Урбан: наша задача – создавать лучшие сорта, чтобы гарантированно обеспечить страну хлебом

«Заўжды на стале пад ручніком ляжаў жытні бохан...»

Членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, доктарам сельгаснавук, прафесарам Эромам Урбанам больш за сорак гадоў селекцыйнай работы выведзена амаль паўсотні сартоў і гібрыдаў азімага жыта 

З іх тры дзясяткі ўключаны ў Дзяржаўны рэестр краіны, а два сарты выкарыстоўваюцца ў Расіі. Даследаванню гэтай культуры ён прысвяціў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Сумесна з калегамі прымаў удзел у распрацоўцы тэхналогіі вырошчвання новых беларускіх сартоў жыта, патэнцыял ураджайнасці якіх дасягае 80 цэнтнераў зерня з гектара. Рэкамендацыі калектыву вучоных уключаны Мінсельгасхарчам у галіновыя тэхналагічныя рэгламенты па вырошчванні збожжавых і вывучаюцца студэнтамі аграрных ВНУ. У творчым арсенале навукоўца больш за дзве сотні селекцыйных даследаванняў, амаль тры дзясяткі аўтарскіх пасведчанняў, дзевятнаццаць патэнтаў на сарты і гібрыды азімага жыта. Даследчык займае пасаду першага намесніка генеральнага дырэктара па навуцы РУП НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве. Займаецца падрыхтоўкай навуковых кадраў, працуе ў Дзяржаўным экспертным савеце і экспертным савеце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Руплівая праца Эромы Пятровіча УРБАНА адзначана медалём «За працоўныя заслугі», шматлікімі ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Мінскага аблвыканкама, адмысловымі адзнакамі Нацыянальнай акадэміі навук, медалём імя І. І. Сінягіна «За асаблівы ўклад у развіццё аграрнай навукі Сібіры», ганаровымі граматамі Інстытута генетыкі і цыталогіі, НПЦ НАН Беларусі па земляробстве. Вучоны ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, яго партрэт упрыгожваў Дошку гонару Жодзіна.


  На стале ў Эромы Урбана побач з камп'ютарам — прывабны пучок кала­соў спелага жыта. На сцяне дыпломы, граматы. З партрэта пазірае на гэтыя ўзнагароды свайго таленавітага вучня Герой Сацыялістычнай Працы прафесар Мікалай Мухін.

— Дзякуючы падтрымцы Мікалая Дзмітрыевіча пачаўся мой шлях у аграрную навуку, — перахапіўшы мой позірк, адзначыў Эрома Пятровіч. — Да працы на зямлі прызвычаены з малых гадоў. Бацька Пётр Канстанцінавіч даглядаў калгасную жывёлу, маці Антаніна Канстанцінаўна працавала ў паляводчай брыгадзе. Днямі яны былі заняты калгаснымі справамі. Дапамагаў ім упраўляцца па хатняй гас­падарцы. З сябрамі-равеснікамі ў час летніх канікул палолі буракі на калгасным полі, абганялі бульбу, церабілі лён, коньмі звозілі снапы да малацілкі. Ганарыўся, калі бачыў партрэты бацькоў на калгаснай Дошцы гонару ў валожынскай вёсцы Пяршаі. Вабіла мяне праца на зямлі. Пасля васьмі класаў з трыма аднакласнікамі паехалі паступаць у Мар'інагорскі саўгас-тэхнікум. Паспяхова здалі ўступныя экзамены і атрымалі выклікі на вучобу. Лёгка даваліся ўсе дысцыпліны. На старэйшых курсах прадстаўляў наш саўгас-тэхнікум на злёце выдатнікаў аграрных сярэдніх навучальных устаноў Беларусі. З тых далёкіх гадоў юнацтва запомнілася, як гарэў жаданнем паспрабаваць сябе ў практычнай дзейнасці. Разам з дыпломам агранома атрымаў накіраванне ў валожынскі саўгас «Праца». Паўгода адпрацаваў там і ўвосень пайшоў у армію... Вельмі радаваліся бацькі і родныя, калі паступіў на аграфак Беларускай сельгасакадэміі. Запомніліся грунтоўныя лекцыі прафесараў Анвара Закіравіча Латыпава, Рыгора Іванавіча Таранухі, які месяц таму адзначыў дзевяностагадовы юбілей, Аляксея Міхайлавіча Багамолава.

— А селекцыяй сельгаскультур калі зацікавіліся?

— У сельгасакадэміі багатая навуковая база. З першага курса эксперыментавалі на занятках у лабараторыях, на доследным полі. Вучоба мяне захапіла. З рэфератамі выступаў на студэнцкіх канферэнцыях. Падарункам лёсу была для мяне сустрэча ў час пераддыпломнай практыкі з вядомым селекцыянерам Мікалаем Дзмітрыевічам Мухіным. Імя яго грымела на ўсю былую вялікую краіну. Выведзены пад яго кіраўніцтвам сорт жыта «белта» вырошчваўся не толькі на беларускіх палях, але і ў Расіі, Украіне, Прыбалтыцы, Малдавіі. І зараз ён служыць найбольш значнай генетычнай крыніцай і асновай для стварэння новых, больш ураджайных сартоў азімага жыта. Цікава было назіраць за працай таленавітага вучонага. Узначальваў ён у інстытуце аддзел селекцыі і пярвічнага насенняводства азімых збожжавых культур. Па-бацькоўску цёпла адносіўся да мяне, падтрымліваў імкненне да даследаванняў. Пасля заканчэння з адзнакай аграфака сельгасакадэміі мяне накіравалі на працу малодшым навуковым супрацоўнікам у Беларускі навукова-даследчы інстытут земляробства.

— З чаго там пачалася ваша навуковая дзейнасць?

— З… жаніцьбы. Пазнаёміўся з дзяўчынай на вяселлі майго сябра дзяцінства Яўгена Скрундзя, які потым стаў старшынёю вядомай валожынскай гаспадаркі «Пяршаі». Спадабалася мне Галіна. Працавала яна бухгалтарам у Крупскім раёне. Перапісваліся, сустракаліся, а на пачатку жніўня 1980 года пабраліся шлюбам. Гулянне пачалі ў пятніцу ў маладзечанскім доме нявесты, а потым гасцей прымалі мае бацькі ў валожынскай вёсцы Бурбаўшчына.

Пяць гадоў жылі ў інстытуцкім інтэрнаце для маласямейных, а потым Мікалай Дзмітрыевіч Мухін прапанаваў нам перабрацца да яго ў двухпакаёвую кватэру, уступіў нам большы пакой. Калі нарадзілася наша дачка Іна, на руках насіў яе, песціў. Дзядуляй потым яна яго называла.

— З перажытага што больш прыгадваецца?

— Праца над кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі, якія прысвечаны селекцыі азімага жыта ў Беларусі. Шмат давялося прыкласці намаганняў для абагульнення вынікаў даследаванняў і вызначэння прыярытэтных накірункаў па стварэнні сартоў азімага жыта. Селекцыя ў раслінаводстве больш прыземленая, чым у жывёлагадоўлі. Наша задача — ствараць лепшыя сарты, каб гарантавана забяспечыць краіну хлебам. Пастаянна прымаў удзел у замежных навукова-практычных канферэнцыях па селекцыі сельгаскультур.

— Дванаццаць гадоў вы на адмі­ністрацыйнай пасадзе. Як удаецца спалучаць гэту працу з навуковай?
— Імкнуся трымаць руку на пульсе часу, у полі зроку навуковыя справы. З калегамі працуем над стварэннем гібрыднай селекцыі жыта. Імкнёмся дабіцца, каб выведзеныя гібрыды давалі на 15—20 працэнтаў большую ўраджайнасць. За аснову бяром самыя прадукцыйныя сарты жыта. У селекцыі на першы план выходзіць стварэнне гібрыдаў. Апошняя такая распрацоўка — гібрыд жыта «белгі».
На жаль, эфектыўная работа стрымліваецца з-за розных фактараў. Мяне, як і маіх калег, хвалюе, што тэрмін рэалізацыі селекцыйных праектаў кароткі. Даведзены ён да двух-трох гадоў ад пачатку фінансавання праекта па стварэнні сорту да здачы ў дзяржаўнае сортавыпрабаванне. Недастаткова часу, каб якасна адпрацаваць селекцыйны матэрыял па прынятых міжнародных крытэрыях. Асабліва гэта тычыцца азімых культур і шматгадовых траў. Згодна з прынятым заканадаўствам, калі сорт праз тры гады не трапляе ў рэестр дзяржаўных выпрабаванняў, затраты на яго вывядзенне вяртаюцца дзяржаве. Гэта тычыцца і сітуацыі, калі ён на працягу трох гадоў не акупляе затрачаныя сродкі ў суадносінах адзін да пяці. Згодна з прапорцыяй належыць вяртанню пэўная сума патрачаных сродкаў. Так атрымалася з вывядзеннем сорту трыцікале «блага-17»: не хапіла фі­нансаў для ўкаранення яго ў вытворчасць. Пачатак адаптацыі яго быў няўдалым, а цяпер ён займае ўсё большы сегмент у севазвароце краіны.

Не так часта даводзіцца бываць на доследных дзялянках цэнтра, але з калегамі абмяркоўваем праграму дзеяння. Мяне, як адміністратара, зараз больш хвалюе, каб на сто працэнтаў нашы палі засяваліся айчыннымі сартамі сельгаскультур. Мо крыху мы і адстаём ад заходніх навукоўцаў па ўстойлівасці збожжавых ад палягання. Але трэба разумець, што галоўнае — вытрымліваць тэхналогію на палях. Як сведчаць факты, зараз амаль 70 працэнтаў гаспадарак маюць ураджайнасць збожжавых да 30 цэнтнераў з гектара. У асноўным гэта з-за невытрымлівання тэхналагічнага працэсу. Вось і асеннюю сяўбу патрабавалася завяршыць да пятага кастрычніка. У некаторых гаспадарках Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей да замаразкаў сеялі збожжавыя. Пра якія вынікі можна там гаварыць?..

Наша задача — ствараць найбольш ураджайныя сарты, вызначыць сыравінныя зоны, каб максімальна рэалізоўваўся патэнцыял прадукцыйнасці і якасці. Навукоўцамі створаны першыя гібрыдныя сарты азімага жыта, кукурузы, цукровых буракоў. Селекцыйны працэс разгорнуты па шматгадовых бабовых і злакавых травах. На палях гаспадарак вырошчваецца дзве сотні сельгас­культур селекцыі НПЦ, што складае амаль 80 працэнтаў пасяўных плошчаў краіны. За апошнія гады, акрамя гібрыда азімага жыта «белгі», дзяржрэестр папоўніўся новымі сартамі пшаніцы, трыцікале, рапсу, грэчкі, гароху палявога, лубіну вузкалістага, шматгадовых траў, фестулоліуму і некаторых іншых кармавых культур.

— Але ў наяўнасці інтэрвенцыя сельгаскультур замежнай селекцыі. Ці не выклікае гэта хваляванне ў вучоных-селекцыянераў?

— Так, некаторыя гаспадаркі захапляюцца выкарыстоўваннем заходніх сартоў сельгаскультур. Але калі на адным полі параўнаць беларускія і замежныя, то нашы не ўступаюць ім па ўраджайнасці. Мала рэкламуем новыя айчынныя сарты. НПЦ займаецца рэалізацыяй арыгінальнага і элітнага насення, а трэба наладзіць і арганізацыю паставак у гаспадаркі суперэліты і эліты, першай рэпрадукцыі. Тут недапрацоўвае РА «Белнасенне». Хочацца спадзявацца на выпраўленне сітуацыі.

Асноўная задача цэнтра — селекцыя новых сартоў і вытворчасць арыгінальнага элітнага насення. Штогод реалізуем яго амаль 2500 тон, што дае магчымасць за тры гады забяспечыць патрэбы гаспадарак рэспублікі. Збожжавыя ў цэлым па краіне займаюць 2,5 мільёна гектараў. Наш цэнтр можа паставіць неабходную колькасць насення ўласнай вытворчасці па ўсіх сельгаскультурах, акрамя цукровых буракоў і кукурузы.

— Эрома Пятровіч, навуковую дзейнасць вы прысвяцілі стварэнню новых сартоў жыта. А плошчы пад гэту культуру рэзка скарачаюцца…

— Гэта так. Зусім нядаўна жыта займала амаль мільён гектараў, а цяпер плошчы менш у тры разы. Спатрэбіліся землі пад пасевы іншых культур. Кукурузныя плантацыі пашырыліся да мільёна гектараў. Прыйшлі новыя культуры: рапс і трыцікале. Агульная плошча вырошчвання іх вырасла таксама да мільёна гектараў. Больш сталі сеяць пшаніцы. У агульным намалоце краіны на яе прыходзіцца да двух мільёнаў тон. Для забеспячэння харчовых запасаў патрабуецца напалову менш, а астатняя частка выкарыстоўваецца на фураж. Намалот жыта ў асобныя гады даходзіць да мільёна тон. На харчовыя мэты неабходна толькі трэцяя частка яго, а астатняе папаўняе кармавы запас. У цэлым 75 працэнтаў ураджаю збожжавых выкарыстоўваецца на корм жывёле.

— У апошнія дзесяцігоддзі значна змяніўся клімат. Як гэта адлюстроў­ваецца пры стварэнні сартоў сельгас­культур?

— Імкнёмся павышаць устойлівасць новых сартоў да маразоў. Пры вывядзенні іх ставіцца задача, каб мелі высокую адчувальнасць на натуральную ўрадлівасць глебы і ўстойлівасць да лімітаваных фактараў асяроддзя. Некалькі дзесяцігоддзяў таму ў зерневым севазвароце роўныя долі прыходзіліся на яравыя і азімыя, а зараз плошча апошніх вырасла да 70 працэнтаў збожжавага кліна. Вясною такія пасевы хутчэй развіваюцца і пераадольваюць засуху. У сярэдзіне лета пачынаецца ўборка, а яравыя даспяваюць. Для селекцыйных даследаванняў абменьваемся насенным матэрыялам з расійскімі калегамі з Варонежскай, Саратаўскай абласцей, дзе найбольшы ўплыў засухі.

— Летась НПЦ наведваў Прэзідэнт, гутарыў з вучонымі. Што найбольш засталося ў памяці з той сустрэчы?
— Кіраўнік краіны агледзеў нашы лабараторыі, фітатрон, доследныя дзялянкі ў полі і быў прыемна ўражаны ўбачаным. Падводзячы вынікі, падзякаваў за тое, што захавалі аграрную навуку. І не толькі ў насенняводстве. Селекцыянераў назваў унікальнымі і адзначыў: «Людзі павінны разумець тое, што кавалак хлеба, які купілі ў магазіне, пачынаецца з вучоных і гэтых дзялянак». Высокая ацэнка Прэзідэнта дзейнасці нашага калектыву надала настрою і жадання працаваць яшчэ лепш.
— Як завяршаеце Год міру і стварэння?

— Прыемна адзначыць, што на працягу года паспяхова рэалізоўваліся сумесныя з расійскімі вучонымі праекты і дамовы па селекцыі сельгаскультур. І надалей будзем развіваць супрацоўніцтва. Галоўнае, каб мір панаваў на зямлі. Балюча ўспрымаю падзеі, што адбываюцца ў свеце. Мімаволі задумваюся: чаго людзям нестае? Немагчыма глядзець па тэлевізары на крывавыя кадры, асабліва калі гінуць дзеці. Важна зберагчы кожнае жыццё. Столькі гора нясуць войны, што ўспыхваюць у розных кутках планеты. Спадзяваюся, нашых нашчадкаў гэта ліха міне.

— Што вас у жыцці натхняе?

— Сям'я і праца на карысць Радзіме. Мы з жонкай радуемся кожнаму поспеху любімай унучкі Улляны. Вучыцца яна ў пятым класе і займаецца ў навуковым гуртку. Нядаўна падрыхтавала рэферат пра хлеб і прэзентавала яго аднакласнікам. У нашай сям'і да хлеба асаблівая павага, вырошчванню яго прысвечана ўсё маё жыццё. З далёкага дзяцінства памятаю, як маці на дубовых лістах выпякала боханы. Драўлянай лапатай даставала іх, і хата поўнілася духмяным водарам. Заўжды на стале каля покуці пад ручніком ляжаў жытні бохан. Возьмеш акраец яго, пасыплеш соллю — і лепшай ежы не трэба.

— У вас незвычайнае імя. Хто адарыў ім?

— Бацькі — каталікі, усё жыццё правялі ў вёсцы. У сям'і, акрамя мяне, сястра Ганначка. Маё імя многіх здзіўляе. Маці марыла назваць мяне незвычайна. Калі ў сельсавеце выдавалі пасведчанне аб нараджэнні, то мясцовы пісар прапанаваў назваць Эромам. Так і запісалі.

— Якая рыса характару павінна быць у вучонага галоўнай?

— Праўдзівасць перад самім сабою. Розныя выпадаюць вынікі пры даследаваннях, да ўсяго трэба быць гатовым. Не варта падтасоўваць факты дзеля нейкай карысці. З навуковым пошукам побач павінна крочыць прыстойнасць. Усё жыццё імкнуся жыць сумленна, так, як выхавалі бацькі. З дзяцінства яны вучылі браць прыклад са старэйшых. Мае куміры — прафесар Мікалай Дзмітрыевіч Мухін, акадэмікі Уладзімір Паўлавіч Самсонаў, Станіслаў Іванавіч Грыб, Васіль Мікалаевіч Шлапуноў. Вось зараз эстафету навуковай дзейнасці перадаём маладым. У наш НПЦ многія імкнуцца пасля атрымання вышэйшай аграрнай адукацыі, але не ўсіх бяром. На жаль, слабы адукацыйны ўзровень. Гэта праблема дзяржаўнай значнасці. Чамусьці ўпаў прэстыж аграрных прафесій, трэба прымаць адэкватыя меры. Каб краіна паспяхова развівалася, неабходны навуковы патэнцыял.

— У якіх чалавечых слабасцях не можаце сабе адмовіць?

— Люблю душу адвесці на прысядзібным участку: на дванаццаці сотках вырошчваем гародніну, садавіну. Гэта ў мяне з дзяцінства. Пакуль жыла маці, часта наведваў яе ў вёсцы Бурбаўшчына. Цяпер у бацькоўскім доме гаспадараць чужыя людзі, але родны куток па-ранейшаму ў маім сэрцы. Перад вачамі Іслач, на беразе якой звычайна ладзіўся раённы фэст працы і песні. Шмат народу збіралася. На сцэне віншавалі перадавых калгаснікаў. Не аднойчы і тата з матуляй былі сярод іх. Пра гэту рэчку наш школьны настаўнік геаграфіі Мікалай Мікалаевіч Ганчарык напісаў песню, і на ўроках спеваў пад баян мы яе выконвалі ўсім класам.

— Ад чаго больш стамляецеся зараз?

— Ад шматлікіх папер, на якія трэба пастаянна адказваць. Душу грэе селекцыйная работа: за дзесяцігоддзі прывык да навуковых даследаванняў. Кожны выведзены сорт жыта — часцінка маёй душы.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter