2. «З яго класа ў вайну ацалелі толькі чатыры…»

За што Іван Навуменка атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі

— У нас з бацькам заўсёды былі адносіны змястоўныя, цікавыя, але не простыя і не ідылічныя. Мы маглі пасварыцца, нават добра счапіцца, канфліктаваць, нешта плённа абмяркоўваць, спрачацца па ўсялякіх пытаннях. Мы ж з ім — рознае пакаленне, з рознай ментальнасцю…

Ізноў жа, быў адзін эпізод, за які на яго не крыўдую. Калі я вучыўся на другім курсе, ён спытаўся: «Табе ж, Паўлюк, ужо, мусіць, гадоў дваццаць пяць?» — «Не, бацька. Дзевятнаццаць». — «Божа, які яшчэ пацан!» Гэта таксама ў пэўнай ступені характарызуе бацьку…

— Павел Іванавіч, ці дзяліўся ўспамінамі аб сваім дзяцінстве Іван Навуменка? Якімі?

— Дзяцінства заўсёды добрае тым, што яно — дзяцінства. Але былі ў яго і ўспаміны страшныя. Бацька памятаў галадамор 1933 года. Але казаў, што на Беларусі быў проста голад, не як ва Украіне. Бо лес — побач. А там — грыбы, ягады. Можна і дзялянку бульбы пасадзіць.

А з Украіны, якая блізка ад Васілевічаў, ішлі людзі і паміралі па дарозе. Шукалі любую работу. Працавалі за бульбіну, за кавалак хлеба…

У дзяцінстве бацька вывучыў усіх птушак, зёлкі. Вельмі любіў распавядаць, як скакаў на кані, які быў у дзеда Піліпа, як у аднаасобніка… Гэта было дзяцінства без шыку, магчыма, галаднаватае.  Але ён ніколі не казаў пра яго блага. Яно было, так бы мовіць, паўнавартасным. У яго былі бацька і маці, браты і сёстры, з якімі, дарэчы, ён не вельмі ладзіў. Брату Мікалаю, каб не цягаўся за старэйшымі хлопцамі, мой бацька і кухталя даваў… Пры ўсім пры тым, ён ні разу не сказаў, што яму ў дзяцінстве чагосьці не хапала.

Бацька не камплексаваў, што ён з правінцыйнага мястэчка. Там была бібліятэка, кнігі, дзівосны свет, апісаны Жуль Вернам. Дай Божа, сённяшняму пакаленню мець тыя ўражанні ў дзяцінстве, што меў мой бацька, басаногі хлопец, які дарваўся да дзівоснага свету кнігі, які стаў яго светам на ўсё жыццё…

— Цікава, як сустрэліся вашы бацькі?

— Маю маці звалі Ядвіга Паўлаўна, у гонар яе я назваў сваю дачку, яна яе поўная цёзка — таксама Ядвіга Паўлаўна…

А бацькі пазнаёміліся на спектаклі ў Купалаўскім тэатры. Маці была студэнткай гістарычнага факультэта, бацька — выкладчыкам БДУ і працаваў адначасова ў часопісе «Маладосць». Я пытаўся ў бацькі: «Як ты яе зачапіў?» Маці ж была — бура і націск, факел з полымем і дымам. Калі выкладала на гістфаку, студэнты звалі яе «мамачка»: магла вычапіць у прыбіральні студэнтку, якая паліла, чаго маці ненавідзела, і пацягнуць яе ў дэканат. Па дарозе тая распавядала тыповую гісторыю завочніцы: маўляў, яна адна, гадуе дзіця, вучыцца, жыць няма за што. І, не давёўшы студэнтку да дэканата, маці заварочвала ў прафкам, загадвала выпісаць гаротніцы матэрыяльную дапамогу і адпускала яе.

Маці была імпульсіўная, у пэўнай ступені шумная, ваяўнічая, але вельмі чалавечная. Яна — карэнная мінчанка, са шляхецкай сям’і. Па каранях мела двайное «дваранства» — беларускую шляхту па лініі маці, а яе бацька паходзіў ад вайскоўца, якога ў свой час прыслалі ў Беларусь у XIX стагоддзі, ён меў класічнае дваранскае прозвішча Іконнікаў.

Мая маці была каталічкай. А бацька — праваслаўны. Але гэта не было полем канфлікту. Бацька вельмі любіў хадзіць да цешчы на каталіцкія Вялікдзень, Каляды. Успомніць той стол — дык гэта багацце: у печы пякліся і парасё, і славутыя крывянкі, хатнія каўбасы…

Бацька      любіў        гэтыя      святы, нягледзячы на тое, што быў чалавекам партыйным і, між іншым, уступаў у партыю шчыра. Калі ў 1991 годзе адбыўся развал Саюза і прэзідэнт акадэміі Платонаў сказаў пакласці на стол партбілет, ён адказаў: «Не вы мне яго давалі, не вы ў мяне яго і будзеце забіраць». Ён за партыю не змагаўся, але ўступаў у яе шчыра, яшчэ дваццацігадовым старшыной у Германіі атрымаў рэкамендацыю, таму ад сваіх прынцыпаў не адмаўляўся. І хоць я ніколі не падзяляў камуністычных поглядаў, але за гэта бацьку паважаў. Гэта была яго біяграфія, яго жыццё. Калісьці я яму сказаў: «Бацька, ты так рамантычна ацэньваеш той час, таму што гэта была твая маладосць — лепшы час у жыцці». Ён і адказаў: «Вось і не чапай маю маладосць!»

— Не сакрэт, што ваш бацька ваяваў. Ці ўспамінаў дома Іван Якаўлевіч ваенны час? Што яго асабліва хвалявала? Магчыма, ён распавядаў пра нейкія незабыўныя выпадкі, факты?

— Незвычайных фактаў хапала. Аб гэтым мы з бацькам гаварылі ўжо як спецыялісты па літаратуры. Ён сказаў такую парадаксальную рэч: па сутнасці, пасляваенная проза ў значнай ступені выратавала і выцягнула беларускую літаратуру, таму што вайна — гэта самыя неверагодныя сюжэты, самыя неверагодныя здарэнні. Гэта тое, калі можа адбыцца ўсё. Гэта тое, калі, зноў жа, чалавек выпрабоўваецца і раскрываецца ў нейкіх сваіх рысах так, як у мірным жыцці ён ніколі не раскрыецца…

Вайна для яго была цяжкім успамінам. Яму, дарэчы, падабаўся кароценькі класічны верш Юліі Друнінанай:

Я только раз видала рукопашный.

Раз — наяву и сотни раз во сне.

Кто говорит, что на войне не страшно,

Тот ничего не знает о войне.

Праз усё дзяцінства прайшоў успамін, што бацька ўночы крычаў: «Страляй! Бяжы!» Вайна яму снілася, і гэта таксама можна зразумець. Ён трапіў у войска з падполля дастаткова рана, Васілевічы ж вызвалілі ўвосень 1943 года…

— Ці расказваў бацька, як вызваляў родныя Васілевічы? Быў жа такі факт у яго біяграфіі?

— Гісторыя Васілевічаў — суцэльная бяда. Гэта мястэчка з трагічным лёсам. У час пятроўскіх войнаў яно было спалена шведамі. Потым перанесена на іншае месца…

У Васiлевiчах перад вайной бацька скончыў на «выдатна» за адзiн год дзявяты i дзясяты класы. Там застала яго вайна. Было і падполле, і нямецкая турма, а потым партызанскi атрад.

Сюды ж ён вярнуўся з вайны. Малады, прыгожы, а галоўнае — жывы…

І вось яшчэ што. Як я казаў, мы з бацькам былі шалёнымі грыбнікамі. Ён з маленства мяне прывучыў збіраць грыбы. Ездзілі з ім па глухіх мясцінах, па закінутых вёсачках. А яму заўсёды хацелася дзесьці стаць, папрасіцца пераначаваць, пагаварыць з вяскоўцамі, паглядзець на зоры ўначы... І неяк у лістападзе мы паехалі на ўжо познія зялёнкі і падзялёнкі. Між іншым, усе беларускія пісьменнікі вясковага паходжання машыну вадзілі блага. У бацькі былі правы, але ён ніколі не ездзіў. Аргументаваў чамусьці так: «Баюся задавіць якую-небудзь бабу». Таму вазіў яго я. І вось мы трапілі ў глухія-глухія мясціны за Хатынню. А стаяла шыкоўная восень: ціхая, цёплая, залатая. Вакол — лагойскія вёскі. Выйшлі мы з лесу, а ўнізе, як на далоні, — вёсачка з чорных хатак стаіць на ўзгорках. І бацьку ўспомніўся эпізод, калі яго з партызанамі, якія трапілі ў Чырвоную Армію, нават не пераабмундзіраваўшы, у перашытых нямецкіх фрэнчах, у ватоўках, бурках, кінулі штурмаваць нямецкія высоты паперадзе рэгулярнай арміі. Гэта было пад Парычамі. І добра, калі ў той час выжыў кожны дзясяты…

Мусіць, дзень быў падобны на той, пад Парычамі, калі яны ішлі на нямецкія ўмацаванні. Гэта нялёгкія былі ўспаміны, таму бацька не вельмі любіў ездзіць у Васілевічы. У вайну з ягонага класа ацалелі чатыры чалавекі: ён, Мікола Белы з адарванай рукой, які быў у падполлі, Базыль Васенда — своеасаблівы чалавек, які пасля вайны ўсё пісаў нейкія скаргі на раённае начальства. Усё не мог знайсці сабе месца. І чацвёрты — Мікола Доўжык…

Ягоныя Васілевічы жылі ў душы, але іх ужо не было.

Толькі адзін раз мы з бацькам ездзілі ў Васілевічы. Я тады вучыўся ў восьмым класе. Пераначавалі. Аднакласнікі пасядзелі вечарам, выпілі чарку, з раніцы мы яшчэ з’ездзілі ў Ведрыч. А так ніколі больш не былі ў Васілевічах. Мабыць, паездкі абуджалі ў бацькі нейкія сумныя ўспаміны… Ён наязджаў у Васілевічы рэдка. Пасля смерці майго дзеда — зусім рэдка, яшчэ радзей заставаўся на ноч у бацькавай хаце…

Бацькава пакаленне — драматычнае. Яны вучылі замежныя мовы, марылі пра вайсковыя вучылішчы, універсітэты. У іх у жыцці былі перспектывы. Усе дарогі адкрытыя. Ніхто ж з іх не ведаў, што яны стануць гэтым самым пушачным мясам гісторыі… І як пасля гэтай рамантыкі прыязджаць сюды, у Васілевічы, дзе нават магіл няма, таму што сябры паляглі на ўсім прасцягу ад роднай вёскі да Берліна? Да вайны Васілевічы былі мястэчкам вясёлым, з моладдзю, з танцамі вечарам на драўляных мастах. А пасля вайны — як пагост.

Дарэчы, бацька вельмі добра ведаў нямецкую мову, а падчас акупацыі, у падполлі, яе адшліфаваў. Ну а потым трапіў у франтавую разведку. Разам з іншымі салдатамі поўзаў па нейтральнай паласе, накідваў свой кабель на нямецкі — слухалі нямецкія размовы. Нават быў эпізод, за які бацька атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Ён падслухаў, што немцы збіраюцца ўзарваць вадасховішча. Бацька папярэдзіў штаб. Вадасховішча размініравалі. Такая была ў бацькі паўнацэнная вайсковая біяграфія.

— Ён жа быў паранены…

— Двойчы. Атрымаў кантузію на Карэльскім перашыйку. Быў паранены асколкам у шыю. І тая кантузія, можа, і стала прычынай яго хваробы. Бацька страціў магчымасць адчуваць пахі. І, мусіць, чарада інсультаў таксама была ў пэўнай ступені выклікана раненнем…

— Хто-небудзь з радні атрымаў у спадчыну ад Івана Навуменкі пісьменніцкі дар?

— Мы, яго дзеці, усе дастаткова добра пішам. Выдатна гэта атрымліваецца ў Таццяны, дастаткова ўпэўнена адчуваю сябе ў гэтай галіне я. Ёсць, што называецца, высокі стыль, ці, як казалі ў старыя часы, — добрае пяро. Валерыя Іванаўна, хоць і медык, але так выступала на Гомельскім тэлебачанні, што яе цяпер запрашаюць кожны раз як тэлезорку, нас з Таццянай не хочуць…

Тут трэба зрабіць маленькае ўдакладненне. Можна сёння па-рознаму ацэньваць савецкі час, у якім было шмат трагізму, глупства, але мы забываемся пра адзін момант. У пэўнай ступені гэта быў перыяд стабільнасці. У бацькавы час пісьменнікам быць было адносна лёгка. Гэта мела свае мінусы, таму што ў літаратуру шчаміліся і тыя, хто не хацеў кожны дзень хадзіць на завадскую прахадную. З іншага боку, з чыста літаратурнай працы можна было пражыць, толькі калі стаў вядомым пісьменнікам. Бо ганарары — з’ява ў пэўнай ступені эпізадычная. Бацьку на службу трэба было хадзіць, і ён хадзіў. Працаваў і ва ўніверсітэце, і ў Акадэміі навук…

— У сям’і, напэўна, нейкія традыцыі былі закладзены вашымі бацькамі. Захаваліся яны да гэтага часу?

— Захавалася традыцыя, напэўна, сялянская і шляхецкая, у плане народнай кухні. Я раблю сваю каўбасу і «бабку» да гэтага часу. Таццяна, дарэмна што доктар навук, зварыць такі боршч, што ядуць — аж за вушамі трашчыць. Калі ў кожнага з нас траіх ёсць час, едзем у Ракаў на кірмаш. І бацька туды любіў пад’ехаць. Там мяса са свайго падворку, ды і кошт меншы, чым у Мінску…

— Як вас выхоўвалі бацькі?

— Я скончыў з «залатым» медалём спецшколу па фізіцы, радыёэлектроніцы і матэматыцы, з чырвоным дыпломам — універсітэт. З «залатым» медалём скончыла нямецкую спецшколу — сёння лінгвістычны каледж — старэйшая сястра. Выдатна вучылася сярэдняя сястра, якая паступіла ў Гнесінку і здавала аж 14 уступных экзаменаў. А «рэцэпт» быў просты: калі маці хадзіла ў школу на бацькоўскі сход і штосьці было не так, то, прыходзячы дамоў, яна ў пярэднім пакоі здымала туфель з абцасам і ім ці сеткай, якая была ў яе руках, вяршыла свой матчын суд... Там размова была кароткая. А прынцып — правільны. Як пытаўся бацька: «Чаго табе не хапае? Хлеба? Каўбасы? Чаму ў цябе чацвёрка?» І гэта была абсалютна шчырая пазіцыя. Чацвёрка як адзнака не прызнавалася. Бацькі казалі: «Чацвёрка ў школе — гэта тройка ва ўніверсітэце». Яны самі вучыліся выдатна — і бацька, і маці. А жылі ў нястачы ў маладосці. Прайшлі вайну — і як бы нанова атрымалі права на другое жыццё… І з іх пункту гледжання не вучыцца, не выконваць свае абавязкі ў мірны час — гэта было нешта незразумелае.

— Напэўна, у сямейным альбоме захоўваюцца нейкія асаблівыя фатаграфіі?

— Мне вельмі падабаюцца бацькавы армейскія здымкі — ім больш за 70 гадоў. Увогуле, у яго шмат іх. Бацька паездзіў па свеце. Захапляўся індаеўрапеістыкай, і па гэтай галіне сабраў выдатную бібліятэку. Яму заўсёды хацелася наведаць Індыю. І ў савецкі час ён туды з’ездзіў, быў вельмі задаволены. Таму ў яго былі фотаздымкі, дзе ён і ў Амерыцы, і ў Парыжы, і ў Індыі на слане…

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота з архіва Паўла НАВУМЕНКІ

(Заканчэнне будзе.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter