...І зведаць глыбіню крыніц

Адкрыццё ў цэнтры Гомеля помніка асветніку славянства Кірылу Тураўскаму стала адным з ключавых момантаў правядзення Дзён беларускага пісьменства ў абласным цэнтры. Сотні гамяльчан сабраліся 4 верасня ў скверы каля абласнога драмтэатра, каб стаць яго сведкамі.
Як адзначыў, выступаючы на цырымоніі адкрыцця помніка, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Таварыства Кірыла Тураўскага”, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі, закранаючы тэмы дабра і зла, асуджаючы людскія заганы, Кірыла Тураўскі стварыў своеасаблівы кодэкс паводзін чалавека. Праз стагоддзі да нас дайшло каля 70 работ асветніка, але гэта акалічнасць не перашкаджае засведчыць бясспрэчны факт: ідэі гуманізму, дабра, высокай маральнасці, што прапаведваў Златавуст, нашмат перажылі яго самога. Аўтары помніка – вядомы беларускі скульптар Леў Гумілеўскі і яго сын Сяргей, архітэктар Мікалай Жлоба. Увогуле ж, мерапрыемствы Дзён пісьменства ў Гомелі характарызаваліся змяшаннем эпох і стыляў. Гэта арганічнае перапляценне гістарычнага і сучаснага адчувалася паўсюдна. Прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў рэспубліканскіх і абласных органаў улады, дэпутацкага корпуса, святароў, ганаровых гасцей на чале з намеснікам прэм’ер-міністра краіны Уладзімірам Дражыным пасля адкрыцця помніка Кірылу Тураўскаму накіравалася да жамчужыны Гомельшчыны – палаца Румянцавых—Паскевічаў. На сцежках парка імя Луначарскага ім сустракаліся паважныя паненкі, апранутыя ў строі XVIII стагоддзя. Непадалёк ад таго месца чутны быў звон мячоў – гэта здабывалі перамогу ў рыцарскім турніры “ваяры-ратнікі”. А неўзабаве ў шыкоўнай карэце да параднага ўезда ў палац прыбывае... сам уладальнік маёнтка граф Мікалай Румянцаў. Тэатралізаваная інсцэніроўка падзей мінулага часу толькі падкрэсліла значнасць новай дзеі Дзён пісьменства. — Гомель мае выдатныя адноўленыя помнікі архітэктуры і культуры, — адзначыў у размове з журналістамі старшыня аргкамітэта па правядзенні Дзён пісьменства Уладзімір Дражын. – Натуральна, што мы сёння ўспрымаем іх у новым разуменні і ацэнцы. Разам з тым гэта сведчанне паслядоўнай палітыкі дзяржавы ў захаванні нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Дзеючымі асобамі свята пісьменства ў Гомелі сталі пісьменнікі, гісторыкі, навукоўцы, майстры народнай творчасці. Адбылася і падзея, якая не надта набліжала да тэмы пісьменства, – ушанаванне на цэнтральным стадыёне Гомеля прызёраў XXVIII Алімпійскіх гульняў і “пасвячэнне” нашай “залатой” алімпійскай зоркі – гомельскага дзюдаіста Ігара Макарава ў ганаровыя грамадзяне горада над Сожам... Захапляюча-відовішчны вячэрні феерверк над Гомелем азначаў перадачу эстафеты Дзён пісьменства старажытнаму Тураву...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter