«Я люблю цябе, «Алеся»

Часопiс, якiм некалi зачытвалiся жанчыны СССР, сёння адзначае юбiлей

Часопiс, якiм некалi зачытвалiся жанчыны СССР, сёння адзначае юбiлей

Любоў да гэтага выдання перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо на працягу 85 гадоў... Ён i зараз адзiны ў Беларусi дзяржаўны часопiс для жанчын i пра жанчын. А факт, што ў 80-я гады яго тыраж перавышаў мiльён, безумоўна, уражвае... Пра феномен «Алесi» – колiшняй «Работнiцы i сялянкi» — мы вядзём гутарку з яе галоўным рэдактарам Тамарай БУНТО.

— У 70–80-я гады даступных часопiсаў для жанчын было намнога менш, чым сёння, — заўважае Тамара Пятроўна. — У вiтрынах кiёскаў побач са стосамi маскоўскiх «Работницы» i «Крестьянки» можна было ўбачыць толькi некалькi падобных поль-
скiх i балгарскiх выданняў. Так што канкурыраваць колiшняй «Работнiцы i сялянцы» было намнога прасцей. Больш таго, яна карысталася вялiкiм поспехам у жанчын краiны. Асаблiва запатрабаваным быў аркуш-укладыш кожнага нумара, дзе змяшчалiся выкрайкi, узоры для вышыўкi, мадэлi па вязаннi, парады хатнiм гаспадыням i маладым мамам, кулiнарныя рэцэпты...

— Раскажыце, як адрэагаваў ваш часопiс на новыя веяннi: гендэрную роўнасць, жаночае лiдэрства, узвышэнне сацыяльнай ролi жанчыны?

— Ну вядома ж, новымi рубрыкамi! Сярод iх дагэтуль застаюцца асаблiва папулярнымi «Асоба», «Мамiна школа», «Стыль жыцця», «Кар’ера на шпiльках»...

Нi для каго не сакрэт, што ў апошнi час патрабаваннi да сучаснай жанчыны адчувальна выраслi. Зараз ёй мала быць толькi добрай мацi i клапатлiвай жонкай, неабходна стаць паспяховай i ў прафесii – абавязкова паспяховай настаўнiцай, тэлевядучай, зоркай эстрады...

Пераважная большасць нашых пастаянных падпiсчыкаў – тыя ж самыя простыя работнiцы i сялянкi (як паказвае праведзенае рэдакцыяй апытанне) вельмi любяць чытаць менавiта пра такiх — нармальных, iнтэлiгентных, усебакова рэалiзаваных у соцыуме... Таму, працуючы над часопiсам, мы не арыентуемся на нейкую абстрактную элiтную iстоту з рэкламы эксклюзiўнай касметыкi i бiжутэрыi.

Да мяне нярэдка прыходзяць i прыязджаюць «пагаварыць па душах» зусiм незнаёмыя жанчыны. Яны прызнаюцца: да ўрача iсцi сорамна, добрага псiхолага знайсцi складана, а «Алеся», як найлепшая сяброўка, заўсёды выслухае, адорыць надзеяй, зразумее, падкажа, дапаможа...

— I гэта пры тым, што ў рубрыцы «Ваш псiхолаг» у часопiсе пастаянна змяшчаюцца адказы на пiсьмы i з’яўляюцца слушныя парады высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў?

— Вiдаць, не пра ўсё, што хвалюе, можна напiсаць. Спытаць прасцей. Як члену прэзiдыума грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз жанчын», мне часта даводзiцца ўдзельнiчаць не толькi ў афiцыйных мерапрыемствах. I я добра ведаю пра балючыя кропкi эмансiпацыi. Так што хваляванне, цi не згубiць беларуская жанчына такiя свае спрадвечныя якасцi, як дабрыня, абаяльнасць, пяшчота i клапатлiвасць, небеспадстаўнае.

— З выхаду ў свет першага нумара часопiса для беларускiх жанчын мiнула 85 гадоў. Зразумела, час зараз iншы. I ўсё ж, разважаючы пра пераемнасць, якую галоўную думку з далёкага 1924 года вы, Тамара Пятроўна, як рэдактар найчасцей узгадваеце ў якасцi творчага запавету?

— Ведаеце, на першай старонцы самага першага нумара «Беларускай работнiцы i сялянкi» значылася: «Мэта часопiса – будзiць свядомасць працоўных жаночых мас...» Крыху перайначыўшы лексiку той эпохi, падобнае можна сказаць i сёння пра задачу нашай цяперашняй «Алесi» – прыгожага каляровага часопiса на ўсе густы i ўзросты. За гады свайго iснавання выданне не раз мяняла назву, але не зменьвала i не здраджвала сваёй сутнасцi. Яго гераiнямi i чытачкамi пераважна былi, ёсць i будуць цудоўныя беларускiя жанчыны-працаўнiцы.

На здымку: галоўны рэдактар часопiса «Алеся» Тамара БУНТО.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter