічога такога не ведаў. Ад яго чамусьці ўтойвалі. І аднойчы Янка Маўр стаў гаварыць з Якубам Коласам як са сватам, а той нічога не разумее. «Нашы дзеці хочуць пабрацца», — сказаў Янка Маўр. А Колас не асацыіраваў гэта са сваім сынам і буркнуў: «Ну і хай!» (смяецца). Як бы яму гэта было нецікава. І Міхась пра гэта любіць расказваць, што яны бацьку трошкі разыгралі ў гэтым плане.

— А пра захапленні Коласа жанчынамі ці ішла гаворка ў вашай сям’і?

— Не. Толькі гаварылі, што жыла некалі ў Акінчыцах адна жанчына, якая была не тое што захапленне Якуба Коласа, але ў яго было нейкае жаданне яе падтрымліваць. А людзі ж могуць дадумаць што хочаш...

Гэта тое, пра што гаварылі ў сям’і. А пазней я даведаўся з публікацый і гаворак, што было ў Якуба Коласа захапленне рускай паэтэсай Сомавай. Ішла перапіска з адной жанчынай, якая бухгалтарам працавала. І яна яго эксплуатавала ў матэрыяльным плане. Патрабавала ўвесь час нейкіх падарункаў. А Канстанцін Міхайлавіч, добра ўсё разумеючы, тым не менш сувязь з ёй падтрымліваў. Былі і іншыя захапленні. Гэта ўсё выражалася ў нейкіх прысвячэннях вершаў. Перапісцы.

Тым не менш жонка Якуба Коласа, Марыя Дзмітрыеўна, перажывала, хаця добра разумела, што гэта ўсё чыста платанічныя адносіны. І пісьменнік гэта ведаў і разумеў.

— Так што народны пісьменнік жанчынамі больш не захапляўся?

— Ён быў вельмі хворы. Адным запаленнем лёгкіх дваццаць шэсць разоў перахварэў. А прычына была, як ён сам разумеў, у тым, што змалку курыў. Употай ад бацькоў. Занадта многа курыў. І кінуў смаліць, можа, толькі ў апошні год свайго жыцця. Ён сам лічыў, што гэта была асноўная прычына яго хваробы. Бо ад прыроды быў вельмі дужы чалавек. Росту сярэдняга, каранасты. І яго сыны такія: Даніла, Міхась і Юрка. Дарэчы, з-за Юркі, які ў першыя дні вайны некалькі лістоў прыслаў сям’і ў Ташкент і ўсё, прапаў, аднойчы Якуб Колас зазлаваў на Янку Купалу. Па такой вось прычыне. Калі ад Юркі не стала вестак, Пятрусь Броўка з Масквы напісаў у Ташкент Канстанціну Міхайлавічу, што, маўляў, як бы Купала ведае, што ёсць нейкае пісьмо ад Юркі. А Купала Коласу не піша, не дае ніякіх звестак. І тады Канстацін Міхайлавіч піша сябру вельмі сярдзіты ліст з такой злосцю, крыўдай, у якім абвінавачвае: маўляў, ты бессардэчны, ніколі не быў бацькам, чаму ты мне нічога не пішаш, не даеш ніякай весткі пра Юрку. Якуб Колас паверыў, што сапраўды ёсць пісьмо ў Купалы ад сына. А апошні яму ўсё роўна нічога не адказаў. Таму што праз колькі дзён загінуў у Маскве. І ці было сапраўды тое пісьмо ад Юркі да Янкі Купалы, ніхто сёння не ведае. Хутчэй за ўсё не было. І можа, Колас дарма на Купалу пакрыўдзіўся. Але факт такі быў. Хаця потым Канстанцін Міхайлавіч адзін з самых пранікнёных сваіх вершаў напісаў менавіта на смерць Янкі Купалы. Тут ужо не падманеш нікога. Відаць, па-сяброўску адносіўся да Купалы…

— Іван Юр’евіч, дзякуй за цікавую размову! Усяго вам найлепшага!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter