“Я перажыў высокія хвіліны”, - Валерый КАЛТЫГІН. Разам з прэміямі “За духоўнае адраджэнне” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў 8 студзеня спецыяльныя прэміі дзеячам нацыянальнай культуры і мастацтва.

Сярод лаўрэатаў і бабруйскі мастак Валерый Калтыгін. Ураджэнец пасёлка Антопаль Драгічынскага раёна, выпускнік Бабруйскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Валерый Калтыгін вядомы далёка за межамі свайго горада і краіны.

Сярод лаўрэатаў і бабруйскі мастак Валерый Калтыгін. Ураджэнец пасёлка Антопаль Драгічынскага раёна, выпускнік Бабруйскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Валерый Калтыгін вядомы далёка за межамі свайго горада і краіны.

З 1976 года ён — удзельнік мастацкіх выстаў рознага ўзроўню ў Беларусі і за мяжой, з 1981-га — член Беларускага саюза мастакоў, а з 1990-га — нязменны кіраўнік яго бабруйскага аддзялення. Валерый Калтыгін — арганізатар і кіраўнік штогадовых міжнародных пленэраў па кераміцы “АРТ-Жыжаль”, стваральнік так званага бабруйскага стылю ў кераміцы, а яшчэ — выкладчык мастацкай школы імя Уладзіміра Дамарада.
— Для мяне ўзнагарода не звалілася з неба, — дзеліцца ўражаннямі мастак. — Зразумела, я ведаў, што аддзел культуры гарвыканкама вылучыў мяне на суісканне прэміі. Таму ўспрыняў гэту падзею, з аднаго боку, спакойна, з другога — з радасцю. Я ўжо сталы чалавек, які дастаткова пабачыў жыццё, таму нервовага дрыжання ў каленях не было. Рады, што дзяржава прызнала і так высока ацаніла маю працу, хоць, зразумела, калі рабіў яе, не думаў ні пра якую ацэнку ў далейшым.
— Валерый Аркадзьевіч, напэўна, гэтая ацэнка — самая высокая ў вашай творчай біяграфіі? Ці ўжо было штосьці супастаўляльнае па значнасці?
— Супастаўляльнага не было. Знаходзіцца на адной сцэне з Прэзідэнтам краіны і Уладыкам, атрымліваць ад іх узнагароды — гэта высокія хвіліны!
— Чым былі напоўнены гэтыя хвіліны, якімі думкамі, пачуццямі, эмоцыямі?
— Я ўсё ж мастак, і мне было цікава паслухаць, пра што гавораць Мітрапаліт, Прэзідэнт, як яны паводзяць сябе, як паводзяць сябе тыя, хто стаіць побач са мной. Адным словам, гэтыя хвіліны прайшлі ў назіранні. Такая сітуацыя ўзнікла першы і, можа, апошні раз у маім жыцці. Цікава!.. Мне вельмі спадабалася атмасфера, якая панавала ў час і пасля ўрачыстай цырымоніі, абсалютна чалавечая абстаноўка.
— Ваша публічная дзейнасць надзвычай разнастайная і шматгранная. Ці можаце вылучыць нейкую яе грань, якая паўплывала на такое высокае прызнанне?
— Зразумела, асноўным штуршком паслужыла арганізацыя і правядзенне пленэраў “АРТ-Жыжаль”, усё астатняе — толькі садзейнічала. Але хачу падкрэсліць, што нават правядзенне пленэраў было б немагчыма, калі б не падтрымка дзяржаўных структур і грамадскасці. Гэта і аддзел культуры гарвыканкама, і абласное ўпраўленне культуры, і мастакі-энтузіясты... Вельмі важнай была першапачатковая падтрымка тагачаснага начальніка аддзела культуры гарвыканкама Анатоля Сінкаўца, які аказаў мне давер і пайшоў на пэўную рызыку. Усе ўбачылі, што атрымалася нешта вартае, і пайшло, пайшло!.. Ну вось і цяперашні мэр Бабруйска Дзмітрый Бонахаў заявіў: “Будзем праводзіць, нягледзячы ні на што!” Але каб праводзіць пленэры, іх трэба пастаянна ўдасканальваць, абнаўляць, а для гэтага і я павінен вучыцца, улічваць заўвагі, памылкі, штосьці мяняць у сабе. Таму на мяне, як на кіраўніка пленэра, кладзецца вялікая нагрузка, у час яго правядзення напружанне проста велізарнае!
— Хто першы павіншаваў вас пасля ўручэння прэміі?
— Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. А ўвогуле са мной з Бабруйска ездзіла група падтрымкі. Яна атрымалася чыста жаночай: намеснік начальніка аддзела культуры гарвыканкама Ірына Роскач, дырэктар мастацкай галерэі Святлана Прывалава, дырэктар краязнаўчага музея Наталля Арцемчык, дырэктар мастацкай школы Таццяна Арасланава, дырэктар харэаграфічнага каледжа Клаўдзія Лукашэвіч, мая жонка Наташа. Прыйшоў падтрымаць мяне і сын Максім са сваёй сям’ёй.
— Колькі склала прэмія?
— Шчыра кажучы, не ведаю. Нам выдалі толькі дыплом аб прысуджэнні прэміі, а там сума не ўказана... Усіх чамусьці цікавіць гэта пытанне. А для мяне яно зусім не галоўнае. Тым не менш прэмія пойдзе на мае творчыя і бытавыя патрэбы. Можа, куплю нарэшце добры камп’ютэр.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter