“Водавароты” рачнога праменаду. Забыты водны маршрут паміж Мазыром і Туравам, які знік у 90-я гады ў сувязі са стратнасцю, было вырашана аднавіць у рамках праграмы па адраджэнню Палескага рэгіёна.

Здавалася б, ракета, якая пайшла ў вымушаны адпачынак, нарэшце дачакалася свайго зорнага часу і вось-вось расправіць крылы. Аднак яе падпільноўваюць моцныя “водавароты”.

Здавалася б, ракета, якая пайшла ў вымушаны адпачынак, нарэшце дачакалася свайго зорнага часу і вось-вось расправіць крылы. Аднак яе падпільноўваюць моцныя “водавароты”.

Між двух палескіх гарадоў адлегласць па рацэ складае каля 180 кіламетраў. У сярэднім на цеплаходзе яго можна пераадолець за 3—4 гадзіны. Калі ж шлях разнастаіць наведваннем аграсядзіб, культурна-гістарычных і маляўнічых мясцін, адпачынкам на берагах Прыпяці, дык воднае падарожжа можа заняць увесь светлавы дзень. Вось толькі жадаючыя пракаціцца з ветрыкам у чарзе не стаяць.
— Раней ракеты хадзілі ў нас да Пінска і Турава, — прыгадвае намеснік дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства водных шляхоў “Ніжня-Прыпяцкае” Міхаіл Казак. — Раз у дзень ішла ракета да Кіева, рака ж упадае ў Кіеўскае вадасховішча. Уявіце: хуткасная ракета на падводных крылах. Яна была большай па памеры, умяшчальнасць — 45 чалавек. Турыстычных маршрутаў тады не было, толькі пасажырскія. Памятаю, яны карысталіся вялікай папулярнасцю. Я вырас на Прыпяці, таму да вады ў мяне асаблівыя адносіны. Ды і самі мяркуйце: летам пыльна, асфальту тады не было, таму людзі гатовы былі пераплаціць пару капеек, каб пракаціцца з ветрыкам.
Праз дваццаць гадоў парай капеек не абыдзешся: “даляцець” да Турава каштуе 45 тысяч беларускіх рублёў. Столькі ж назад. Нятанна абыдзецца такая вясёлая паездка сям’і з трох чалавек, што адважылася палюбавацца на прыпяцкія разлівы. Ды што і казаць: нават аднаму заплаціць 90 тысяч за некалькі гадзін рачнога драйву неяк рука не падымаецца.
— Некалькі тыдняў таму быў першы рэйс, — расказвае Міхаіл Андрэевіч. — Мы правялі маштабную рэкламную кампанію, паказалі сюжэт па цэнтральных каналах. Але сёння ракета пайшла пустая. Вывад: пакуль што гэта задума стратная. Толькі для таго, каб выйсці ў ноль, нам трэба загрузіць ракету на 80 працэнтаў. Лепш справы з цеплаходам. За майскія святы мы перавезлі больш як 2 тысячы чалавек. Білет на цеплаход таннейшы. Пяць тысяч за дваццаць мінут.
Зразумець мясцовых жыхароў і турыстаў проста. Дабрацца да Турава можна на аўтобусе, маршрутным таксі або проста на аўтамабілі. Абыдзецца гэта танней у паўтара раза. Узнікае пытанне: адкуль такія цэны ў горадзе нафтавікоў?
— Толькі не трэба думаць, што мы тут загнулі цэны і нажываемся на кліентах, — папярэджвае Міхаіл Андрэевіч. — Затраты вельмі вялікія. У ракеты магутны рухавік, зразумела, старой мадэлі. Караблю ўжо 25 гадоў! Кошт білета — гэта практычна сабекошт. Калісьці ракету “Палессе” зрабілі на Гомельскім суднабудаўнічым заводзе. Такіх прадпрыемстваў у нашай краіне амаль што не засталося, хоць раней было чатыры. Порт і хацеў бы набыць новы лайнер, вось толькі сродкаў на гэта няма. Хоць эканомія была б відавочная. Сучасныя мадэлі спажываюць намнога менш паліва, не наносяць такой шкоды навакольнаму асяроддзю і аснашчаны ўсім неабходным. Ёсць рэстаран, утульныя каюты і ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку на працягу некалькіх дзён.
І адпачынак такі добра сумяшчаецца з турызмам. Бо паглядзець тут ёсць на што. Па-першае, унікальная палеская прырода, маляўнічыя разлівы, рэдкія віды раслін, жывёлы і птушкі, якія, не баючыся людзей, выходзяць на бераг. Па-другое, помнікі архітэктуры, гісторыі, сядзібы і сады. Ракета праязджае праз Петрыкаў, Лясковічы (цэнтр Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”), Тураў і вёску Касцюковічы. Тут размешчана аграсядзіба “Панскі сад”. Уладальнікі комплексу за свой кошт адрэстаўрыравалі царкву, пасадзілі яблыневы сад, які быў выкарчаваны яшчэ пры Саветах, і адбудавалі магнацкія пабудовы па старажытных чарцяжах. Стравы, якія пададуць вам у сапраўднай вясковай хаце, прыгатаваны па старажытных рэцэптах і з натуральных прадуктаў вытворчасці ўласнага саўгаса. Сумаваць нікому не давядзецца: у мароз — катанне на санках, летам — паляванне і рыбалка. Ды і цана прымальная — 70 тысяч за суткі пражывання. Спакусліва, ці не праўда?
Толькі на экскурсіях... зарабляць не спяшаюцца, а прадастаўляюць ракету і цеплаход у арэнду. Наняць гіда ў Мазыры вельмі проста. Індывідуальныя заказы паступаюць, хоць і не вельмі часта. У асноўным ад прыватных кампаній, банкаў, маладых і юбіляраў. Наведваюцца і іншаземцы. Сэрвісам задаволены.
— Зразумела, мы спа-дзяёмся на лепшае, — уздыхае Міхаіл Казак. — Аблвыканкам вызваўся часткова аплачваць страты па пасажырскіх перавозках. У хуткім часе, мяркую, не толькі рамантычныя асобы будуць карыстацца нашымі паслугамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter