«І вяртанне да вытокаў, і прыхільнасць да традыцыі»

Чым Беларусь можа прыцягнуць у краіну турыста? Ці развіваецца ў краіне дзяржаўна-грамадскае партнёрства ў сферы культуры? На гэтыя і іншыя пытанні напярэдадні свята эксклюзіўна для «БН» адказаў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш СТРУЖЭЦКІ.

ЧЫМ здзівіць сёлетні фэст у Ляскавічах?

Чым Беларусь можа прыцягнуць у краіну турыста? Ці развіваецца ў краіне дзяржаўна-грамадскае партнёрства ў сферы культуры? На гэтыя і іншыя пытанні напярэдадні свята эксклюзіўна для «БН» адказаў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш СТРУЖЭЦКІ.

— Тадэуш Іванавіч, у Беларусі ёсць брэндавыя фестывалі, якія грунтуюцца на народнай культуры: «Берагіня» ў Акцябрскім, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Пастаўскім раёнах, «Аўцюкі» ў вёсках Калінкавіцкага раёна… Ці стаў такім жа ўнікальным «Зов Полесья» ў Ляскавічах?

— «Зов Полесья» можа стаць такім брэндавым фестывалем. Цікавая яго ідэя, адметная своеасаблівая культура Палесся, багаты на турыстычныя і прыродныя аб’екты рэгіён. Тут маю на ўвазе Нацыянальны парк «Прыпяцкі», які прываблівае і шматлікіх замежных турыстаў. Менавіта аб гэтым і ішла гаворка, калі два гады таму мы ўпершыню абмяркоўвалі ідэю і канцэпцыю фэсту.

Фестываль у Ляскавічах —  насамрэч арыгінальны. Ідэя закладзена ў самой назве — «Зов Полесья». Дарэчы, мы доўга думалі, як назваць фестываль. У слове «зов», покліч па-беларуску, закладзены глыбокі сэнс. Тут — і вяртанне да вытокаў, і прыхільнасць да традыцыі, і запрашэнне да ўсіх, хто мае што сказаць аб унікальным беларускім куточку, і да таго, каму варта паглядзець на яго. «Зов Полесья» — гэта фестываль з вялікім патэнцыялам у развіцці культурнай, эканамічнай, турыстычнай сферах, гэта прэзентацыя стану захаванасці традыцыйнай культуры Беларусі сёння.

— Наша краіна, дарэчы, тым і адметна, што здолела захаваць гэты здабытак — народную культуру…

— Скажу больш: лепшыя ўзоры традыцыйнай культуры Беларусі адноўлены, захаваны і занатаваны! Калі гаварыць аб народных промыслах і рамёствах — а сёння гэта больш за 40 відаў, — то яны шырока папулярызуюцца сярод насельніцтва. Для гэтага ў большасці раёнаў створаны дамы рамёстваў, працуюць творчыя лабараторыі, школы, студыі, класы, у якіх майстры — носьбіты — перадаюць свой вопыт вучням. Гэтаксама і ў галіне аматарскай творчасці. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ёсць шмат творчых калектываў, рэпертуар якіх грунтуецца на мясцовым матэрыяле, традыцыях, выкарыстоўваюцца рэгіянальныя сцэнічныя касцюмы, музычныя інструменты. Гэта і ёсць адметнасць, непаўторнасць.

Захаванне традыцыйнай культуры — клопат дзяржавы. Па-першае, гэта фінансаванне спецыялізаваных устаноў культуры, па-другое, падтрымка творчых калектываў, рэалізацыя мясцовых рэгіянальных праграм. Як прыклад дзяржаўнай зацікаўленасці можна назваць распрацоўку дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» — на базе лепшага вопыту адроджаных промыслаў і рамёстваў. Спадзяёмся, гэта дзяржаўная праграма будзе прынята ўжо ў 2012 годзе.

— Значыць, замежніка, таго ж еўрапейца, фэст у Ляскавічах павінен прывабіць традыцыйнай культурай?

— Так, безумоўна. Гэтым мы, беларусы, якраз цікавыя. Палессе — асаблівы рэгіён на традыцыі. На фэсты, кшталту такога, іншаземцы прыязджаюць, каб пазнаёміцца, запісаць, сфатаграфаваць унікальнае. Мяркуем, што вось гэты фестываль будзе вельмі цікавым прыкладам арганізацыі фестывальнага турызму. Такі, дарэчы, у замежжы шырока распаўсюджаны. У нас таксама маюцца добрыя прыклады — «Славянскі базар» у Віцебску, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Берагіня» ў Акцябрскім, «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёнах.

Думаю, што для турыстаў на Палессі, у прыватнасці на Петрыкаўшчыне, ёсць вельмі цікавыя маршруты, адметныя помнікі гісторыі і культуры, прыроды. У час аднадзённага ці двухдзённага тура турысты змогуць пазнаёміцца з вельмі цікавымі ўзорамі народнага мастацтва гэтага рэгіёна, прыгожымі краявідамі.

— «Зов Полесья» — фестываль адкрыты. Значыць, творчыя дэлегацыі завітаюць і з краін-суседак?

— Гэта таксама ўкладзена ў ідэю фестывалю: не толькі запрасіць дэлегацыі і творчыя калектывы з памежных краін, якія прылягаюць да Палесся — Польшчы, Украіны, Расіі, але і каб яны шырока прэзентавалі культуру гэтага рэгіёна. Зразумела, шырока на фестывалі будуць прадстаўлены ўдзельнікі ад Гомельскай і Брэсцкай абласцей — творчыя калектывы, выканаўцы, народныя майстры і рамеснікі.

Што тычыцца зместу другога фестывалю, то нейкія мерапрыемствы будуць паўтарацца (у параўнанні з першым «Зовом Полесья». — Аўт.), але насычацца новым. Напрыклад, два гады таму ў Ляскавічах былі прадстаўлены рэгіянальныя падворкі са сваёй кухняй, творчымі калектывамі. На гэтым фестывалі прадставяць тэматычныя падворкі «Палеская слабада». На кожнай пляцоўцы асноўныя віды рамёстваў палешукоў будуць прэзентаваць майстры з розных раёнаў. Асобна «выстаўляюцца» пчаляры, ганчары, бандары і гэтак далей. Творчыя калектывы будуць прадстаўлены таксама па накірунках. Гэта каля двух дзясяткаў аматарскіх калектываў з васьмі раёнаў Гомельскай і з трох — Брэсцкай абласцей.

У час фестывалю будзе працаваць экспертная камісія, у якую ўключаны вядучыя навукоўцы, практыкі, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі. Яны вызначаць найбольш цікавыя, адметныя для Палесся, творчыя калектывы і падворкі, адзначаць іх спецыяльнымі ўзнагародамі аргкамітэта за падтрымку і папулярызацыю традыцыйнай мастацкай культуры палескага рэгіёна.

— Дарэчы, фінансаванне фэсту «Зов Полесья» — цалкам дзяржаўныя выдаткі?

— Дзяржаўныя сродкі ў правядзенне фестывалю ўкладваюцца і прама, і ўскосна. Непасрэднае фінансаванне мерапрыемстваў, якія пройдуць у Ляскавічах, — гэта выдаткі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства культуры, Петрыкаўскага райвыканкама, Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Дадаткова мясцовыя ўлады раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей аплочваюць выдаткі па накіраванні творчых дэлегацый. Вельмі важна, што ў гэты фестываль укладваюцца спонсарскія сродкі. У першым фэсце, напрыклад, асноўную долю выдаткаў узяў на сябе Мазырскі НПЗ. У гэтым годзе значную фінансавую дапамогу акажуць банкі Беларусі. Думаю, што ў перспектыве і прыватныя бізнесмены падтрымаюць фестываль. Праект можа быць цікавы для гаспадароў аграэкасядзіб і турыстычных фірмаў, якія арганізуюць спецтуры на Палессе.

— Тадэуш Іванавіч, што вы асабіста для сябе хочаце адкрыць на фестывалі этнакультурных традыцый «Зов Полесья»? Што пажадаеце ўдзельнікам свята?

— Лічу абавязковым прыняць удзел ва ўсіх асноўных мерапрыемствах. Планую ўважліва азнаёміцца з кожным падворкам. Два гады таму мяне ўразілі рэгіянальныя падворкі, расцягнутыя ўздоўж канала амаль на два кіламетры: на кожным — стравы рэгіянальных кухняў, творы выяўленчага мастацтва, багатая разнастайнасць караваяў, ручнікоў, ткацтва. Здзівяць, думаю, і народныя майстры, і рамеснікі. Абавязкова наведаю Музей прыроды.

Хацелася б, каб другі фестываль стаў традыцыйным і праводзіўся, напрыклад, адзін раз у два гады. Каб пра «Зов Полесья» добра ведалі і ў Беларусі, і за яе межамі, каб ехалі на фэст спецыяльна. Сёння мы маем магчымасць захапляцца жывой народнай спадчынай. Плёну табе, «Зов Полесья».

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter