“Як многа гавораць мне назвы такія...” Віцябчанін Анатоль Бруцкі стварыў сапраўдную анталогію найменняў прыдзвінскіх вёсак.

Паляшук Анатоль Бруцкі цяпер ведае пра паўночныя беларускія вёскі амаль усё. Такая вось наканаванасць лёсу: нарадзіцца на самым беларускім поўдні,
у вёсцы Белавуша Столінскага раёна, а дасканала вывучаць гісторыю паходжання назваў населеных пунктаў паўночнай Беларусі. Аднак без журналісцкага досведу і пэўнага патрыятызму тут не абышлося.

Анатоль Паўлавіч працуе на чыноўніцкай пасадзе — намеснікам начальніка аддзела па рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання Віцебскага аблвыканкама. Яго праца непасрэдна звязана з рэгулярнымі паездкамі ў глыбінку, падчас якіх здараюцца цікавыя сустрэчы з малавядомымі фактамі гісторыі нашай Бацькаўшчыны. За дзесяць гадоў ён сабраў адметны матэрыял на цэлую кнігу пра нашыя спрадвечныя карані, местачковы і вясковы каларыт ды цені забытых багоў.

— Анатоль Паўлавіч, пра ўсё па парадку. Як здарылася, што вы зацікавіліся такой незвычайнай тэмай, як гісторыя назваў населеных пунктаў Віцебшчыны? З чаго пачалося ваша адмысловае даследаванне тапанімікі?

— Вядома ж, усе мы — з вёскі. І я — сялянскі хлопец. Наша Белавуша на Століншчыне — вялікая вёска на беразе Гарыні, каля 5 тысяч жыхароў, і зараз квітнее, пашыраецца. Пасля арміі я пачаў працаваць у газеце ў Шуміліна, скончыў філфак БДУ.
Неяк паехаў па рабоце ў Сенненскі раён, сутыкнуўся з нечаканай назвай вёскі — Манголія. Пачаў распытваць. Аказалася, што першую хату пабудаваў тут салдат, які вярнуўся з руска-японскай вайны і атрымаў за геройства надзел зямлі. Назваў вёску ў гонар далёкай краіны, дзе ў цяжкіх умовах яму пашчасціла выжыць.
А ў Талачынскім раёне ёсць вёска Байкал. Але з вядомым возерам наша назва не звязана. Байком называлі чалавека, які шмат гаварыў, казкі баяў, і язык яго не стамляўся.  А ў Чашніцкім раёне сустрэў назву вёскі — Дзярэўня.

— Якія адметнасці вы ўбачылі ў тапаніміцы Прыдзвінскага краю ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі?

— На паходжанне назваў вёсак паўплывалі гістарычныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці. Назвы вёсак — гэта не проста спалучэнне гукаў, яны адлюстроўваюць даўнія з’явы, падзеі, распавядаюць пра жыццё продкаў. Назва вёскі Яя ў Браслаўскім раёне сведчыць пра тое, што на нашай зямлі да балтаў і славян сяліліся фіна-ўгорскія плямёны. Значэнне тапоніма Яя ад фінскага слова “лёд”. У той мясціне, дзе з’явілася Яя, снег і лёд вясной сыходзілі даволі позна. Дарэчы, назва ракі Дзвіна таксама мае фіна-ўгорскае паходжанне. Па назвах вёсак можна заўважыць працэсы асіміляцыі ўгра-фінаў і славян. У Глыбоцкім раёне ёсць вёска Крывічы, побач — Закрэўшчына. Крэва — крывічы па-польску. У Шумілінскім раёне — Крывіцкія, у Талачынскім — вёска Палачанка. Крывічы дзяліліся на віцебскіх і полацкіх.
Паўночную частку Беларусі ў свой час моцна закранулі Паўночная і Лівонская войны. Яны былі вельмі знішчальныя, загінуў кожны другі насельнік краю.  Назва вёскі Ксты пад Полацкам паходзіць ад слова “крыжы”. Там шмат палягло жаўнераў, на магілах загінуўшых ставілі крыжы. Побач была і вёска Батарэя, але яе ўжо няма. У Расонскім раёне ёсць вёска Красты, дзе таксама адбылася жудасная бітва.
У Полацкім раёне назва вёскі Наўліца нагадвае пра трагічныя падзеі, якія дайшлі да нас праз выдатны помнік пісьменства “Аповесць мінулых гадоў”. У гэтым першым летапісным зводзе часоў Кіеўскай Русі апісана жудасная эпідэмія, што лютавала ў Полацку ў 1092 годзе. “Навье бьют полочане”. Наўі ў славянскай міфалогіі ўвасаблялі смерць.

— Але не толькі крывавыя падзеі пакінула нам гісторыя мінуўшчыны. Колькі светлых і пазітыўных пачуццяў у назвах нашых вёсачак: Надзежына, Дабрамыслі, Дабраплёсы...

— Дабрыгоры, Красамай, была нават Божая Ласка, цяпер той вёскі няма. Ва ўсе часы людзі імкнуліся да духоўнага, іх няўрымслівая творчая фантазія адлюстравана ў багатым беларускім фальклоры і тапаніміі. Скрыпкі і Скрыпшчына ёсць у Гарадоцкім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім раёнах. Дарэчы, першыя звесткі пра скрыпку ў беларускіх пісьмовых крыніцах — найбольш раннія ў Еўропе. Была ў Полацкім раёне вёска Жалейка, але не захавалася.

— Такім чынам, ваша кніга па гісторыі назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці спрыяе захаванню не толькі духоўнай культуры, але і можа стаць выратавальным колам для тых маленькіх хутароў, якія з цягам часу знікаюць з геаграфічнай карты мясцовасці. Ці заўважаеце вы некаторыя пэўныя традыцыі віцебскага сялянства?

— Умовы цяжкай земляробчай працы адбіваліся на назвах населеных пунктаў. Лядзенкі, Лядзішча, Ляднікі, Ляды — вёскі і хутары ў Віцебскім, Браслаўскім, Дубровенскім, Шаркаўшчынскім раёнах. Для многіх сялянскіх пакаленняў “ляда” азначала цяжкую, невыносную працу, вялікія турботы і высілкі. На поўначы Беларусі, бадай, самыя неспрыяльныя ў нашай краіне ўмовы для земляробства. Натуральная ўрадлівасць у большасці сваёй дзярнова-падзолістых глеб вельмі нізкая, вегетацыйны перыяд раслін скарочаны. Упартыя сяляне год за годам адваёўвалі ў дзікай прыроды новыя астраўкі зямлі, прыдатнай для вядзення гаспадаркі. Ляда — пустка, участак, на якім высякалі і спальвалі лес, а вызваленую зямлю выкарыстоўвалі для ворыва. А колькі салёнага поту трэба было праліць на выцерабленым лапіку зямлі?!
Дзернавічы, Задрачча, Гарэлікі, Жаркі, Жары — месцы, дзе гарэлі калісьці выкарчаваныя дрэвы і кусты, пакідаючы попел, што павышаў урадлівую сілу глебы.
На Віцебшчыне 36 вёсак маюць назву Слабада і 18 — Слабодка. Слабада — тая ж свабода. Вызваленыя ад панскага прыгнёту сяляне стваралі свае вольныя паселішчы. Паны часта адпускалі сваіх сялян на свабоду пасля разбуральных войнаў.

— Вы ўдала адзначылі і этнічную адметнасць, повязь беларусаў з іншымі народамі, якія сяліліся ў нашым краі.

— У нас многа вёсак, у назвах якіх корань “літва”: Літоўцы, Літоўшчына, Ліцвінава, Ліцвянкі. Але ж карэннае насельніцтва беларускіх зямель да сярэдзіны ХІХ стагоддзя называлася ліцвінамі. Дунін-Марцінкевіч, які нарадзіўся і рос пад Бабруйскам, лічыў, што вырас сярод ліцвінаў. Тапонім Літва на тэрыторыі Беларусі адзначаны ўжо ў ХІ стагоддзі.
Да 1863 года рускае насельніцтва Беларусі складалі ў асноўным стараверы. Так з’явіліся ў нас вёскі Маскалеўшчына, Маскалёва, Маскалёнкі, Маскалішкі.
Непакорныя вандроўнікі цыганы стварылі паселішчы ў Гарадоцкім і Сенненскім раёнах Цыганы і Цыганкі.
Дзякуючы рачному шляху па Дзвіне нашы продкі ўсталявалі моцныя сувязі з латышамі. Згодна з перапісам 1897 года латышы ў этнічнай структуры падзвінскага насельніцтва складалі 1 працэнт. І зараз захаваліся ў нас вёскі Уна, Латышонкі, Латышы. Каля Віцебска ёсць вёска Шульцава. Шульц з нямецкай — гэта стараста.

— Анатоль Паўлавіч, з якімі краязнаўцамі вы пазнаёміліся падчас вашай працы? Хто вам дапамог адшукаць патрэбную інфармацыю?

— Часта заходжу ў раённыя музеі, вяду гутаркі з гісторыкамі, края-знаўцамі, перачытаў усе кнігі “Памяць”— хронікі гісторыі  раёнаў. Быў неяк у Чашніцкім раёне ў вёсцы Іванск. У школе пазнаёміўся з настаўнікам Віктарам Грыбко. Ён мне растлумачыў паходжанне назвы вёскі Прыстоі. Маўляў, на рацэ Ула ў тым месцы была прыстань. Сам Іванск калісьці належаў манастыру святога Іана. На Віцебшчыне нямала апантаных гісторыяй свайго краю людзей. У Лужасна пад Віцебскам — Мікола Півавар, у Міёрах — Вітольд Ермалёнак, у Верхнядзвінску — Антон Бубала.

— А пра сваю родную палескую вёску Белавуша што ведаеце?

— Была такая птушка Балагужа. Гэта легенда. А вось Столін распачаўся ад імя Еўстолія. У перакладзе з грэчаскай мовы гэта той, хто добра апрануты. Столя — скарочаная імя. На сваёй малой радзіме я бываю ў дзядзькі Івана і цёткі Ніны, два браты жывуць у Пінску.

— Да якой высновы прыйшлі пасля дзесяцігадовай пошукавай працы на ніве прыдзвінскай тапанімікі?

— Гэта праца адкрыла для мяне гісторыю майго народа. Геаграфічныя назвы можна параўнаць з зоркамі, што даўно патухлі, але святло якіх усё яшчэ плыве да нас з бязмежнай касмічнай прасторы. На жаль, малыя вёскі знікаюць кожны год. Іх назвы павінны захавацца, бо гэта наша гістарычная спадчына.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter