102-я вясна хутаранкі

Ядвіга Крывулька сустрэла сёлета сваю 102-ю вясну. У гэты свет яна прыйшла марозным студзеньскім днём аж 1908 года. Святло і цяпло, якія ідуць з яе душы, не могуць не захапіць.

Хата яе блакітнага колеру прытулілася сярод поля на хутары, непадалёку ад вёскі Гнецькі Рубяжэвіцкага сельсавета Стаўбцоўскага раёна. З вялікай дарогі адзінокая сядзіба здаецца зялёным востравам.
Бабулька — худзенькая, невысокага росту, нават без кіёчка — сустрэла нас у двары. Пасвіла курэй. На галаве — хустка, з-пад якой выглядае “кампрэс” з зялёных лісцяў нейкай расліны: “Не будзе балець галава”. Урачоў доўгажыхарка не прызнае. І ў сваім веку пільнуецца роднай хаты, хаця мае васьмёра дзяцей (адзін сын памёр не так даўно). Усе яны завуць матулю да сябе. А колькі ўнукаў, праўнукаў — бабуля дакладна і не ведае! Яны часта прыязджаюць, дапамагаюць.
Лёс жанчыны быў няпростым. З 13 гадоў пайшла ў людзі — служыць, зарабляць на хлеб. У 17 выйшла замуж. Да сёмага поту ўсё жыццё працавала разам з мужам. Днём — у калгасе, вечарам — дома, падымаючы дзяцей, даглядаючы вялікую гаспадарку. Мінула два дзесяцігоддзі, як Ядвіга Крывулька — удава...
Размаўляеш з ёю і прыемна здзіўляешся мудрасці яе жыццёвых разваг. Як і ў маладосці, яна не цураецца работы. Кажуць, часцяком ходзіць басанож. Ці не ў гэтым сакрэт даўгалецця?.. “З Панам Богам! — блаславіла нас на дарогу. — Каб вас заўсёды паважалі людзі, але і самі сумлення не губляйце”.
Дарэчы, на Стаўбцоўшчыне разам з Ядвігай Крывулька пражываюць яшчэ шэсць доўгажыхароў, якія перасягнулі стогадовую мяжу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter