“...Я назву сціпленькую Шклова на карце вобмацкам знайду”
29.08.2007 01:00:00
Далёка тыя часiны, калi пачалася гiсторыя невялiкага гарадка, якi сёлета прызначаны быць цэнтрам правядзення чатырнаццатага па лiку нацыянальнага свята — Дня беларускага пiсьменства. Шмат з тае пары, — у гiстарычных сведчаннях Шклоў упершыню ўпамiнаецца ў данясеннi польскага каралеўскага амбасадара Сiгiзмунда Герберштэйна ў 1526 годзе, калi ён пабываў тут па шляху да Масковii, — перацякло вады ў Дняпры. Шмат чаго адбылося i ў гiсторыi. Войны i захопы. Пераходы з уладанняў адных пад уладу другiх. Калi ж здаралiся гады ваеннага за-цiшша, наставаў росквiт. Нездарма ж на гiстарычным гербе горада — бязмен як сведчанне высокаразвiтога гандлю i мiрных намераў шклаў-цоў. Двойчы на год: увесну i летам, — тут па тры тыднi гудзелi, кiшэлi, гаманiлi на розных мовах кiрмашы, гандлёвы абарот якiх даходзiў да 50 мiльёнаў тагачасных рублёў. Велiзарная сума! I тады па эканамiчным развiццi горад лiчыўся сёмым у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, саступаў толькi Вiльнi, Магiлеву, Брэсту, Менску, Полацку...
Як па рацэ, так i па Пецярбургскаму тракту, што пралягаў у якiм дзесятку вёрстаў, дастаўлялiся сюды разынкi, вiнаград, лiмоны i iншая паўднёвых шырот садавiна. Адсюль жа купцы ўвозiлi разнастайныя выдатныя рамесныя вырабы.
Шмат уладароў валодала i кiравала Шкловам — ад славутага гетмана Хадкевiча да царскага мiнiстра шляхоў зносiн графа Апалона Крывашэiна. Бачыла тутэйшая зямля iмператара Пятра I i iмператрыцу Кацярыну II, пакутавала ад шведскiх i французскiх захопнiкаў.
Адмецiны ў мясцовай гiсторыi тут пакiнулi iмператрыцыны фаварыты: найсвятлейшы князь Грыгорый Пацёмкiн i граф Сямён Зорыч, славутыя Гаўрыiл Дзяржавiн i Дзянiс Давыдаў. Вяльможы — у рангу ўладальнiкаў маёнтка. Паэт iнспектаваў “па найвялiкшаму ўказанню” графа Зорыча, на якога паступiў данос аб казнакрадстве i падробе грошай. А зухаваты гусар са сваiм атрадам вызваляў гэтыя мясцiны ў Айчынную вайну 1812 года.
З глыбiнь народнае душы
Але не вяльможы ды саноўнiкi зрабiлi славу гораду. Многiя з iх заслужылi цяперашняга ўспамiну толькi таму, што падтрымлiвалi таленты, дапамагаючы iм развiцца. Хаця рабiлi гэта ў карыслiвых мэтах — каб праславiць сябе цi дагадзiць царскiм асобам. Тыя ж, хто прабiваўся сам, мелi нядоўгi век.
Цяпер вырабы таленавiтых шклоўскiх майстроў аднеслi б да прыкладнога мастацтва. Яшчэ ў сярэдзiне ХVІІ ст. у Маскве сталi вядомымi вырабляльнiкi дэкаратыўнай керамiкi Iгнат Максiмаў з Копысi i шклавец Васiль Мiкулаеў. У 80-я ж гады тут працавалi ўжо 32 рамеснiкi са Шклова: ганчары, краўцы, збройнiкi...
Непераўзыйдзеным майстрам лiчыўся рэзчык па дрэву Клiм Мiхайлаў. Пасля таго як ён зрабiў некалькi iканастасаў у цэрквах, прыгоннага мастака заўважыў расейскi партыярх Нiкан i забраў для таго, каб Мiхайлаў разьбой упрыгожыў Васкрасенскi сабор Нова-Iерусалiмскага манастыра на Iстры. Потым працаваў у Суздалi, Каломне, узначальваў Палату разбярскiх і сталярных спраў Маскоўскага Крамля. Галоўная ж мастацкая заслуга шклоўскага разбяра — створаныя пад яго кiраўнiцтвам групай беларусаў iканастасы трох цэркваў у Iзмайлаве, клiрас i пяцiярусны iканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве.
Беларускiм Паганiнi называлi ў Еўропе ў самым пачатку ХІХ ст. i шклоўскага музыку Восiпа Гузiкава. Пражыў ен няшмат — усяго 31 год. Але мастацтвам самавучкi захаплялiся вядомы польскi скрыпач i дырыжор К.Лiпiнскi, выдатны нямецкi пiянiст i кампазiтар Ф.Мендэльсон, якi казаў: “Гэта сапраўдны феномен, выключны музыка, якi стаiць не нiжэй любога вялiкага вiртуоза як па манеры выканання, так i па свайму сталаму майстэрству”. I гэта пры тым, што Восiп Гузiкаў граў не на вядомых усiм iнструментах, а на вынайшаным iм самiм... ксiлафоне. Расiя, Польшча, Германiя, Аўстрыя, Францыя, Галандыя авацыямi сутракалi кожнае выступленне самабытнага майстра-самавучкi. А ён быў так адданы музыцы, што i памёр у час канцэрта.
Ужо ў савецкiя часiны панаваў думкамi шматмiльённай армii кiнагледачоў сцiплы хлопец з невялiчкай шклоўскай вёскi Крывель Петр Алейнiкаў. Нягледзячы на неймаверную папулярнасць пасля здымкаў у фiльмах “Сямёра смелых”, “Камсамольск”, “Трактарысты”, “Вялiкае жыцце” i iншых, ён так i не атрымаў гучных афiцыйных тытулаў. Але быў сапраўды народным артыстам. I нават зараз кожны турыстычны маршрут не мiнае родную вёсачку Пятра Мартынавiча, у якой працуе яго музей.
А ў нашы днi, бадай, не знойдзецца беларуса, якi б не ведаў народнага артыста рэспублiкi кiраўнiка папулярнага ансамбля “Верасы” Васiля Раiнчыка, вядомых нацыянальных паэтаў Яўгена Крупеньку, Анатоля Сербантовiча, празаiка Уладзiмiра Шыцiка. Таленты шклаўчан не губляюцца ў гiстарычнай плынi.
Зорка Зорыча
Гiсторыкi разыходзяцца ў ацэнцы асобы вядомага персанажу “залатога стагоддзя” нечаканага i хутка “спечанага” графа Сямёна Зорыча. Адны лiчаць яго заўзятым куцiлам, лавеласам ды мотам. Iншыя — асветнiкам i мецэнатам, прыхiльнiкам мастацтваў. I дзейнасць графа на Шклоўшчыне дае падставы меркаваць менавiта так. Не падзялiўшы фавор з Пацёмкiным, хоць i абласканы iмператрыцай, Зорыч вымушаны быў пасялiцца ў падараваным яму Шклоўскiм маёнтку. У першы ж год жыцця тут граф пачынае ствараць вучылiшча для збяднелых беларускiх, польскiх i расейскiх дваранскiх дзяцей, якое пасля яго смерцi ў хуткiм часе было пераведзена ў Маскву, дзе на яго базе з’явiўся Маскоўскi кадэцкi корпус. Пры вучылiшчы iснавала багатая бiблiятэка, карцiнная галерэя з палотнаў вядомых замежных майстроў пэндзля. Сярод выкладчыкаў працавала палова выхадцаў з Беларусi. I такiм чынам 472 кадэты, якiх за час iснавання выпусцiла вучылiшча, атрымалi адукацыю, не горшую за тую, якую даваў Пецярбургскi кадэцкi корпус — элiтная па тым часе навучальная ўстанова.
Графу належыць i iнiцыятыва стварэння першага на Беларусi тэатра. Ён быў шматпрофiльным. Тут выступалi спевакi, танцоры, драматычныя акцёры, музыканты, артысты балета. Апошнiя вызначалiся асаблiвым майстэрствам. I трэба зазначыць, што большасць з iх — гэта прыгонныя дзяўчаты, якiя прайшлi балетную школу вядомых еўрапейскiх харэографаў i балетмайстраў. Пастаноўкi ў тэатры Зорыча ажыццяўлялi iтальянцы Баранцiнi, Марыядзiнi, Хорват. Як сведчыў тэатральны крытык С.Тучкоў, “Нiводзiн вядомы музыкант не мог прыехаць з Еўропы ў расійскiя сталiцы, каб не даць некалькi канцэртаў у Зорыча. Ён плацiў iм так шчодра i так добра да iх ставiўся, што многiя жылi ў яго па некалькi месяцаў i ў знак удзячнасцi давалi парады ўласным яго музыкантам”.
Таксама па сведчаннях сучаснiкаў, майстэрствам шклоў-скiя танцоўшчыкi не ўступалi ста-лiчным. Адсюль выйшла некалькi першых артыстычных беларускiх дынастый. У прыватнасці — Азарэвiчавы. Заснавальнiца яе — Пелагея — на сцэне была вядома пад прозвiшчам Жывакiна. Вядомымi танцоўшчыцамi потым сталi яе пляменнiца Кацярына з дочкамi Надзеяй i Марыяй. Як i Кiрыла Скарабагатаў, Яфiм Чуцiкаў i iншыя, яны потым блiскуча выступалi на сцэне Марыiнскага тэатра, куды былi адабраны пасля смерцi мецэната. А рэпертуар шклоўскiх артыстаў быў такi разнастайны i багаты, што прадстаўленне магло доўжыцца трое сутак без перапынку.
Масток праз стагоддзi
У свята беларускага пiсьменства ў Шклове адкрыецца помнiк Сямёну Гаўрылавiчу Зорычу. Ва ўвесь рост на пастаменце паўстане фiгура мецэната. А вакол пастамента на стэлах адлюструецца ўся яго дабрачынная дзейнасць. I гэта будзе не адзiны масток, перакiнуты праз стагоддзi ўдзячнымi нашчадкамi. У беларускiм свяце прымуць удзел артысты цяперашняга Марыiнскага тэатра, якiх у вобразах тагачасных прыгонных танцоўшчыкаў можна будзе бачыць у пастаноўках ля гарадской ратушы. Тут жа жадаючыя змогуць пацiснуць руку самому графу Зорычу, iмператрыцы Кацярыне II, iншым гiстарычным персанажам. I гэта не данiна святочнаму сцэнарыю, а сведчанне таго, што шклаўцы свята захоўваюць культурную, архiтэктурную i гiстарычную спадчыну, якая праз вякi засталася не разбуранай.
Самым масавым месцам адпачынку гараджан па-ранейшаму застаецца дарэвалюцыйны парк, стварэннем якога кiраваў ураджэнец тутэйшых месцаў, селянiн з вёскi Уланава С.Малi-ноўскi. Як i больш стагоддзя назад, працуе папяровая фабрыка “Спартак”. Нават папераробчыя машыны, выпушчаныя яшчэ ў пачатку ХІХ ст., працягваюць служыць вытворчасцi. З вялiкiмi i доўгiмi намаганнямi ўдалося аднавiць гарадскую ратушу — арыгiнальны i вельмi прывабны помнiк архiтэктуры. Зараз у ёй размяшчаецца гiмназiя.
Працуюць у Шклове Спаса-Праабражэнская царква, падмурак якой у канцы ХVІІІ ст. закладваў яшчэ Зорыч. Прымае багамольцаў адноўлены каталiцкi касцёл Пятра i Паўла. Прыведзены ў парадак помнiкi i памятныя мясцiны савецкай эпохi.
I ўсё ж, калi ў старшынi Шклоўскага райвыканкама Валерыя Iванова запыталiся, што, на яго погляд, стане iзюмiнкай свята, нечакана пачулi ў адказ: “Горад!”. I толькi тады, калi прайшлiся па яго вулiцах, зразумелi, што меў на ўвазе кiраўнiк раёна. З “Дажынак”, што адбылiся сем год таму, фарбы не надта пабляклi, але гараджане iх аднавiлi так, што зараз яны цвiтуць усiмi колерамi вясёлкi.
У падрыхтоўцы горада ўдзель-нiчалi лiтаральна ўсе шклаўцы. Прадпрыемствы i ўстановы абнавiлi фасады сваiх будынкаў, прыбралi тэрыторыi, разбiлi кветнiкi i газоны. Будаўнiкi ды камунальнiкi падрамантавалi дарогi, праклалi новыя тратуары. Нават жыхары прыватнага сектара забудовы праявiлi iнiцыятыву — навялi “марафет” на сваiх дворышчах, падправiлi агароджы, пафарбавалi дамы. Шклоў, нiбы моднiца, што прыдзiрлiва сочыць за сваёй знешнасцю, збiраецца на баль. А таму наводзiць касметыку, прымярае святочнае адзенне.
Гасцей чакаецца шмат. I хоць гараджанам не ўпершыню прымаць самыя шырокiя форумы, губляць марку яны не жадаюць i на самацёк нiчога не пускаюць. Рыхтуюцца самыя шырокiя i багатыя гандлёвыя рады, дзе пакажуць i прададуць прадукцыю не толькi ўсе выдавецтвы Беларусi, але i iх калегi з блiзкага замежжа. Як некалi ў далёкiя часы, шматгалоссем будзе шумець кiрмаш, будуць зазываць набыць iх вырабы рамеснiкi ды народныя майстры: вышывальшчыцы, саломапляцельшчыцы, ганчары, бондары, рэзчыкi па дрэву.
Знойдзецца на iм i чарка, i шкварка. Не ўтрымаюцца ад таго, каб не пайсцi ў скокi пад мелодыi народных музыкаў многiя ўдзельнiкi свята. I нiчога дзiўнага ў гэтым няма — на тое яно i свята.
— Акрамя народнай мастацкай творчасцi, — распавядае намеснiк старшынi райвыканкама Мiкалай Чапялiнскi, — на Днi беларускага пiсьменства будзе гучаць музыка ў выкананнi лепшых беларускiх артыстаў эстрады, выканаўцаў на народных iнструментах i народных мелодый.
Умеюць на Шклоўшчыне працаваць, што даказвае i сёлетнi сельскагаспадарчы год. Умеюць i адпачываць, i весялiцца. Так што той, хто завiтае на свята, не пашкадуе.