14 тамоў болю і любові

Выданне творчай спадчыны народнага пісьменіка Беларусі Васіля Быкава распачало расійскае выдавецтва
Выданне творчай спадчыны народнага пісьменіка Беларусі Васіля Быкава распачало расійскае выдавецтва.

Б. Пастарнак перадаў тамы твораў В. Быкава ўдаве Ірыне УладзіміраўнеЯк праінфармаваў на прэзентацыі першых 6-ці тамоў генеральны дырэктар выдавецтва “Время” Барыс Пастарнак, яны спецыялізуюцца на выданні толькі якаснай літаратуры. Імкнуцца данесці да чытачоў зборы твораў знакавых рускіх пісьменнікаў, мысліцеляў XX стагоддзя і сучаснасці. Цяпер у рабоце, напрыклад, 30-томнік Аляксандра Салжаніцына, 8-томнік Андрэя Сахарава, 10-томнік Фазіля Іскандэра і творы іншых аўтараў. Падрыхтавана першае поўнае выданне Андрэя Платонава.

У такім шэрагу, лічыць Б.Пастарнак, ганаровае месца належыць і Васілю Быкаву: ён сваімі перакладамі, публікацыямі ў рускіх часопісах, выдавецтвах даўно пра тое паклапаціўся. Пачынаючы работу, выдаўцы спачатку меркавалі прозу пісьменніка выдаць толькі на рускай мове. Звярнуліся ў Мінск, у Саюз беларускіх пісьменнікаў, з прапановай аб супрацоўніцтве. Сустрэчная прапанова была такая — рыхтаваць паралельна два зборы твораў: адзін — на беларускай, другі — на рускай мовах. Так і дамовіліся. “Гэтая мадэль выдання больш зручная, і ў выніку больш эфектыўна працуе творчая група,” — удакладніў Барыс Пастарнак. Дарэчы, у яе склад сярод іншых увайшла і Ірына Уладзіміраўна, удава Васіля Быкава.

Чорны, белы, чырвоны, шэры... Гэтыя колеры дызайна вокладкі Збору твораў кантрасна, вобразна, шматзначна прадстаўляюць знакамітага аўтара чытачам. У яго творах, як вядома, шмат пакутаў і болю, а таксама вялікай любові да людзей. Першыя шэсць тамоў, вынік плённага супрацоўніцтва беларусаў і расіян, прыхільнікі таленту Васіля Быкава змаглі набыць на нядаўняй Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая прахо-дзіла ў Мінску.

Беларускамоўнае выданне робіцца з улікам “плана Быкава” — той паслядоўнасці падачы твораў, якой яна бачылася самому аўтару. На беларускай мове поўны Збор твораў Васіля Быкава выйдзе ў 14-ці тамах. “У Екацерынбургу, дзе друкуецца тыраж, на кнігі таксама ёсць попыт — і там жывуць беларусы,” — гаварыў кіраўнік выдавецтва, які, дарэчы, нарадзіўся ў Мінску. Дарэчы, у бібліятэкі Беларусі камплекты выдання будуць перадавацца бясплатна.

Збор твораў на рускай мове ўжо таксама гатовы да друку. Праўда, ён задуманы карацейшым, у 8-мі тамах. Тым не менш гэта будзе поўны збор прозы пісьменніка.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter