І запелі цымбальныя струны…

Новасібірскі цэнтр беларускай культуры ўпершыню зладзіў адметны музычны фестывальНядаўна ў Доме нацыянальных культур імя Генадзя Завалокіна, дзе пастаянна праходзяць канцэрты, вечары, гучалі не зусім звычайныя музычныя інструменты. “Спраўдзілася мара мая даўняя, — радуецца дырэктар дзяржаўнага Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава. — Яшчэ два гады таму мы святкавалі 10-годдзе цэнтра, прыгожа грала ў нас цымбалістка з Краснаярска Надзея Івашчанка. І гукі цымбалаў пакарылі гледачоў. Тады падумалася: а чаму б і ў Новасібірску ім не гучаць, тым больш, што такі адметны інструмент нам падарыў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з Беларусі. Мы разумелі: праз цымбалы абудзіцца яшчэ большая цікавасць сібіракоў да беларускай культуры”.
У Новасібірску да беларускіх цымбалаў вялікі інтарэсНовасібірскі цэнтр беларускай культуры ўпершыню зладзіў адметны музычны фестываль
Нядаўна ў Доме нацыянальных культур імя Генадзя Завалокіна, дзе пастаянна праходзяць канцэрты, вечары, гучалі не зусім звычайныя музычныя інструменты. “Спраўдзілася мара мая даўняя, — радуецца дырэктар дзяржаўнага Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава. — Яшчэ два гады таму мы святкавалі 10-годдзе цэнтра, прыгожа грала ў нас цымбалістка з Краснаярска Надзея Івашчанка. І гукі цымбалаў пакарылі гледачоў. Тады падумалася: а чаму б і ў Новасібірску ім не гучаць, тым больш, што такі адметны інструмент нам падарыў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з Беларусі. Мы разумелі: праз цымбалы абудзіцца яшчэ большая цікавасць сібіракоў да беларускай культуры”.
Пачыналі з семінара. Ахвотна адгукнуліся кіраўнікі танцавальных і музычных гуртоў — як мясцовых, так і з Цюмені, Томска, Барнаула — каля 30 чалавек. Далучыўся і ўкраінскі моладзевы цэнтр, які ўзначальвае Сяргей Піліпенка: ён сабраў бандурыстаў. Бо цымбалы і бандура — інструменты шматструнныя, у іх аб’ёмны гук, і прынцып ігры на іх падобны. Цымбалы, нягледзячы на розныя меркаванні, традыцыйна лічацца інструментам беларускім, а бандура — украінскім.
На семінар запрасілі спецыялістаў з Магілёва: з Магілёўшчыны родам, дарэчы, і Ніна Кабанава. Ёй было прыемна, што землякі ахвотна адгукнуліся. Майстар-клас праводзіла загадчыца кафедры народных інструментаў Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аксана Кузняцова. Яна расказала шмат цікавага пра даўно вядомы на Беларусі інструмент. Раней, дарэчы, на цымбалах гралі толькі аўтэнтычную музыку, цяпер яны ёсць і ў прафесійных аркестрах.
Ахвотна знаёмілася з цымбаламі супрацоўніца НЦБК, яго салістка Анастасія Трубянкова: “Інструмент выдае цудоўныя гукі, калі па струнах бегаюць драўляныя малаточкі. Думала спачатку: як жа патрапіць?.. А калі разабралася, у мяне ўсё атрымалася. Чалавеку з музычнай адукацыяй інструмент асвоіць лягчэй. Спачатку Аксана нам паказала беларускую песню “Перапёлка”, потым іншыя мелодыі”. Насця праявіла выдатныя здольнасці ў асваенні ігры на цымбалах. Госця з Магілёва высока ацаніла яе першыя поспехі і параіла прайсці курс навучання ў Беларусі.
Для Тамары Грыгор’евай цымбалы — не навіна: вучылася Беларускай дзяржкансерваторыі, яе запрашалі іграць у Дзяржаўны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. У Цюмені, дзе Тамара апынулася разам з мужам-вайскоўцам, яна арганізавала маладзёжны гурт беларускай песні “Палессе” і кіруе ім, навучыла сваіх артыстаў граць на цымбалах, сама выступае з сольнымі канцэртамі. На семінары яна і сама магла падзяліцца музычным досведам. А Святлана Ермакова з Бердска, кіраўнік ансамбля бандурыстаў, вучыла жадаючых іграць на ўкраінскім інструменце.
Тым часам у іншым памяшканні праводзіў майстар-клас Аляксей Лукашэвіч — балетмайстар беларускага гурта фольк-шоу-балет “Альянс”. Сібірскія танцоры паказвалі свае ўменні, а майстар знаёміў іх з новымі элементамі, прыёмамі. І тое ўсім было на карысць. Лілія Сулейка, выпускніца Алтайскай акадэміі культуры і мастацтва, займаецца з дзецьмі. І цяпер у Барнауле яе выхаванцы разам з рускімі танцамі асвойваюць беларускія “Крыжачок” і “Кросны”.
За круглым сталом удзельнікі семінара былі аднадушнымі: карысная атрымалася сустрэча, варта ладзіць падобныя творчыя акцыі надалей. А яшчэ задумалі стварыць адзіны Цэнтр навучання ігры на цымбалах, бандуры, харэаграфіі. Новасібірск зможа аб’яднаць педагогаў, майстроў з іншых сібірскіх гарадоў. Дапамогу прапанаваў і загадчык кафедры народных інструментаў Новасібірскай акадэміі музыкі Аркадзь Бурханаў. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага дома народнай творчасці, член Савета па справах культуры і мастацтваў пры Саўміне Беларусі Алег Хмялькоў гатовы наладзіць вучобу музыкаў і харэографаў у Беларусі. “Мы і раней забяспечвалі Новасібірскі цэнтр беларускай культуры метадычнай літаратурай, дапаможнікамі, дасылалі рэпертуарныя зборнікі, — сказаў ён, — а тут бачу, што рабіць гэта трэба ўвесь час. У Беларусі моцная школа ігры на цымбалах, і мы маглі б з задавальненнем запрасіць на вучобу сібіракоў”.
Семінарскія будні завяршыліся вялікім адкрытым Фестывалем цымбалістаў і бандурыстаў у Сібіры. Танцоры, музыканты паказалі майстэрства і перад гледачамі. І беларускія цымбалы, і ўкраінская бандура гучалі ў поўную сілу. Аксана Кузняцова, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, віртуозная выканала кампазіцыю на тэму народных мелодый у апрацоўцы Іосіфа Жыновіча. А Тамара Грыгор’ева іграла “Славянскі вянок” з беларускіх і ўкраінскіх песень. Потым цымбалы змяняла бандура. Па рэакцыі залы было бачна: гэтыя інструменты прыйшліся ўсім па душы і прыжывуцца ў Сібіры. Асабліва ўдзячны за такую музыку былі ветэраны, у многіх з якіх беларускія і ўкраінскія родавыя каранямі: мелодыі, памятныя з дзяцінства, выклікалі ў іх слёзы замілавання.
Фестываль цымбалістаў і бандурыстаў ў Сібіры названы адкрытым — бо ён адкрыты для ўсіх, хто шчыра жадае прапагандаваць сваю нацыянальную культуру.
У Новасібірскага дзяржаўнага цэнтра беларускай культуры ўжо нямала па-сапраўднаму цікавых спраў. Штогод на вясновы фэст-конкурс, што сёлета праходзіў шосты раз, злятаюцца “бусляняты” — юныя артысты з сібірскіх гарадоў і вёсак. Традыцыйнымі сталі абласны фэст беларускай народнай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”, фестываль беларускай саломкі ды іншыя. Хочацца верыць, што і гэты звонкаструннае свята стане традыцыйным. Далучайцеся!

Людміла Бяляўская, Новасібірскі дзяржаўны цэнтр беларускай культуры
На здымку:
У Новасібірску да беларускіх цымбалаў вялікі інтарэс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter