...І зведаць глыбіню крыніц
07.09.2004
Як адзначыў, выступаючы на цырымоніі адкрыцця помніка, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Таварыства Кірыла Тураўскага”, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі, закранаючы тэмы дабра і зла, асуджаючы людскія заганы, Кірыла Тураўскі стварыў своеасаблівы кодэкс паводзін чалавека.
Праз стагоддзі да нас дайшло каля 70 работ асветніка, але гэта акалічнасць не перашкаджае засведчыць бясспрэчны факт: ідэі гуманізму, дабра, высокай маральнасці, што прапаведваў Златавуст, нашмат перажылі яго самога. Аўтары помніка – вядомы беларускі скульптар Леў Гумілеўскі і яго сын Сяргей, архітэктар Мікалай Жлоба. Увогуле ж, мерапрыемствы Дзён пісьменства ў Гомелі характарызаваліся змяшаннем эпох і стыляў. Гэта арганічнае перапляценне гістарычнага і сучаснага адчувалася паўсюдна. Прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў рэспубліканскіх і абласных органаў улады, дэпутацкага корпуса, святароў, ганаровых гасцей на чале з намеснікам прэм’ер-міністра краіны Уладзімірам Дражыным пасля адкрыцця помніка Кірылу Тураўскаму накіравалася да жамчужыны Гомельшчыны – палаца Румянцавых—Паскевічаў. На сцежках парка імя Луначарскага ім сустракаліся паважныя паненкі, апранутыя ў строі XVIII стагоддзя. Непадалёк ад таго месца чутны быў звон мячоў – гэта здабывалі перамогу ў рыцарскім турніры “ваяры-ратнікі”. А неўзабаве ў шыкоўнай карэце да параднага ўезда ў палац прыбывае... сам уладальнік маёнтка граф Мікалай Румянцаў. Тэатралізаваная інсцэніроўка падзей мінулага часу толькі падкрэсліла значнасць новай дзеі Дзён пісьменства.
— Гомель мае выдатныя адноўленыя помнікі архітэктуры і культуры, — адзначыў у размове з журналістамі старшыня аргкамітэта па правядзенні Дзён пісьменства Уладзімір Дражын. – Натуральна, што мы сёння ўспрымаем іх у новым разуменні і ацэнцы. Разам з тым гэта сведчанне паслядоўнай палітыкі дзяржавы ў захаванні нашай гісторыка-культурнай спадчыны.
Дзеючымі асобамі свята пісьменства ў Гомелі сталі пісьменнікі, гісторыкі, навукоўцы, майстры народнай творчасці. Адбылася і падзея, якая не надта набліжала да тэмы пісьменства, – ушанаванне на цэнтральным стадыёне Гомеля прызёраў XXVIII Алімпійскіх гульняў і “пасвячэнне” нашай “залатой” алімпійскай зоркі – гомельскага дзюдаіста Ігара Макарава ў ганаровыя грамадзяне горада над Сожам...
Захапляюча-відовішчны вячэрні феерверк над Гомелем азначаў перадачу эстафеты Дзён пісьменства старажытнаму Тураву...